top of page

Памяці Максіма Багдановіча

  • knihivolnajabel
  • 3 days ago
  • 13 min read
ree

Мне даўно хацелася пабываць на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце. Не скажу, каб мяне туды цягнула, але добра б было пахадзіць па тых мясьцінах, дзе крочыў ён, паўзірацца на тыя горы і прадметы, што, як адлюстраваньне, засталіся ў юнацкай вечнай яго душы. Я ж веру, што і на тых прадметах і берагах засталіся сьляды яго позірку і адбіткі духу. Крым для мяне адухоўлены Максімам. Памятаеце: “там мы зьліём зь ёй пагляды свае...” Гэта зь Мілавіцай. І калі б я ні глядзеў на гэтую зорку – памятаю Багдановіча. А тут – цэлая краіна, дзе можна хадзіць пехатой...

Зянон Пазьняк


СЬВЕТЛЫ, ДАРАГІ МАКСІМ...*


Тралейбус з Сімферопаля пад’ехаў да ўзьбярэжжа, калі ўжо цямнела, на вяршынях гор грувасьціліся цёмныя хмары, крапаў дождж. Само сабой думалася пра Багдановіча. Часам успыхвалі сполахі і неахвотна грымеў гром. Адна з тых прыродных сітуацыяў, якія я назваў для сябе “жывыя хоку”, ці яшчэ зручней – “фатаграфіі”. Вядома ж, я запісаў гэтую “фатаграфію”:


Бліснула маланка

І асьвяціла Тваё аблічча –

Вобраз у маёй галаве.


Пайшоў спорны дожджык, зашапацеў па лісьцях сьлівы, па ігліцы сасны, па жоўтых кветках духмянага дроку. Нешта восеньскае нагадаў мне гэты вечаровы стан у цёмным маўклівым тралейбусе. Пад шоргат шын і дажджу – душэўны спакой. Як даўно такое было. Рэдкія пасажыры задуменна маўчалі, гледзячы ў вакно, пэўна, як і я, паглыбленыя ў свае ўяўленьні. Усплыла даўніна, гадоў дзесяць таму, восень у родным доме. Дождж сячэ ў сьцены, як і сёньня, тут, на дарозе. Чытаю Багдановіча адзін у цішыні да болю ў вачах – прыцемак напаўзае. Гольле груш пагойдваецца за вакном. Тады я занатаваў той стан для сябе, стан Максіма – гэта калі сьвет бачыш быццам ня сам, а вачыма Багдановіча. Памятаю добра:


Сьляпы дождж

ў вакно бесканечна ліе.

Вечарэе, зьнікаюць абрысы,

Зьліваюцца кроплі на шкле.

Лісьце жоўтай фасолі

на тычках дрыжыць.

Стыне ў шэрай імгле.

Крокі глухнуць у шэпце дажджу.

Нехта міма прайшоў ля вакна

І растаў, быццам цень на вадзе.

Чую, каўкі на вежы касьцельнай

ляніва клінчаць.

Адрываю пагляд ад радкоў.

Вые вецер жалобна ў люхтах

І гучыць, як малітва, у душы

верш аб тым,

Як паэт паміраў

у краіне

ля бухты...


Горад набліжаўся з падножжа гор, зь нізіны яркімі агнямі ў чарнаце. Заўтра ўбачу гэтую “бухту”, але найперш схаджу на магілу паэта.


МОГІЛКІ


Беларуса можна спаткаць усюды. Так здарылася і тут. На могілкі мы пайшлі чатырох: спадарыня Валянціна Аксак, Уладзя Арлоў, іхні сынок дзевяці гадоў і я. Мне здалося, што мы ці не паўдня блукалі з букетамі кветак каля могілак, шукаючы тыя могілкі. Ніхто толкам нічога ня ведаў. Усе казалі: “где-то здесь”, “где-то там”. Уладзя пачаў быў ужо касавурыцца на гэтых “непомнящих” і “незнающих”, асабліва калі мы даведаліся, што яны мясцовыя жыхары і “в Ялте с детства”.


Зрэшты, нічога дзіўнага тут няма. Традыцыі культуры жывуць і перадаюцца там, дзе існуе пастаяннае насельніцтва. Прышлае насельніцтва ня мае каранёў ні ў гісторыі горада, ні ў мясцовасьці. Утвараецца культурны вакуум, дзе плодзяцца хімеры і спажывецтва, утвараецца разарваны соцыюм, атамізаванае грамадзтва. Асабліва калі ўлічыць, што ў Ялту прыехалі ў асноўным савецкія расейцы, якія прынесьлі з сабой своеасаблівую мігранцкую псіхалёгію “саўка”. Такі тып людзей настроены на спажываньне, а не на ўкараненьне ў мясцовы грунт. Як правіла, ён не цікавіцца, не прымае, адвяргае новую зямлю гэтак жа ўпарта, як лёгка пакінуў сваю. Заканамерна, што пражыўшы жыцьцё, ён ня ведае, што робіцца на суседняй вуліцы, ня кажучы ўжо пра мову ці гісторыю мясцовых людзей. Зрэшты, камуністы аблегчылі сабе “неудобства”, насільна выселіўшы татараў, што складалі некалі больш за 70 адсоткаў насельніцтва Крыма. Пазьней, ходзячы па старым татарскім Гурзуфе, я быў уражаны мноствам п’яных і аднатыпнасьцю фізіяноміяў. Тут жа, на крывой вулачцы, і ўбачана было “жывое хоку”:


У татарскай саклі

Сядзіць Іван,

п’яны ў бэлю.

Ніводнага татарына.


Іншая карціна. Пакінуты горад Чуфут-Кале. Мярзота запусьценьня, зарослыя вуліцы, сыплюцца сьцены. Маўзалей дачкі хана Тахтамыша Джаныке-Ханум. 1437 г. Сьпісаны, спаскуджаны. “Вася” і “Вова”. Зарослы лебядой, закінуты сьмецьцем. І натоўп турыстаў. Фатаграфуюцца. На фатаграфіі маўзалей:


Разрабаваны расейцамі.

За плату

аглядаюць нашчадкі

Брыдоту продкаў.


Зрэшты, не такія простыя гэтыя ўражаньні для мяне, беларуса. Згадваецца далёкая, сівая наша Літва -- Вялікае Княства. У гэтым я пераканаўся ў Бахчысараі, бясформенным, запушчаным, занэнджаным мястэчку – некалі татарскай сталіцы. Ідзе гандаль. Абыякавы гандаль чужой гісторыяй. Распрадажа. “Пьют вино из черепа врага”. Але тут... Тут злавесна ільсьніцца зброя і сантымэнтальны мармур ханскі плача вадой. Я добра, да глыбіні істоты запомніў гэта:


Толькі жорсткі,

чульлівы Ўсход

Мог прыдумаць

сьлязы фантан.

Задуменна гляджу

на крывы ятаган.

Ручка зашмальцавана.


Нарэшце мы знайшлі могілкі без дапамогі “мясцовых” жыхароў. Могілкі даволі вялікія, разьмешчаныя на схіле гары, зарослыя дрэвамі і кустамі. З хваляваньнем мы спускаемся па шырокіх бэтонных прыступках да магілы Багдановіча. Мы ўбачылі яе здалёку за велічэзнай чорнай глыбай граніту. У белай абгародцы сьціплы сьветлы цэмэнтавы помнік без крыжа з пяціканцовай зоркай (О, Матка Боска!), з сінімі валошкамі і словамі зь верша. Прызнаюся, стараўся схаваць ад сяброў душэўнае трымценьне, што міжволі знутры пачало ахопліваць маю істоту. Шум у верхавінах дрэў і магільнае маўчаньне над Максімам. Пуста, бязьлюдна. І раптам...”мяў, мяў”, -- данеслася зьнізу. Прыгожы чорны каток зь белай пыскай ласкава цёрся аб нагу, мурлыкаў без перастанку і даверліва пазіраў у вочы. “Адкуль ты ўзяўся, каток? – зьдзіўлена ўсклікнуў я, -- з-пад зямлі выйшаў, ці што?”


