Зянон Пазьняк: Украінцы і беларусы перад расейскім захопам

У палітыцы ёсьць рэчы, інфармацыю аб якіх важна паўтараць для лепшага ўзаемаразуменьня.

Пасьля распаду СССР Беларусь мела тры гады адноснай свабоды і адноснай дэмакратыі.

У 1994 годзе Масква, скарыстаўшы цяжкі эканамічны стан Беларусі, паспрыяла прыходу да ўлады на выбарах свайму стаўленьніку Аляксандру Лукашэнку.

Першае, што ён пачаў рабіць, -- спаліў беларускія падручнікі для школаў і пачаў зачыняць беларускія школы, часопісы, ліквідаваў нацыянальныя сімвалы, зацягнуў Беларусь у бяспраўны саюз з Расеяй. Пачалася ўнутраная прамаскоўская акупацыя Беларусі, рэпрэсіі супраць вольных беларусаў і вынішчэньне ўсяго беларускага.

У лістападзе 1996 года Масква падтрымала Лукашэнку і дапамагла зрабіць у Беларусі дзяржаўны пераварот -- ліквідавалі парлямант, Канстытуцыю, незаконна працягнулі сваю канстытуцыю дыктатуры, пачалося штучнае і сістэмнае стварэньне залежнасьці Беларусі ад Расеі.


Антыбеларуская палітыка ўнутранай акупацыі трывае ўжо 28 гадоў. Шкода для Беларусі тут нанесеная велізарная: разбураны нацыятворныя асновы нацыі, ліквідаваная грамадзянская супольнасьць, забітыя, кінутыя ў турму і выгнаныя за мяжу вядомыя беларускія дзеячы.

Масавыя пратэсты беларусаў супраць прамаскоўскага рэжыму адбываліся ўвесь час. І ўвесь час яны заканчваліся жорсткімі расправамі над народам з боку антынароднага рэжыму.

У канцы 2019-га -- пачатку 2000-га годоў беларуская нацыя адчувальна скансалідавалася з прычыны пандэміі каронавіруса, калі рэжым Лукашэнкі афіцыйна адмовіўся ратаваць насельніцтва ад пандэміі. Беларусы арганізаваліся самы, узялі на сябе падтрымку медыцыны і ратаваньне нацыі. Рэжым апынуўся за бартом, грамадзтва дзейнічала без улады.

Гэты салідарны фэнамэн нацыі моцна спрацаваў у жніўні 2020 года, калі масы беларусаў па ўсёй краіне выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і за адхіленьне Лукашэнкі ад улады.

Пратэсты супраць рэжыму насілі негвалтоўны характар, доўжыліся некалькі месяцаў пад нацыянальным сьцягам і лёзунгамі свабоды.

У гэты час Пуцін перакінуў расейскія войскі да беларускай мяжы і падтрымаў Лукашэнку. Гэта вырашыла зыход пратэстаў. Паўстаньне нязгоды з рэжымам было патоплена ў рэпрэсіях,тэроры і крыві.

Тэрор працягваецца з дня ў дзень ужо два гады. Лукашэнка афіцыйна аб'явіў, што сьвядомыя беларусы (гэта значыць нацыянальна культурныя людзі, арыентаваныя на нацыянальныя інтарэсы) зьяўляюцца ворагамі ягонай улады. Практычна, адбываецца гібрыдны генацыд беларусаў, рэпрэсіі ідуць без спасылак на законнасьць, тэрарызуюць у першую чаргу актыўных людзей і беларусаў, арыентаваных на нацыянальныя каштоўнасьці. Дзясяткі тысячаў людзей кінутыя ў турмы па палітычных матывах. Гэтак жа, як габрэям у гітлераўскіх канцлягерах, на адзеньне кожнага такога беларуса кінутага за краты, нашыта жоўтая латка. Яны ня маюць ніякіх правоў у турме і падвяргаюцца асабліва жорсткаму абыходжаньню і катаваньням.

