Нядаўна са сходу палітычных імітатараў у Вільні выйшла чарговая абсурдная думка: а ці не прызнаць ім, -- "дэмакратам" і барацьбітам супраць Лукашэнкі, -- легітымнасьць гэтага самага Лукашэнкі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў і вяртаньня ў Менск заходніх амбасадараў.
Такі віленскі маналог цалкам магчымы быў на сцэне ў якім-небудзь фарсе ці сатырычнай камэдыі. Але, як бачым, ён гучыць "на жыва".
Калі думаць рацыянальна, то прычыны такога выказваньня могуць быць дзьве. Першая -- гэта, улічваючы зьнішчэньне рэжымам беларускага палітычнага класу, -- поўнае неразуменьне палітычных правілаў, законаў і дачыненьняў з боку "імітатараў". Другая магчымая прычына -- грубая дзейнасьць лукашысцкай агентуры.
Да другога меркаваньня схіляе нас тое, што па шматлікіх нізкапробных інфармацыйных рэсурсах ды й у выступах розных "экспэртаў-аналітыкаў", пачалі сур'ёзна абмяркоўваць гэтую бязглуздасьць як праблему, задаваць простым людзям пытаньні, а простыя людзі сталі на іх адказваць і г. д. Словам, выклікана неразумнае абмеркаваньне, у якім топіцца розум.
Тлумачу праўду. Вярнуць легітымнасьць Лукашэнку -- гэта значыць прызнаць законнасьць сфальшаваных выбараў. Гэта значыць прызнаць законнасьць выбраньня Лукашэнкі, законнасьць яго ўлады і правамоцнасьць дзеяньняў гэтай улады. Гэта абазначае, што ўсе 50 тысячаў беларускіх палітвязьняў асуджаны судом правамоцна, правільна і па існуючых "правамоцных" законах, бо стваралі небясьпеку для існаваньня "легітымнай" улады, выбранай народам. Гэта будзе абазначаць, што пратэст дэсідэнтаў 2020 года быў незаконным, а адмаўленьне легітымнасьці ўлады Лукашэнкі з боку міжнароднай супольнасьці было памылковым, тэндэнцыйным і варожым беларускаму народу. Таксама тое абазначала б, што ўсе "невероятныя" эмігранты ёсьць не ўцекачы ад рэпрэсіяў рэжыму, а парушальнікі закону, крымінальныя асобы, якіх трэба дэпартаваць назад, у лукашысцкі "легітымны" рэжым.
У мяне склалася такое ўражаньне, што больш адукаваная лукашысцкая агентура ў чарговы раз вырашыла парагатаць і пазьдзеквацца з палітычнай цемры дэмакратычных імітатараў. Так яно і атрымалася.
Памятаем лёгкапрадажную спадарыню Кавалькову, якую публічна купілі за 500 тысячаў даляраў проста на тэле-відэа, памятаем агента Аксёнава, якога купілі і публічна прадалі за панюшку табакі (таксама па відэа), памятаем агента, Гайко, які заклаў у турму 90 беларусаў пры спрыяньні Франака-Ціханоўскай і з гонарам вярнуўся ў рэжым (па ўзнагароды), памятаем доўгадзеючага і непатапляемага "Раймона", ганімага спадара Азарава і гд. і тп. Кантора "пляшэт" і весяліцца...
Зрэшты, можа ўсё атрымалася проста выпадкова, у стылі тусоўкі. У выказваньні Андрэя Ягорава (які агучыў гэты "жарт") быў рацыянальны намер шукаць практычныя шляхі кантактаў з рэжымам, каб вызваляць палітвязьняў шляхам практычных захадаў на ўзаемадамоўленых падставах.
Але да гэтай увогуле сэнсоўнай пазыцыі была падключана прапанова (магчыма, з намерам) аб легітымізацыі ўлады дзяржаўнага злачынцы Лукашэнкі.
Тут была зроблена просьценькая палітычная падтасоўка для прафанаў (маніпуляцыя). Канкрэтна -- прыняцьце ўлады рэжыму дэ-факта было падменена прапановай прызнаць яе дэ-юрэ, гэта значыць прызнаць легітымнай. Словам, імітатары разьвялі самы сябе на мякіне.
