ТЭЗІСЫ АБ БЕЛАРУСІ
- knihivolnajabel
- Jul 27
- 3 min read
1. Непрызнаны міжнароднай супольнасьцю і народам прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі засьведчыў сябе саюзьнікам Расеі, палітычна падтрымлівае Расею ў агрэсіі супраць Украіны.
2. Рэжым Лукашэнкі мілітарна ня ўдзельнічае ў вайне і ў збройных ваенных дзеяньнях супраць Украіны.
3. Трэба прызнаць, што палітыка эканамічных санкцыяў Захаду супраць рэжыму Лукашэнкі ператварылася ў палітыку санкцый супраць Беларусі і Беларускага народа і не прывяла да станоўчых дасягненьняў.
4. Эўразьвяз і палітычныя ўлады Захаду, фактычна, праігнаравалі нелегітымнасьць і антынароднасьць улады Лукашэнкі і наклалі эканамічныя санкцыі супраць усяго Беларускага народа на ўсе сфэры жыцьця, працоўнай дзейнасьці і эканомікі, стварылі на заходняй і паўночна-заходняй мяжы Беларусі новую жалезную заслону.
5. У выніку: эканамічныя санкцыі і пяцігадовы ціск не паўплвыалі на ўладу рэжыма Лукашэнкі, але палітыка рэжыму, эканоміка і гандаль Беларусі поўнасьцю пераарыентаваліся на Расею. Поўнасьцю ліквідавана дыверсіфікацыя эканомікі.
6. На сёньняшні дзень (ліпень 2025 г.) у выніку памылковай санкцыйнай палітыкі Захаду рэжым Лукашэнкі палітычна ўмацаваўся, абапершыся на Расею, бесперашкодна ўжо пяць гадоў праводзіць масавыя рэпрэсіі і палітыку генацыду супраць Беларускага народа.
7. З прычыны палітыкі фактычнай ізаляцыі Беларусі з боку Захаду беларускае грамадзтва, народ і дзяржава, практычна, стаяць перад цяжкавырашальнай праблемай аднаўленьня дэмакратыі і палітычнай незалежнасьці Беларусі ад Расеі пасьля магчымага краху рэжыму Лукашэнкі.
8. Праблематычнасьць аднаўленьня дэмакратыі і палітычнай незалежнасьці зьвязана з тым, што ў выніку памылковай санкцыйнай палітыкі Захаду Беларусь пазбавілі, практычна, усіх сусьветных рынкаў, акрамя рынку Расеі.
Узмацнела штучная залежнасьць Беларусі ад расейскай эканамічнай і энэргетычнай сістэмы. У выніку санкцый спынена магчымасьць абавязковай электроннай праграмнай мадэрнізацыі беларускіх банкаў і банкавай сістэмы (якая састарэла). Беларусь ня можа разьвіваць новыя тэхналёгіі ў прамысловасьці, ў вытворчасьці, энэргетыцы, у сельскай гаспадарцы. Адбываецца татальнае адставаньне грамадзтва. Плюс дэмаграфічны чыньнік, страта маладога і кваліфікаванага насельніцтва. Створана, практычна, прымусовая залежнасьць ад агрэсіўнай Расеі.
9. Зроблена так, каб будучая вольная ад лукашысцкага рэжыму Беларусь была б вымушана застацца ў кіпцюрах Расеі. Палітыка Расеі супраць Беларусі, якая праводзіцца праз Лукашэнку, і палітыка эканамічных санкцый супраць Беларускага народу з боку Захаду, практычна, пагражае анэксіяй Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі.
10. Палітыка дэмакратычнага Захаду ў дачыненьні да Беларусі магла быць іншай, накіраванай на адрыў беларускага грамадзтва ад агрэсіўнага наступу Расеі шляхам неабходных перамоваў з антыдэмакратычным рэжымам Лукашэнкі пра спыненье рэпрэсій і вызваленьне палітвязьняў, пра магчымасьці аднаўленьня транспартных сувязяў паміж насельніцтвам Беларусі і Захаду, пра аднаўленьне гандлю таварамі першай сацыяльнай неабходнасьці, пра магчымасьці інвестыцый у здабываючую галіну эканомікі, пры захаваньні санкцыяў накладзеных на ваенную вытворчасьць. І ўсё тое з улікам стратэгічнай важнасьці Беларусі дзеля захаваньня міру ў Эўропе.