Мы ўсе былі ўзрушаныя. “Каці-каці-каці”, -- паклікаў Уладзя, -- і каток пабег да яго лашчыцца. Зьдзіўленьню Ўладзі не было мяжы. “Гэта ж трэба, -- рускі кот, а па-беларуску разумее – “каці-каці”, -- паўтарыў ён, -- звычайна рускія каты на “каці-каці” нават не рэагуюць, сам пераканаўся”. Пагаварыўшы гэтак яшчэ трохі пра кацячую лінгвістыку, я спытаў: “А ты ўпэўнены, што гэта кот?”


Уладзя змоўк. “А гэта, во, якраз і ёсьць Максім, -- сказаў я, -- душа яго зьявілася ў вобразе катка.” “Ты лічыш, што гэта фантом?” – асьцярожна пацікавіўся Ўладзя. “Гэта Максім”, -- маркотна ўздыхнуў я, а Ўладзя неяк дзіўна-падазрона, мне здалося нават з засьцярогай, паглядзеў на мяне. Але я быў сур’ёзны, як на сэсіі Вярхоўнага Савета. Даруй мне, Максім, ты ж таксама любіў пажартаваць.


Як бы там ні было, але мілы рухавы каток нас вельмі ўсьцешыў. Нам сапраўды хацелася б убачыць тут сувязь з Максімам. А хіба ж не? Дык будзем жа цаніць непрыкметныя, маленькія радасьці. І я занатаваў сабе гэтую “фатаграфію”:


Пад дрэвамі,

дзе цень халодных надмагільляў,

Каток ласкавы падышоў

І замурлыкаў ля нагі.


З дарожкі магілу Багдановіча часткова засланяе чорны гранітны помнік-глыба. Але становішча можна хораша паправіць. Для гэтага на магіле Багдановіча трэба паставіць высокі, да 4,5 -- 5 м вышыні, крыж зь белага каменю. На могілках тут няма выцягнутых гатычных канструкцыяў. Вакол цёмныя помнікі-глыбы, тумбы, паралелепіпеды, цёмная зямля і цёмная зеляніна. Белы высокі крыж стане галоўнай сьветлай плямай і кампазыцыйным цэнтрам усёй гэтай часткі могілак. Ніякая іншая форма і цёмны “маштаб” ня зьнішчыць такога кампазыцыйнага акцэнту, хоць бы тут панастаўлялі помнікаў-аўтамабіляў ці паравозаў.


Я падзяліўся развагамі ў Уладзем. “Ты лічыш, што Багдановіч павінен заставацца тут?” – спытаў ён мяне. Справа ў тым, што, як кажуць чыноўнікі, “ёсьць пытаньне”. Адны лічаць, што магілы Багдановіча ў Ялце рушыць нельга; іншыя – што рэшткі паэта трэба перавезьці і пахаваць на Беларусі, бо і сам паэт пра гэта пісаў (“там хоць у гліне, хоць у брудзе, там, пад зямлёй, найдуць мае слабыя грудзі сабе спакой”). Прыхільнікі такога рашэньня лічаць, што кепска, калі магіла вялікага паэта знаходзіцца далёка за мяжой Беларусі, куды ў хуткім часе невядома нават ці заўсёды можна будзе спэцыяльна (а мо і ўвогуле) прыехаць. Пахаваньне паэта на чужыне – гэта выпадковасьць яго лёсу, мяркуюць яны. Магіла ў Крыме – гэта забыцьцё.