Створаны спэцыяльныя каманды ў сфэры міністэрства ўнутраных справаў, якія рэгулярна праводзяць ператрусы ў кватэрах беларусаў, нішчаць сантэхніку, мэблю і бытавую абстаноўку, кожны дзень хапаюць людзей на вуліцах нават за "ня тыя" колеры ў адзеньні, часам кідаюцца на гук беларускай мовы і цягнуць людзей у каталажку, у суд, даюць вялікія тэрміны па прыдуманых абвінавачваньнях. У грамадзтве ўсталявана атмасфэра страху і тэрору.

17-га студзеня 2022 года пад выглядам сумесных вайсковых вучэньняў адбылася зьнешняя акупацыя Беларусі расейскім войскам. Спрыяў гэтай акупацыі і ўпусьціў расейскія войскі ў Беларусь асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Вайсковая акупацыя Беларусі Расеяй, якая адбылася без адзінага стрэлу, -- гэта ёсьць геапалітычная катастрофа ва Усходняй Эўропе, пагроза для суседніх краінаў і для ўсяго кантынэнту.

Расея, увёўшы войскі ў Беларусь, захапіла найважнейшы для сябе стратэгічны плацдарм на Захадзе, зь якога ёй можна было праводзіць агрэсію супраць Украіны і дзяржаваў НАТО, не рызыкуючы атрымаць удар у адказ па сваёй тэрыторыі.

24 лютага 2022 года Расея напала на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што Эўропа і краіны Захаду, практычна, ніяк не зрэагавалі на беларускую катастрофу і захоп Беларусі. Складвалася ўражаньне, быццам на Захадзе не зразумелі, што адбылося ва Усходняй Эўропе. Хаця прычына нам вядомая і крыецца ў ранейшых схаваных расейска-эўрапейскіх дамоленасьцях

Такая самая заходняя млявасьць напачатку назіралася тады, калі расейская арда рынулася на Украіну, імкнучыся захапіць Кіеў. На Захадзе некаторыя колы ўжо, відаць, былі гатовыя да таго, што Украіна будзе захоплена, і, магчыма, нават калькулявалі сабе пасьляакупацыйны падзел сьвету ва Усходняй Эўропе.

І вось тут я хачу на ўвесь голас усклікнуць: Слава Украіне! Слава гераічным украінцам! Украінцы сваім геройскім супрацівам агрэсіі паблыталі карты ўсім: і Маскве, і немцам, і здрадніку Лукашэнку. Пачалася жахлівая вайна, страшная і разбуральная для Украіны, але ганебная і беспэрспэктыўная для Расеі. Увесь сьвет убачыў варварскую сутнасьць расейскага імпэрыялізму і падтрымлівае змагарную Украіну.

І цяпер пра некаторыя аспэкты тактыкі расейцаў у агрэсіўнай вайне. Трэба прызнаць, што гэбісцкая Расея як "скопішча зла" валодае на сёньняшні дзень самай пачварнай у сьвеце, вырабленай і агрэсіўнай сістэмай прафэсійнай дэзінфармацыі і прапаганды. Захад ня ў стане ёй вынікова супрацьстаяць. Шкодны ўплыў расейскай прапаганды ў Беларусі, і нават ва Украіне, у сумяшчэньні з агентурнай дзейнасьцю -- відавочны.

Маскоўцы зацікаўлены ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў вайну супраць Украіны. Для Пуціна гэта быў бы крок да Сусьветнай вайны, пашырэньне тэатру ваенных дзеяньняў і магчымасьць для маніпуляцыяў.

Галоўнай перашкодай такім намерам зьяўляецца антываенная настроенасьць беларусаў, нежаданьне беларускіх людзей і арміі ўдзельнічаць у расейскай вайне супраць Украіны. Беларусы ўвогуле не разумеюць, навошта ім ваяваць супраць Украіны. Гэта ўспрымаецца як дзікасьць і поўны абсурд.

