Гісторыю трэба вывучаць уважліва, асабліва ў наш трывожны час, каб ведаць, і больш дакладна аналізаваць карані сёньняшняй трагедыі. Для ўсіх абазнаных і адэкватна думаючых людзей зразумела, што да вайны ва Украіне прывяла самая важная прычына – поўны захоп улады структурамі КДБ у вялізнай краіне з атамнай зброяй. Гэтая сумна вядомая арганізацыя, створаная пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў у Расеі, зьнішчыла мільёны людзей, раскашавалася не толькі ў былым СССР , але і па цэлым сьвеце. Амбітныя пляны КГБ сягалі да сусьветнага панаваньня, а не толькі ў Расеі.
У артыкуле “Цень Лубянкі” на сайце Расейскай рэдакцыі Радыё Свабода 14 жніўня 2023 вядомы украінскі журналіст Віталь Портнікаў аналізуе карані сёньняшніх падзеяў. Аўтар лічыць, што менавіта распад СССР і ліквідацыя КПСС адкрылі кэдэбістам дарогу да абсалютнай улады. Безумоўна, у гэтым ёсьць рацыя. Так, сам гэты працэсс поўнага захопу ўлады завяршыўся ў той пераломны час, але да гэтага прывялі і некаторыя іншыя падзеі, якія напачатку не выглядалі такімі значнымі.
Адным з папярэдніх этапаў шляху КДБ да ўлады сталіся адметныя факты з культурнага жыцьця ў Савецкім саюзе. 50 гадоў таму, 11 жніўня 1973 году, на цэнтральным савецкімі тэлебачаньні была паказаная першая серыя 12-серыйнага мастацкага фільму “Семнаццаць імгненьняў вясны”. Потым кожны вечар амаль усё насельніцтва Савецкага Саюза з захапленьнем сачыла за подзьвігамі савецкага разведчыка Максіма Ісаева, які пад імем высокапастаўленага афіцэра СД Отто фон Шцірліца працаваў у самым логаве гітлераўскай Нямеччыны.
Фільм быў па-мастацку добра зробленым таленавітымі творцамі – пісьменьнікам Юльянам Сямёнавым і рэжысёркаю Тацьцянаю Ліёзнавай, была падабраная цэлая плеяда лепшых савецкіх артыстаў. Сямёнаў і Ліёзнава атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Фільм стаў культавым і доўга трымаўся на экранах. Песьні з фільму выконваліся на канцэртах у гонар Дня перамогі ці іншых савецкіх сьвятаў. Некалькі пакаленьняў савецкіх людзей вырасталі пад уплывам гэтага фільму.
Аднак, ніхто з іх не ведаў, што гэта была, без перабольшваньня кажучы, бліскучая аперацыя самога КГБ, якая дала большыя вынікі, чым нават чакалася самім чэкістамі. Вобраз чэкіста стаў максымальна гераізаваным. І гэта пасьля развянчаньня культу асобы Сталіна, пасьля асуджэньня рэпрэсій сталінскіх часоў, пасьля арышту Бэрыі, калі рэпутацыя савецкіх рэпрэсыўных органаў была моцна падарваная. Такая сытуацыя моцна непакоіла кіраўніцтва КГБ, трэба было нешта рабіць, каб аднавіць давер народу.
У 1967 годзе старшынём КДБ стаў Юры Андропаў. Менавіта ён ініцыяваў гэтую аперацыю. КДБ пільна сачыла за ўсімі праявамі культурнага жыцьця і за ўсімі больш-менш вядомымі творчымі асобамі. Увагу Андопава прыцягнуў малады пісьменьнік Юльян Сямёнаў, які вызначаўся сваім неардынарным творчым мысьленьнем. На гэты час ужо былі папулярнымі фільмы, зьнятыя па ягоных сцэнарыях – “Па тонкім лёдзе”, “Маёр Віхр”, “Пароль не патрэбен”.
Старшыня КДБ запрасіў Сямёнава на як бы прыватную размову, пад час якой дастаў з сэйфу і выклаў перад ім сакрэтныя дакумэнты. Вядома ж, малады пісьменьнік быў уражаны такім даверам да яго і ўважліва выслухаў прапанову напісаць кнігу на падставе гэтых арыгінальных дакумэнтаў пра подзьвіг савецкага разьведчыка, які дапамог пад час вайны кіраўніцтву СССР перапыніць спробы заходніх саюзьнікаў праводзіць сэпаратныя перамовы з Гітлерам.