Сур’ёзныя аргуманты. Але Ўладзя Арлоў перакананы, што магілу Багдановіча кранаць нельга. Гэта прывядзе да разбурэньня шчымлівай легенды трагічнага лёсу Максіма Багдановіча, выкліча псіхалягічнае пераасэнсаваньне яго паэтычнай асобы, яго твораў, творчасьці. Наша культура больш страціць, чым прыдбае ад такой акцыі. Нарэшце, гэта і ня надта па-хрысьціянску – варушыць яго косьці, якія ўжо зрасьліся з той зямлёй, дзе знайшоў ён апошні прытулак. Хораша ж пахавалі людзі Максіма, па-Божаму.


Тут больш тонкае разважаньне, якое абымае глыбінныя, псіхалягічныя, маральныя пласты культуры. Усё будзе залежыць ад таго, ці выздаравее, ці ўстане Беларусь. Магіла Багдановіча ў Ялце становіцца Палесьцінай адроджаных душ, Мэккай, куды імкнуцца нашы сэрцы, каб убачыць і адчуць. Што станецца, калі зробяць зь яе “разрытую магілу”, калі зробяць яе пустой?.. Іншай жа магілы ў Багдановіча няма. Як няма больш дамоў, дзе ён жыў пры жыцьці.

Добра, калі б у Ялце былі людзі (каб стварылася якое беларускае таварыства), якія б назіралі і даглядалі магілу. Так было б спакайней. Беларусы ў Ялце ёсьць. Праўда, дзе ты іх цяпер знойдзеш, як арганізуеш? Гэта ж не латышы, не эстонцы, што шануюць сваю мову і цэняць свабоду вышэй за кілбасу.


ЯЛТА


Цікавыя назіраньні на галоўных вуліцах Ялты, асабліва ўздоўж мора. Гучыць у асноўным і паўсюдна мова расейская, часам украінская, зрэдку польская (гэтая чуваць па ўсім сьвеце, дзе ні быў – усюды чуў, самая мабільная нацыя), нават летувіская. Беларускай не чуваць нідзе.


Людзі з засяроджанымі тварамі паўсюдна швэндаюцца па крамах і магазінах, ніхто не ўсьміхаецца, і невядома, чаго ім трэба. Такое ўражаньне, што трэба ўсяго. Абрыўкі фраз – сапраўдная экзотыка. Тут і адзнака пэўнай культуры, і, як казаў адзін мой знаёмы этнограф, -- “хванклёр”, “Надь, а Надь – зайдём, пожрём”, “Да ну – я уже пожрамши”, -- дзьве дамы гадоў пад 50, адна ў капялюшыку.


“Танька, ты хоть на харю-то свою посмотри”. “А чё, вроде смотрела”. – Відаць, муж з жонкай.

Чарга ля газэтнага кіёска, чалавек восем. Падыходзіць кабета ў белым халаце. Прадаўшчыца з кіёска: “Ну, как дела, Петровна?” “Ой, мілая, заму...сь”. Я, “замежны” чалавек, аж спыніўся, думаю, што тут будзе? Анічога. Усё нармальна.

Скрозь вакханалія ўсялякай ларковай шпаны. Прадаюць то амэрыканскую жуйку (з канцэрагенам), то турэцкі ласьён, то ўсялякую каляровую непатрэбшчыну. І маюць жа цярпеньне сядзець. Так жа і мышцы могуць атрафірвацца, і гемарой падскочыць. Сям-там сядзяць шарлатаны з кампутарамі і інтэлектуальнай маскай на твары. Вылічваюць год і дзень, калі чалавек памрэ (за плату, вядома). Да іх чарга. Бізнэс на дурнях, відаць, самы выгадны. Словам, “гандаль на ўзьбярэжжы”, “жывое хоку”:


Цэлы дзень прадае за латком

жавальную гумку

Здаравенны балбес.

Ніхто не купляе.


На цеплаходах вісяць чырвоныя сьцягі. Усюды старыя шыльды з гэрбам СССР, нават дошкі з фатаграфіямі “победителей соцсоревнования”. У цэнтры помнік Леніну. Бронзы не шкадавалі. Узвышаецца, як пяецца ў той матроскай песьні, “выше пальмы”. Праўда, з гэтай нагоды яго аблюбавалі галубы. Цяпер іх, пэўна, перасталі ганяць, і атрымліваецца канфуз, які я, як чалавек цікаўны і цярпімы, занатаваў у такой “фатаграфіі”:


Галуб на бронзавай лысіне

Збэсьціў позірк правадыра.

Ведама, жывёла.


Тут жа пад “правадыром” жабруюць пэнсіянеры-камуністы. Крым – гэта амаль Савецкі Саюз, аплот камунізму. Вось бабулька з буклямі – гадоў дзевяноста, а можа, сто – іграе на баяне і сьпявае (скрыпіц ь) пра Савецкі Саюз -- “Широка страна моя родная”. (Тым, хто ўжо забыўся, нагадаю словы: «шірока страна моя родная, много в ней лесов, полей і рек. Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышіт человек».) Пад нагамі талерачка на міласьціну. Вось іншы “товарищ” зь нейкай савецкай узнагародай на кашулі (ці то ордэн, ці мэдаль) “наяривает на двухрядке” то “раскинулось море широко”, то гімн Савецкага Саюзу. Крыху далей нейкі хлышч з бледнаватым арыстакратычна-гідлівым абліччам сьпявае пад гітару па-ангельску. На асфальце замест талерачкі – футляр з-пад гітары (маўляў, не жабрую – зарабляю). “По- русски пой, сука!” – зароў нейкі п’яніца, вываліўшыся з кавярні. “Арыстакрат” засьпяваў па-руску. А міма, “пожрамши”, ганарова фланіруе публіка “Танькаў” і “Надзь” у замежным тандэце з 86-й вуліцы ў Брукліне (самыя танныя магазіны для неграў, лацінасаў і гарадзкой беднаты) з надпісамі на чорных майках “BOSS” і кідае рублі ды купоны хто гімну СССР, а хто ангельскай білібярдзе. Ну якраз, як у Ільфа і Пятрова. Сумнае гэта відовішча.


А некалі ж якраз тут, пэўна, у самоце і цішыні хадзіў Максім Багдановіч. І я ўяўляю:


Мора за кіпарысамі,

белыя скалы.

Тут я ўпершыню.

Малочная цеплыня.


Белы дом, дзе ён жыў, стаяў у самым цэнтры цяперашняга зграю на беразе мора і сапраўды “ля сіняй бухты”. Дом даўно разбурылі, і на яго месцы непадалёк ад набярэжнай пабудавалі гмахі санаторыя “Ялта”. Гэта на рагу вуліцы Севастопальскай ля Прыморскага парку. Там, дзе стаяў дом, цяпер будынак санаторнага клюба-сталоўкі.


У Ялце мала засталося адметных старых вуліц з суцэльнай старой забудовай. Бадай, найбольш цікавая ў гэтым сэнсе вуліца Марская. Яна пачынаецца ад царквы Аляксандра Неўскага і заканчваецца на набярэжнай ля берага мора. У царкве А. Неўскага адпявалі Багдановіча. Знойдзены нават запіс у царкоўнай кнізе аб тым, што сьвятар Віктар Багданаў з псаломшчыкам Розавым 15 траўня 1917 года (Багдановіч памёр 12 траўня) ажыцьцявілі абрад памінаньня і пахавалі Максіма на ялцінскім “городском новом кладбище”, па праваслаўным хрысьціянскім звычаі.

Мне здаецца, што менавіта па вуліцы Марской праехаў чорны катафалк і пралёг апошні шлях паэта. Тут захаваліся дамы канца ХІХ-пач. ХХ ст., Багдановіч, пэўна ж, хадзіў па гэтай вуліцы. Старыя будынкі бачылі яго. Яны таксама гавораць.

Але вэрхал на надбярэжжы працягваецца да позьняга вечара. І ўсё ж, каб што-небудзь зразумець, я вырашыў прыйсьці сюды ноччу, калі ціха, калі размаўляюць прадметы і рэчы, і марская хваля. Мне хацелася пачуць голас Багдановіча.


МЕСЯЧНАЯ НОЧ


Чакаць цішыні прыйшлося доўга. Не сьціхала вулічная гамана. Узышоў месяц. Дзівосная пара. Месяц над морам, над цёплым змрокам, мігціцца вада, і здаецца, што грае скрыпка... – сьвет, як у шчымлівых навэлах Танідзакі. Памяць нагадала даўнюю карціну:


Выйшаў да мора

ў летнюю ноч.

І не магу вярнуцца.

Месяц сьвеціць.


Чаму месячнае сьвятло спараджае маркоту і шчымлівае захапленьне? Зрэшты, каму што. За вакном яшчэ грымела лаянка (вядома ж, не на месяц). Алоўкам напісаў на газэце:


Серабрыстая ціхая ноч.

Месячны бляск

калыхаецца

ў шэпаце хваль.

Толькі гэтым п’яніцам

пад ліхтаром

Піць сваю “водку”

Ды галёкаць пра Маскву.


Месяц набраў сілы, падняўся і засьвяціў на падлогу, адбіваючы раму вакна. Пацішэла. Поўніцца ноч. Цікаюць ходзікі. Млосная цеплыня. Чуеш, Максім...


Месяц на чужыне

Сьвеціць мне ў вакно.

Як далёка

да маёй Бацькаўшчыны.


Здаецца, граюць паланэз. Я намагаўся ўспомніць хоку пра паланэз, каб прачытаць табе, і ня мог. Я ўсё забыўся. Там было нешта пра травень. Здаецца, і ты быў тут у траўні. Гэта ж твой дом, праўда? Штосьці баліць у грудзях. Пэўна, сэрца. Ты ж памятаеш гэты час, калі сочыцца месячка з засені хмар...


Ужо цямнее на двары –

Памірае дзень вясеньні.

Зноў ляжу на ложку белым.

Той жа дом і тыя ж сьцены,

Тое ж неба за вакном.

Хутка ўзыйдзе месяц ясны,

Вось зьявіўся, як у казцы.

Будзь здароў, мой срэбны дружа!

Будзь здароў, мой сябра верны!

Будзь здароў, мой адзінокі!

Пасьвяці на ложак мне.

Мо’ ня раз яшчэ ўбачу

Бледны твар твой у вакне.


О, пэўна. Ты яшчэ ня раз яго ўбачыш. “Ты ня згасьнеш, ясная зараначка...” Дзіўна. Калі ты памёр, яшчэ не нарадзілася нават мая маці, а цяпер я табе бацька. Якое глупства. Што могуць значыць чые-небудзь гады перад тваёй вялікасьцю!.. Як ціха на вуліцы Марской. Толькі мае крокі. Мора з гары пад месяцам – нібы расплаўленае серабро. Бачныя, але нячутныя хвалі. Калісьці я гэта бачыў... Зноў грае скрыпка. Грай, грай па маёй Бацькаўшчыне. Вунь яна, вунь за гарамі...


Сонца чырвонае ў ліпах далёкіх

Блішчыць з-за разгалістых крон.

Патухае.

Коней табун праляцеў на начлег.

Раствараецца пыл у траве.

Летняя машкара над дарогай.

Поўз зялёнае жыта крочу дамоў

І бачу,

Як барвы нябёс

адбіваюцца ў шыбах.


Раптам я пачуў шум хваль, нібы лопнула перашкода і згукі мора ўварваліся ў істоту. Сіняя-сіняя вада з пералівамі, б’ецца ў бераг прыбой. Што за сьветлая краіна?.. О, любімая зямля!.. Ты ж чуеш мяне, несамотная... Што за яркае сонца на белай сьцяне?.. Прахалода... І заштораныя вокны. Як маркотна лунае гудок парахода, як шчымліва гучыць. А, здаецца ж, машына. Ах, мілая машына, адвязі мяне... ў маю старану... Сэт этуаль... ля плю бэль...** і самая далёкая... О мамо... О, Ганно..., Анно... доміні...


Мілая зямля!

Мо’ ня прыйдзе наш зорны час,

Мо’ затопчацца сьлед.

Мой закончыцца бег,

Я пайду.

Ах, каб стаў бы я іскрай

Сьвятога агню,

Ах, каб быў хоць былінкай

У полі.

Ах, каб стаў я ахвярай

Апошняму дню.

Ах, каб мог я ўзяць Тваё гора

На плечы...

Буду кропляй крыві

У пакутах Тваіх,

Толькі б з Табой

Навечна...


Цеплыня над морам... Якая цеплыня... Толькі холадна ў ногі. Ах, я ж стаю ў вадзе. Коціцца галька. Чаму я не здзіўляюся – гэта ж Анёл Божы на небе ляціць над вадой. Як сухая трава валасы. І чаму ён такі суровы?.. Дзіўлюся, што вішневы цьвет на вадзе. Хіба ж бо май? Не, гэта блікі... Цікаюць блікі... цік-цік – ходзікі... Стукае... пярсьцёнкам па стале... пісар земскі...


Гарыць у грудзях.

Так млосна ў цішыні,

Хтось пяе за сьцяной

пра любоў.


Я падняў галаву. Іграла радыё ў пакоі. Сьцерхала рука, прыціснутая да стала. У пакоі было сьветла. Так я і праспаў галавой на стале пад месяцам. Ужо ірдзелі пад сонцам макаўкі царквы, дзе некалі адпявалі Максіма Багдановіча. Мора было абсалютна спакойнае, поўны штыль, і бледнае, як туман. Вось і “фатаграфія”:


Сьвітае.

Далёкі карабель на гарызонце

Застыў у марской цішыні.

Неба.


Так што нічога не атрымалася з маім начным бадзяньнем па чужым горадзе. Прыстойныя людзі ноччу сьпяць. Але ж што гэта было? Што гэта было, Максім?.. А можа я ня спаў?


АРЫЕНЦІРЫ


Раненька прыйшоў узрушаны Ўладзя. Памерла маці. Ён тэрмінова ад’язджаў у Наваполацк. Дзень быў цяжкі, нават прыгнечаны. Фатаграфаваў мясьціны Багдановіча. Сама сабой склалася “фатаграфія” дня:


У сябра няшчасьце –

маці памерла.

Штось маркотна стала мне.

Цэлы дзень маўчу.


Перад ад’ездам вырашыў яшчэ раз схадзіць на могілкі да Багдановіча. Апрануўся ў касьцюм, купіў белых кветак і пайшоў адзін. На могілкі я прывык глядзець як дасьледчык. Усе могілкі ёсьць помнікі гісторыі і культуры. Яны павінны захоўвацца вечна. Хочаш пазнаць незнаёмы горад – схадзі на яго могілкі. Калі ўмееш пазнаваць – даведаешся шмат.

Я прыйшоў да Багдановіча ўжо вечарам, калі садзілася сонца. Падыходзіў паволі, і аж сэрца стукала ў мяне ад хваляваньня. Вось глыба-помнік, і за ёй... Не, спадары, не. Катка не было. Але калі б ён зноў зьявіўся, то я, аказваецца, сам гатоў быў паверыць у свой жарт. Што называецца, не жартуй сьвятымі рэчамі, а то дурнем станеш. Каля помніка на галінцы туі вісіць бел-чырвона-белы сьцяжок. На палатне пакідаюць аўтографы беларусы. Апошнімі перада мной былі студэнты філфака БДУ.

Павінен сказаць, што трапіць на старыя Ялцінскія могілкі ня так проста. Горад надзвычай зарослы дрэвамі, кустамі, а жыхары, як я ўжо адзначыў, кепска разьбіраюцца ў гэтай чашчобе. Яшчэ цяжэй знайсьці магілу Багдановіча на могілках. Таму не лічу лішнім напісаць тут кароткую дарожную арыенціроўку.

Ад кіно “Спартак”, што непадалёк ад цэнтра, трэба праехаць аўтобусам №15 да прыпынку вул. Украінская. Выйшаўшы з аўтобуса, трэба ісьці адразу з правага боку ўверх па цэмэнтовай дарожцы з прыступкамі пад шатамі кустоў. Потым праз мэтраў 200-250, выйшаўшы на асфальтавую дарогу, ідзем направа і праз мэтраў 50-70 выходзім на разьвілку зь невялікай пляцоўкай і аўтобусным прыпынкам насупраць.

Дарога, дзе едуць аўтобусы, паварочвае налева, а нам трэба ісьці направа па нешырокай, як праехаць аўтамабілю, асфальтавай дарозе паабапал дрэў і кустоў. Прыблізна праз 300-350 мэтраў з правага боку ўбачым нягеглую шырокую браму, звараную з жалезных “вугалкоў” і прутоў. Гэта і ёсьць уваход на могілкі. За брамай адразу зьлева ржавее ўрослая ў зямлю жалезная аўтабочка-прычэп ці то з-пад піва, ці то з-пад квасу, з надпісам – пітная вада. Бочка, гледзячы па ўсім, існуе тут спрадвеку і будзе, хутчэй за ўсё, стаяць вечна, пакуль, схаваўшыся пад сьмецьцем і зямлёй, не ператворыцца ў археалягічны здабытак (такі ўжо тут падыход). Таму згадваю яе як тапаграфічны арыенцір. Ад бочкі ідзем направа па асфальтавай дарожцы могілак. Праз 150 мэтраў мінаем ЛЭП і паварочваем трохі ўлева. Справа застанецца магутная жалезная апора ЛЭП. Трошкі прайшоўшы наперад, заўважым, што ўлева перпендыкулярна ад дарогі ідзе ўверх нешырокая дарожка, вымашчаная каменнай ачэсанай брусчаткай (гэта адзіная дарожка з брусчаткай на могілках). Вось тут паварочвайце направа і йдзіце ўніз па бэтонных сходах алеі, высаджанай кіпарысамі. Гэта і ёсьць алея да магілы Багдановіча.


Спусьціўшыся па ёй мэтраў на 100-120, справа за вялізнай чорнай бясформеннай глыбай помніка зь вялікай высечанай у камені чалавечай галавой убачым магілу Максіма Багдановіча.


АД’ЕЗД


Назаўтра раніцой я ад’язджаў у Менск. Раненька, на самым сьвітаньні, падняўся на схіл гары, каб здалёку на разьвітаньне зірнуць на “сінюю бухту”. Далёка ледзь чутна хвалявалася Чорнае мора. Вось бліснуў чырвоны прамень з-за вады, і пурпуровая дарога пабегла па дробненькіх хвалях. Нараджаўся шэдэўр прыроды, Боскія імгненьні, зь якіх складаецца вечнасьць. Непаўторнае ў паўторным. Можа, у такую раніцу ствараўся Боскі шэдэўр паэзіі. Імя яму Таямніца... Максім Багдановіч...


“У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.”


Барвовы шар усё вышэй падымаўся над мяжой небаспаду, асьвятляючы белы прыбой. Гэта бачыў Максім, гэта бачылі таўры і скіфы, гэтае сонца, што залоціць Ай-Петры, тую пену ля скал, тыя сінія хвалі...


З высокай гары –

мора за небакрай.

Хвалі блішчаць.

Тыя, хто застануцца жыць,

Убачаць тое самае.


Зянон Пазьняк

Надрукавана: (“Літаратура і Мастацтва”,-- 1992, 18 верасьня)

----------------------------------

* Артыкул быў адзначаны прэміяй лепшай публікацыі ЛІМа за 1992 год. (рэд.)

** Гэтая зорка... самая прыгожая... (франц.).

Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page