Антываенная пазыцыя народа і нежаданьне арміі ваяваць супраць Украіны ёсьць галоўны чыньнік, які стрымлівае Лукашэнку ад уступленьня ў вайну, бо ён разумее, што калі паддасца ціску Масквы, то ў выніку антываеннага супраціву народа і ў выніку гарантаванага разгрому слабой, не настроенай на вайну беларускай арміі, ягонай уладзе настане канец. Тым часам улада ёсьць для яго галоўнае, за што ён трымаецца з усёй сілы.

У гэтай сітуацыі цалкам зразумела, што руская агентура і прапаганда ва Украіне паставіць задачу ўзбудзіць нянавісьць паміж беларусамі і ўкраінцамі, каб зьменшыць чыньнік беларускага антываеннага супраціву і зьняць небясьпеку для Лукашэнкі.

Так яно і сталася. Пачуліся голасныя абвінавачваньні беларускага народа ў варожасьці да ўкраінцаў, закіды ў падтрымцы беларусамі расейскай агрэсіі, узьнікла атаясамліваньне беларускага народа з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі, які ў акупаванай Беларусі выконвае на справе ролю акупацыйнай адміністрацыі, ажыцьцяўляе палітыку Масквы і рэпрэсуе, гнобіць у турмах народ, які яго ўжо не прызнае.

Трэба пагадзіцца, што адбылася параза ўкраінскай інфармацыйнай палітыкі і прапаганды на беларускім накірунку. Тут усталявалася якраз расейская інфармацыйна-прапагандысцкая разбуральная парадыгма, якая выкарыстоўвае і перанакіроўвае ўражлівыя эмоцыі і параненыя вайной настроі ўкраінцаў у патрэбным для Масквы накірунку.

Гэтае скрыўленае становішча ў інфармацыі неабходна тэрмінова выпраўляць сумеснымі намаганьнямі ўкраінцаў і беларусаў, актывізацыяй усіх антырасейскіх антыімпэрскіх сілаў. Добра, што апошнім часам украінскія інтэлектуалы і палітыкі сталі зьвяртаць увагу на гэтую акалічнасьць у інфармацыі.

Наступнае пытаньне, якое мае ўзаемны інтэрас, -- гэта ацэнка і адносіны да беларускай антырэжымнай апазыцыі.

Тут трэба ведаць, што да пачатку 2020 года беларуская нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя была пры дапамозе Масквы моцна пагромлена рэжымам, раздроблена і абмежавана ў магчымасьцях, нацыянальныя дзеячы былі выгнаныя за мяжу, некаторыя забітыя, рэшта кінута ў турму.

У час прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года зьявіўся маскоўскі праект, падтрыманы і прафінансаваны Газпрамам, у адпаведнасьці зь якім у Беларусі была створана прарасейская электаральная апазыцыя супраць Лукашэнкі. Плянавалася выкарыстаць антылукашэнкаўскі настрой беларусаў і правесьці на прэзыдэнта Беларусі крэатуру Пуціна -- дырэктара Белгазпрамбанку Віктара Бабарыку. Гэтая фігура, у выпадку прарыву ў прэзыдэнцтва, валодала б прызнанай легітымнасьцю і забясьпечвала б Расеі анэксію Беларусі, маніпулюючы заканадаўствам, якое мог прызнаць Эўразьвяз (асабліва немцы).

Лукашэнка тым часам абараняў сваю ўладу ад пагрозы і пасадзіў групоўку Газпрама у турму. У Маскву ўцёк Валеры Цапкала.

З гэтай групы пакінулі ўдзельнічаць ў выбарах толькі невядомую і бездапаможную ў палітыцы хатнюю гаспадыню Сьвятлану Ціханоўскую, не прымаючы яе ў разьлік і мяркуючы гэтым праілюстраваць уяўны дэмакратызм выбараў.

Такая гульня, аднак, сыграла дрэнны жарт з Лукашэнкам, а ўрэшце -- і з усёй беларускай палітыкай. Шмат беларусаў, узлаваных на Лукашэнку і на ягоны рэжым, не галасавалі за яго і падтрымалі Ціханоўскую.