Тым часам, прызнаньне дэ-факта, -- гэта звычайная палітычная практыка дачыненьняў адносна дыктатуры, калі палітычныя інтарэсы краінаў таго вымагаюць. Так было, практычна, увесь час з рэжымам Лукашэнкі. Практыкаваліся абмежаваныя палітычныя дачыненьні, у тым ліку дыпляматычныя адносіны з дыктатарам рэжыму на ўзроўні амбасадаў, але дэ-юрэ дыктатуру не прызнавалі легітымнай.
Гэты варыянт (успрыняцьце дэ факто) лепшы, чым жалезная заслона, эканамічны байкот і татальныя эканамічныя санкцыі, якія, як вядома, на існаваньне дыктатуры не ўплываюць, але б'юць па народзе і па грамадзтву, ствараючы яму сацыяльныя цяжкасьці (а што да Беларусі, то заганяюць рэжым Лукашэнкі пад уладу Расеі). Тым больш, што даўно вядома і даўно пацьверджана: эканамічныя санкцыі ўплываюць на пераразьмеркаваньне рынкаў у карысьць таго, хто гэтыя эканамічныя санкцыі ўводзіць.
З гледзішча практыкі дачыненьняў з уладай дыктатуры, варыянт вяртаньня абмежаваных дыпляматычных дачыненьняў і прызнаньне дыктатарскай улады дэ-факта ўзамен за вызваленьне некаторых палітвязьняў мог бы якраз стаць адным з аспэктаў для перамоваў з рэжымам Лукашэнкі, памятаючы пра каштоўнасьць чалавечага жыцьця, здароўя і свабоды. Але, як бачым, "дзеячы" з асяроддзя імітатараў падмянілі паняцьці і зрабілі з гэтага безталковае абмеркаваньне.
І каб жа толькі яно. Вяршыняй імітацыйнай палітыкі сходу "дэмакратаў" стала дамова лічыць і надалей (пасьля 2025 года) Ціханоўскую "лідаркай" і "выбранай прэзыдэнткай" (словы такія ў беларускай мове не ўжываюцца, але ў імітатараў усё можна) аж пакуль не адбудуцца вольныя дэмакратычныя законныя выбары альбо пакуль "лідарка" сама не захоча зыйсьці.
Гэта, як кажуць, фэнамэнальна. Лукашэнка адпачывае. І гэта прытым, што ўзгаданая асоба ніякая ня "лідарка" і тым больш ня "выбраная", і тым больш не "прэзыдэнтка". Будучы на кармленьні і на ўтрыманьні імітатары прапанавалі самым сабе бястэрмінова верыць ў ілжу аб бястэрміновым статусе, які самы прыдумалі. Мяркую, што і з Брусэлем тое ўзгаднілі (бо калі б кармленьне адмянілі, то і статусу канец).
Але й гэта ня ўсё. У прыдачу адна тэарэтычна адукаваная асоба ад імітатараў паведаміла ў інтэрв'ю пра сваё палітычнае крэда: На новых выбарах ("сёньня і ў бліжэйшыя 50 гадоў" ) яна будзе галасаваць за ... Бабарыку. "У него есть віденіе, -- сказала спадарыня, -- он понімает беларусов і беларусы понімают его".
На гэтым "Амэн". Людзі плаваюць ў "эмпірэях". Расейскі стаўленьнік "понімает" беларусаў. Спадарыня Турарбекава ў парыве шчырасьці ўбіла цьвік ў прамаскоўскую труну ўсёй тусоўкі імітатараў квазі-беларускай палітыкі.
Становішча паказвае на ганебную дэградацыю імітацыйнай "дэмакратыі" (у тым яе абавязковы фінал), але ў цэлым, брыдкая зьява шкодзіць таксама ўсёй беларускай антырэжымнай антымаскоўскай антырашысцкай палітыцы, кідае цень на ўсіх беларусаў выстаўляючы іх, на жаль, у нядобрым сьвятле.
11 жнівень 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК