Зянон Пазьняк. ХАЙ ГІМН БЕЛАРУСКІ ДУХОЎНЫ ГУЧЫЦЬ
- pepper
- 13 hours ago
- 2 min read
Праглядзеў прэсавую канфэрэнцыю Сяргея Ціханоўскага, якога рэжым выпусьціў з турмы. Прадэманстравана нагляднае сьведчаньне бесчалавечнасьці лукашысцкага рэжыму. Чалавека на працягу пяці гадоў незаканна, з парушэньнем існуючых турэмных інструкцыяў і правілаў, катавалі і прыніжалі рэальна за непрыняцьце рэжыму Лукашэнкі ў час выбарчай кампаніі. Але закон аб выбарах, свабода слова і Канстытуцыя якраз дазваляюць крытыку ўлады ў час выбараў. Інакш якія выбары!
У 2020 годзе беларус Сяргей Ціханоўскі запомніўся мне як чалавек Масквы на спэцзаданьні ў Беларусі. Ён наглядна ажыцьцяўляў распрацоўкі прарасейскай «апазыцыі» з клічам «Стоп таракан» замест «Жыве Беларусь» і з дэманстрацыяй надзвычай брыдкай зьявы – публічнага нашэньня агромністага бутафорскага тапка-шлёпанца замест Пагоні, якім, маўляў, па звычаях расейскага быту, трэба біць таракана (а «таракан» -- гэта Лукашэнка). Сымвалам пратэсту прапанавалі «шлёпанец». (З гэтага, праўда, потым нічога ня вышла. Вярнуліся і Бел-Чарвона-Белы Сьцяг, і гэрб Пагоня.)
Тым часам я бачыў з выгляду прыстойнага, рашучага, дзелавога хлопца-беларуса (хоць гаварыў па-расейску), крытычна настроенага, без фальшы ў паводзінах, здольнага на адкрытыя кантакты зь людзьмі, які зьбіраў подпісы для ўдзелу ў выбарах і адначасна выступаў... за байкот выбараў. (Гэтага пасадзяць яшчэ да старту, -- думаў я, -- каб не перашкаджаў ні Бабарыку, ні Лукашэнку. Так і сталася.)
У мяне было адчуваньне, што ён, магчыма, не благі хлапец, проста не туды трапіў і ня там прыгадзіўся, як шмат якія беларусы ў прамаскоўскім рэжыме. Тым больш, што «Ціханоўскі» -- гэта прозьвішча з шляхецкага беларускага роду, з шляхты, якая некалі секла масклёў пад Мсьціславам і Смаленскам. Я нават напісаў тады пра гэта ў адным з артыкулаў. (Агентура заўважыла і пад“ялдыківала: «вот он – предателай защищает».)
Вобраз Сяргея Ціханоўскага застаўся ў палітыцы з 2020 года. Гэта прарасейскі чалавек, прыхільнік Пуціна і Масквы, асоба са сьпісу «Міратворац».
На канфэрэнцыі я ўбачыў іншага чалавека. І гэты чалавек, што прайшоў праз пакуты, мне здаўся лепшым, чым той, што крычаў: «Таракан!» Магчыма, пакуты агалілі зьмест. Найперш у яго ёсьць эмпатыя і жаль за іншых. Ён можа плакаць (гэта важна). І што для мяне нечакана – ён верыць у Бога і праваслаўны вернік (калі б толькі не РПЦ).
У сувязі зь верай (калі яна шчырая) я падумаў пра тое, што ня кожнаму можна казаць. Калі Бог паклаў вока на чалавека, Ён дапускае яму пакуты, якія той здольны выцярпець. Пасьля цярпеньня можа стаць адраджэньне сьвядомасьці, аднаўленьне духа, бо чалавек праз пакуты здольны ўбачыць тое, чаго ня бачыў раней. (Але можа і ня быць прасьвятленьня. Тут вольны выбар і магчымасьці асобы.)
Наша дарагая Бацькаўшчына Беларусь цераз здраду і глум пагружана Масквой у паняверку і зьдзек над народам. Крамлёўскія ворагі чалавецтва і адшчапенцы нішчаць нашу вялікую Беларускую мову, культуру і цэлы народ, гэб“ё і мянты палююць на беларусаў, як на зьвяроў, і кідаюць у вязьніцы, у катаваньні, калецтвы, хваробы і сьмерць.
Як бараніцца ўсім перад маскоўскай ардой, калі вораг залез у душу!
Але вядома як. Усё адкрыта.
Хай гімн беларускі духоўны гучыць тут беларускім добрым хлопцам, дзяўчатам і ўсім, хто яшчэ ў турме, і хто выйшаў з засьценкаў жывы! Слава Айчыне!
(З а ў в а г а. Гэта сьпявае царкоўны хор Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку ў час адчыненьня Сабору ў 1957 годзе.)