У выніку Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары, а КГБ па дамоўленасьці з структурамі ў Летуве вывез Ціханоўскую за мяжу ў Вільню, дзе яе акружыла група адпаведных асоб, і пачалася шалёная, фантасмагарычная раскрутка яе імя як "лідэра дэмакратыі", як "лідэра нацыі", як "прэзыдэнта Беларусі", як "прадстаўніка народа" і т. п. Гэтая прыдуманая прапаганда (у якую рацыянальна ўключыўся Захад) па інэрцыі працягваецца па сёньняшні дзень.

І цяпер па сутнасьці. Лідэрам дэмакратыі і лідэрам нацыі можа быць асоба, якая валодае нацыянальнай ідэалёгіяй і генэруе ідэі, што знаходзяць водгук і падтрымку ў грамадзтве. Прытым такая асоба паказвае шлях і арганізуе спосаб для дасягненьня мэты, прадэманстраванай гэтымі ідэямі.

Што датычыць спадарыні Ціханоўскай, то тут -- без камэнтароў. Поўная адсутнасьць элемэнтарных палітычных паняцьцяў і разуменьня нацыянальнай будучыні Беларусі ды шчырае сьведчаньне пра гэтую адсутнасьць. Яе электаральная роля на выбарах укладвалася ў схему: "Толькі не Лукашэнка".

Наступны фантастычны і даволі дзіўны слоган, які прапаганда паўтарае насуперак рэчаіснасьці, гучыць так, што быццам бы спадарыня Ціханоўская ёсьць "выбраны прэзыдэнт Бкеларусі".

Рэальна па факту выбары 2020 года ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя. Няма ніякіх рэальных дакумантаў, якія сьведчылі б аб выбраньні прэзыдэнта, бо ўсе бюлетэні галасаваньня былі зьнішчаныя на працягу 24-х гадзін пасьля галасаваньня, згодна з інструкцыяй Цэнтральнай Выбарчай Камісіі.

Лукашэнка спасылаецца на адвольна напісаныя і не падмацаваныя дакумэнтальнымі доказамі пратаколы падліку галасоў, згодна зь якімі за яго прагаласавала 80 адсоткаў выбаршчыкаў. Зразумела, што тут фальсіфікацыя.

Фальсіфікацыйныя заявы групы Ціханоўскай тым часам увогуле спасылаюцца толькі на эмоцыі і на адвольныя меркаваньні, што за яе быццам бы галасавалі ўсе выбаршчыкі, якія выходзілі на пратэсты.

Усе пратэстоўцы, напэўна ж, за яе не галасавалі, бо было яшчэ пяць кандыдатаў. Але нават калі б сталася так, то на пратэст па ўсёй Беларусі, як засьведчана, выйшаў максімум адзін мільён людзей. Адзін мільён -- гэта 10 адсоткаў насельніцтва і каля 15-ці адсоткаў выбаршчыкаў. Як галасавалі астатнія 90 адсоткаў -- невядома. Пазьнейшыя спэц-апытаньні па Інтэрнэту праз тэлефон паказалі тую ж колькасьць галасаваўшых за Ціханоўскую -- ад 700 тысячаў да 1-го мільёна галасоў.

У гэтай сітуацыі можна дапусьціць, што ніхто не набраў больш за 50 адсоткаў галасоў, і мусіў бы адбыцца другі тур галасаваньня. Але Лукашэнка распарадзіўся па-свойму, а група вакол Ціханоўскай -- па-свойму. І да сёньняшняга дня ў паветры кружляе гэтая фантасмагарычная хлусьня з двух бакоў, уплываючы на прапаганду і накірункі рэальнай палітыкі.