Гэта складаная, нялёгкая дэмакратычная палітыка, патрэбная таксама Захаду, якую магла б праводзіць такая палітычна разьвітая і магутная краіна як Амэрыка, бо пазыцыя адмежаваньня ад геапалітычных праблем ні да чаго станоўчага не прыводзіць.
11. Санкцыйную палітыку супраць Беларусі і Беларускага народу пастаянна падтрымліваюць за мяжой групы сп. Ціханоўскай (ОСЦ) і сп. Латушкі (НАУ), якія выступаюць супраць Лукашэнкі, але па паходжаньні (ад пачатку) зьяўляюцца прамаскоўскімі зьявамі і адначасна выконваюць ролю "проксі" заходняй санкцыйнай палітыкі, знаходзяцца на фінансавым утрыманьні Эўразьвязу.
12. З гледзішча беларускіх законаў і з погляду нацыянальна-вызвольнага змаганьня за вольную дэмакратычную Беларусь паводзіны і пазыцыя адзначаных проксі-груп можа быць кваліфікавана як дзейнасьць, што супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і Беларускага народа.
13. Асобы гэтых групаў удзельнічалі ў электаральнай правакацыі Газпрама і расейскага ФСБ супраць Беларусі ў 2020 годзе, якая выклікала масавыя народныя пратэсты і адначасна прывяла да масавых рэпрэсіяў і забойстваў людзей, якія працягваюцца ўжо пяць гадоў па сёньняшні дзень.
14. Апошнім часам гэтыя асобы імкнуцца аднавіць рэшткі рускамірства сярод эміграцыі і прыпісаць сабе ролю змагароў за дэмакратыю ў 2020 годзе.
15. У палітычным сэнсе, з гледзішча нацыянальнай беларускай свабоды, прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі і проксі-групы за мяжой, якія выступаюць пад выглядам "дэмсіл" і "апазыцыі", павінны быць зьмецены з палітычнага краявіду будучай вольнай Беларусі.
Адносіны іх да антынародных санкцыяў і да вызваленьня палітвязьняў паказалі, што час разьлічэньня настае. Ніякіх лаяльных дачыненьняў да гэтакіх "дэмсіл" з боку сумленных беларусаў ня можа быць. У беларускім палітычным полі была б яснасьць і зразумеласьць, калі б такіх "проксі" больш не было.
16. Перад беларускай эміграцыяй у дэмакратычным сьвеце за мяжой стаяць задачы захаваньня сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы, ведаў гісторыі і культуры, выкарыстоўваючы магчымасьці вольнага сьвету і дэмакратычнага грамадзтва.
Трэба, каб беларусы стваралі свае культурніцкія, палітычныя, рэлігійныя, нацыянальныя арганізацыі, закладалі і разьвівалі свой бізнэс, медыцынскія і праўныя асяродкі, навучаньне беларускіх дзяцей, мелі свае беларускія сродкі масавай інфармацыі, разьвівалі салідарнасьць праз існаваньне салідарных арганізацыяў кшталту Сусьветнага Беларускага Кангрэсу і т. п.

Дэмакратычны сьвет дае шмат магчымасьцяў для нацыянальнага выжываньня і для інтэграцыі ў іншае грамадзтва, якому трэба спрыяць і адначасна ня траціць сваёй нацыянальнай адметнасьці і каштоўнасьцяў культуры. Пры адсутнасьці хуткіх механізмаў зьмены сітуацыі ў Бацькаўшчыне гэта ёсьць праца на будучыню вольнай Беларусі.
17. Неабходна ўлічваць, што йдзе вайна Украіны з расейскім агрэсарам, якая вырашае будучыню Усходняй Эўропы. Беларусам трэба ўсімі сіламі, сродкамі і асабістым удзелам дапамагаць Украіне ў змаганьні з расейскімі акупантамі, памятаючы, што ад перамогі Украіны над расейскім нападнікам залежыць і свабода Беларусі.
26 ліпень 2025 г.
Зянон Пазьняк