Юльян Сямёнаў пасьпяхова выканаў сваю місію, напісаў кнігу і сцэнар фільму. Раман “Семнаццаць імгненьняў вясны” быў апублікаваны ў часопісе “Масква”, № 11-12 за 1969 год. А далей распачалася праца над фільмам, якая вялася недзе тры гады. Стваральнікам фільму ўдалося забясьпечыць праўдападобнасьць падзеяў, як бы падцьверджаных сапраўднымі дакумэнтамі.. Трэба згадаць, што ў 1968 годзе ўжо быў паказаны 4- сэрыйны фільм “Шчыт і меч” пра подзьвігі савецкіх разьведчыкаў пад час другой сусьветнай вайны, які таксама быў вельмі папулярным у савецкім грамадзтве. Першая спроба стварыць гераічны вобраз чэкіста была ўдалаю і трэба было не толькі замацаваць посьпех, але і ўзьняць гэтую задуму на больш высокі узровень.
Серыял “Семнаццаць імгненьняў вясны” сапраўды моцна дапамог чэкістам падняць і ўмацаваць веру грамадзянаў у савецкія спецслужбы, а таксама ў тое, што Савецкі Саюз у адзіночку выйграў вайну. Фільм кожны год дэманстраваўся на савецкай тэлевізіі да дня перамогі 9 траўня. Серыял быў перакладзены на многія замежныя мовы і дэманстраваўся ў іншых краінах, найперш, так званага сацыялістычнага лягера. І там, зразумела, аўтарытэт чэкістаў значна падвысіўся.
У 1991 годзе ў Пецярбурзе зьнялі караткаметражны дакумэнтальны фільм пра аднаго мясцовага чыноўніка, які раней працаваў савецкім шпіёнам ў ГДР. У фільм уклеілі канцоўку з серыяла “Семнаццаць імгненьняў вясны”, дзе Шчырліц вяртаецца ў Бэрлін. На фоне кадраў быў паказаны гэты чыноўнік за рулём “Волгі” з мелодыяй на заднім пляне песьні “Дзесьці далёка” кампазітара Тарівердзіева, што сталася папулярнай дзякуючы згаданаму серыялу. Гэтым чыноўнікам быў Уладзімір Пуцін.
У 1999 годзе маскоўская газэта “Коммерсанть” арганізавала сярод чытачоў апытаньне пра тое, каго яны хацелі б бачыць наступным прэзыдэнтам краіны. У выніку – першае месца заняў маршал Жукаў, а другое – Шцірліц. Газэта выпусьціла свой нядзельны дадатак з фота Шцірліца на вокладцы з надпісам “Прэзыдэнт-2000”. На фоне каррупцыі канца 90-х гадоў Пуцін стаяў асабняком і паступова стаў ўспрымацца як фігура тыпу Шцірліца, уратавальніка Расеі.
Сам Юльян Сямёнаў цешыўся з вялікага творчага посьпеху і таксама, магчыма, не падазраваў, што паказаныя яму дакумэнты былі перад тым падтасаваны першым намесьнікам Андропава генералам Сямёнам Цвігуном такім чынам, як гэта было ім патрэбна. Цвігун стаў потым галоўным афіцыйным кансультантам фільму, напачатку пад прыдуманым прозьвішчам, а пазьней і пад сапраўдным. У выніку падтасоўкі факты былі перакручаныя, вырваныя з кантэксту і канцэпцыя твораў Сямёнава не адпавядала ў поўнай меры гістарычнай праўдзе. Вядома, што Сямёнаў у 1980 годзе сустракаўся у Мюнхене з гененралам СС Карлам Вольфам – галоўным негатыўным персанажам ягонай кнігі і фільму. Магчыма, што ён хацеў даведацца, як на самай справе адбываліся апісаныя ім падзеі, бо меў нейкія сумневы. Магчыма нешта і даведаўся, але нікому пра гэта не казаў.
У 1984 годзе Андропаў памёр, а праз год прыйшоў да ўлады Міхаіл Гарбачоў. Пачалася “перабудова” і Юльян Сямёнаў успрыняў яе з вялікім уздымам, у краіне адчыняліся новыя перспектывы. Сямёнаў стаў адным з першых у стварэньні незалежнай камерцыйнай прэсы, заснаваў часопіс “Дэтэктыў і палітыка” , а ў 1989 годзе - газэту “Абсалютна сакрэтна” (Совершенно секретно”). Так у савецкай прэсе зьявіўся новы жанр – “журналісцкае расьсьледаваньне”.