Аб накірунках. Лукашэнка на фальсіфікацыі выбараў абгрунтаваў сваё права на ўладу ў Беларусі. Група вакол Ціханоўскай абгрунтавала на фальсіфікацыі выбараў сваё права на апазыцыю супраць рэжыму Лукашэнкі. Абедзьве падставы ілжывыя. Але ўлада Лукашэнкі па факту ёсьць рэальная. Апазыцыя групы Ціханоўскай у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі па факту ёсьць таксама рэальная.

Палітычныя мэты групоўкі вакол Ціханоўскай цалкам укладваюцца ў зьмест каланіяльнай апазыцыі, якая выступае за ліквідацыю антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, але з апорай на Маскву. (Падразумеваецца, што для Масквы «апазыцыя» будзе лепшай за Лукашэнку.) Гэта выявілася адкрыта ў заявах Віктара Бабарыкі аб тым, што Беларусь -- недаразьвітая нацыя і недадзяржава, і што лепш было б для беларусаў увайсьці ў склад імпэрскай Расеі. Залежнасьць ад Расеі як неабходную зададзенасьць адзначалі Франак Вячорка, Валер Кавалеўскі, Павал Латушка, словам, -- уся група, уключаючы Ціханоўскую зь яе шмат паўтораным выказваньнем аб тым, што Пуцін "мудры" і што з Расеяй трэба яднацца.

Словам, тое, што пры дапамозе рускага Газпрама ўтварылася ў 2020-м годзе пасьля пагрому беларускіх нацыянальных сіл, -- гэта ёсьць тыповая прарасейская, прапуцінская апазыцыя супраць лукашысцкага рэжыму ў Беларусі з мэтай замены яго ў інтарэсах Масквы.

У гэтым рэчышчы пад выглядам апазыцыі і распачала сваю прысутнасьць на Захадзе, вывезеная зь Беларусі група прарасейскай агентуры.

І тут здарылася расейская акупацыя Беларусі і маскоўскі напад на Украіну. Групоўка была непадрыхтаванай да такога павароту падзей і апынулася ў палітычным тупіку, па інэрцыі працягваючы выконваць газпрамаўскія ўстаноўкі і блытаючыся ў рыторыцы, якую толкам ня ведаюць як зьмяніць.


Зьмена рыторыкі газпрамаўскай апазыцыі, нават калі б яна была вельмі радыкальнай, мала што значыць, калі не зьмяняюцца прынцыпы, падыходы, пазыцыі і практыка. Нягледзячы на зьмену выказваньняў, група як выступала супраць вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, так і выступае далей. Як была за прэзыдэнцкую сістэму ўлады -- так і засталася. Як была за першасныя выбары прэзыдэнта па старым лукашысцкім заканадаўстве -- так на тым і працягвае і стаяць.

Такі падыход вяртае ўплыў Масквы, маскоўскую крэатуру і прамаскоўскую ўладу ў Беларусі. Тут усё засталося так, як прадугледжана было газпрамам у 2020 годзе. Цяперашняя павярхоўна-фармальная зьмена рыторыкі мала што азначае.

Пазыцыя старшыні Камітэта па замежнай палітыцы Вярхоўнай Рады Украіны спадара Аляксандра Мярэжкі аб дыстансаваньні ад групоўкі Ціханоўскай ёсьць сур'ёзна абгрунтаванай пазыцыяй, якую мы разумеем і падтрымліваем.

У ацэнцы беларускай квазі-апазыцыі існуе істотны аспэкт міжнароднай палітыкі. Дзярждэпартамэнт ЗША, напрыклад, адразу засьведчыў, што вольных выбараў у 2020 годзе ў Беларусі не было, што выбары сфальсіфікаваныя і рэальна прэзыдэнт ня выбраны. Потым Амэрыка прыняла пазыцыю Эўразьвязу, які палітычна падтрымаў групу вакол Ціханоўскай, рыторыку аб "прадстаўніцтве народа", аб "лідарстве", аб "выбраным прэзыдэнце".