Сямёнаў паверыў у перамены і лічыў, што можа быць свабодным творцам. Ягоны літаратурны вопыт падказваў яму тэмы для творчасьці. Так па аналёгіі з пошукамі “золата нацысцкай партыі” Юльян Сямёнаў і ягоны намесьнік Аляксандр Плешакоў актыўна ўзяліся за “небясьпечную“ тэму – пошукі “золата партыі” – сакрэтных актываў КПСС, якія перад распадам СССР вывозіліся ў замежжа. Калі ў адным з французскіх банкаў імі былі выяўлены падазроныя рахункі, Плешакоў выехаў у Парыж, адкуль не вярнуўся. Ён быў атручаны пад час вячэры ў рэстаране і памёр. Тады Сямёнаў выразна адчуў, на якім “кароткім павадку” яго трымае сыстэма, якая не зьнікла з адыходам Андропава. Так у другі раз ён быў падмануты чэкістамі, калі паверыў у перамены. Ягоныя сябры згадвалі, што бачылі, як ён плакаў на пахаваньні Плешакова. Спачатку стаўся адзін інсульт, потым другі і Юльян Смёнаў таксама памёр 15 верасьня 1993 году ва ўзросьце 61 году, хаця быў фізічна загартаваным і меў да таго моцнае здароўе. Дзеці Сямёнава выказвалі свае здагадкі пра наўмыснае забойства іх бацькі. Падазрона выглядае і той факт, што газэту з яе маёмасьцю пасьля прыхапіў Арцём Баравік, сын вядомага савецкага журналіста Генрыха Баравіка (родам з Менску), які пісаў прапагандыскія рэпартажы з замежжа пра тое, як там цяжка жывецца простым людзям (да прыкладу - “Чалавек з Пятай Авэню”).
На завяршэньне гэтай сумнай гісторыі варта згадаць, што Юльян Сямёнаў не ёсьць адзіным прыкладам таго, як бязьлітасная сістэма нішчыла чалавечыя лёсы. Але, пры гэтым нельга здымаць адказнасьць з тых адметных, часам знакамітых людзей, якія паддаваліся на спакусу супрацоўніцтва са злом, вынікі якога прыносілі шкоду цэламу грамадзтву і ўплывалі на гістарычныя падзеі. Сілаю свайго розуму і таленту яны маглі б адчуваць небясьпеку і негатыўныя наступствы сваіх дзеяньняў. Тым больш гэта мог адчуваць Юльян Сямёнаў, бо першаю ахвяраю кэдэбістаў у ягонай сямьі быў бацька Cямён Ляндрэс. Ляндрэс быў арыштаваны ў 1952 годзе, намесьнік дырэктара выдавецтва замежнай літаратуры быў абвінавачаны ў падтрымцы трацкізму. Ляндрэс быў асуджаны на 8 гадоў турмы. Пад час допытаў ён быў моцна скалечаны і застаўся пасьля вызваленьня амаль спаралізаваным.
Пад час арышту бацькі Юльян быў студэнтам Інстытуту ўсходазнаўства, там яму прапанавалі публічна адмовіцца ад бацькі. Але, ён не пагадзіўся і быў выключаны з інстытута і з камсамола. На ягонай асабовай справе была пастаўленая адзнака “сын ворага народа”. І вось пасьля ўсяго гэтага Юльян Сямёнаў прыняў прапанову старшыні КГБ. І заплаціў за гэты выбар не толькі сам, але і цэлая краіна.
А што да фільму, то гэтая спадчына Андропава і сёньня пасьпяхова выкарыстоўваецца дзеля адурманьваньня расейскага насельніцтва, каб яно падтрымлівала злачынныя дзеяньні Пуціна. У 2009 годзе нават была зробленая каляровая вэрсія серыалу.
Сёлетні юбілей фільму быў шырока адзначаны ў Расеі. На першым тэлеканале дэманстравалася цэлая сьвяточная праграма. Быў паказаны адмыслова зроблены да юбілею дакумэнтальны фільм “Штирлиц навсегда. Рождение легенды». Падвойная назва выклікае такое ж падвойнае ўспрыняцьце. З аднаго боку – сьцьвярджэньне, што ўлада КГБ застаецца назаўсёды. З другога боку – прызнаньне, што гэта была легенда, што ўвесь гэты сымбаль – Шцірліц - толькі прыдуманая казка, якая можа рассыпацца перад сёньняшнімі рэальнымі падзеямі, а за ёю пасыплецца і гэтая злачынная ўлада.
Галіна Севасьцьяновіч
Commentaires