Трэба ведаць, што падыход падвойных стандартаў, характэрны для Эўразьвязу, абумоўлены, як правіла, рэальнай палітыкай. У супроцьстаяньні з рэжымам Лукашэнкі Эўразьвяз мусіў мець альтэрнатыўны пункт апоры. Трэба было абапірацца на нейкую альтэрнатыўную беларускую суб'ектнасьць, каб абгрунтаваць свае дзеяньні, ціск на рэжым, палітычныя захады і т. п. Тут амаль куртуазыйная зьява ў палітыцы. Адны палітыкі ў Эўропе ўспрымаюць уяўнае "прэзыдэнцтва" Ціханоўскай з наіўнай прастатой, іншыя -- з разуменьнем стартавай палітычнай неабходнасьці.

З гэтага гледзішча, палітычнае прызнаньне легітымнасьці Ціханоўскай у Эўропе ёсьць зьява палітычна абумоўленая.

І другі аспэкт гэтай зьявы. Падтрымка Эўразьвязам нацыянальна ня вызначанай групоўкі з прарасейскім падложам ёсьць фактам не карысным для Беларусі і можа стаць фатальна шкодным для будучыні краіны.

Тым часам рэальнай на добрым ўзроўні распрапагандаванай беларускай альтэрнатывы яшчэ нехапае. Яна толькі афармляецца ў эміграцыі і на палях расейска-украінскай вайны. Прытым так званыя «дэмсмі», што пазыцыйна кантралююцца прарускай агентурай, медыйна падтрымліваюць толькі групоўку вакол Ціханоўскай.

У нявызначаным становішчы акупацыі і вайны такая сурагатная група, і яе турыстычна-палітычныя ваяжы тым ня менш, адыгрываюць абмежаваную інфармацыйную ролю ў тым плане, што прыцягваюць міжнародную ўвагу да становішча і лёсу Беларусі.

Нашая крытыка гэтай зьявы неабходна ў першую чаргу для нас, беларусаў, для разуменьня і забесьпячэньня нашай нацыянальнай будучыні. На пазыцыю Эўразьвязу такая крытыка не паўплывае, нават у самай дасканалай аргумэнтацыі, бо гульня у Ціханоўскую – гэта перш за ўсё інтэрас лібэральнай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

Сітуацыя зьменіцца толькі тады, калі ўзмацнее рэальная нацыянальна-вызвольная сіла, рэальная беларуская апазыцыя, якая возьме на сябе рэальную адказнасьць за лёс народа, за вызваленьне і будучыню Беларусі.

Такая легітымная сіла ўжо існуе. Гэта беларускія дабраахвотнікі ва ўзброеных сілах Украіны, і перш за ўсё -- полк імя Кастуся Каліноўскага. Гэта Нацыянальна-Вызвольны Рух, які разьвіваецца.

Нядаўна Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху "Вольная Беларусь" ініцыяваў арганізацыйнае афармленьне Нацыянальна-Вызвольнага руху. Прыняты Статут, палітычныя прынцыпы, створаны выканаўчы ворган Руху. Прыярытэтнымі задачамі зьяўляюцца дапамога ўкраінцам у барацьбе з расейскай агрэсіяй, фармаваньне беларускіх ўзброеных аддзелаў і забесьпячэньне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасьці і асьветы для беларускай эміграцыі за мяжой.


Мы разумеем і падкрэсьліваем, што вайна ўкраінцаў супраць маскоўскага агрэсара гэта ёсьць і нашая беларуская вайна супраць агульнага ворага -- імпэрскай Расеі. Настаў момант праўды, калі ўсе сілы трэба накіраваць на перамогу над расейскім ворагам чалавецтва. Маскоўскі мордэр павінен быць зьнішчаны. Гэта мусіла б стаць галоўным чыньнікам беларускай салідарнасьці, пакуль наша краіна ня збавіцца ад акупацыі і пакуль расейскі агрэсар ня будзе выгнаны з тэрыторыі Украіны. А гэта будзе і павінна быць!

Слава Украіне! Жыве Беларусь!


22 кастрычнік 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК