АБ РОЛІ НАЁМНІКАЎ У ПАЛІТЫЦЫ
- knihivolnajabel
- 3 days ago
- 4 min read

Тэрмін «наёмнікі» ўмоўны, ужываецца тут дзеля скарочанасьці разважаньняў. Маецца на ўвазе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і іншыя групы і асобы, зьвязаныя з ОСЦ (якія бяруць пачатак ад прарасейскай газпрамаўскай электаральнай апазыцыі і якія цяпер фінансуюцца Эўразьвязам).
Усходняя палітыка Эўропы апошніх стагоддзяў – гэта, перш за ўсё, палітыка Нямеччыны. Але пакідаем у дужках гісторыю нямецкай палітыкі на Усходзе, накіраваную супраць існаваньня Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і потым супраць дзяржаўнасьці Беларусі, і адзначым толькі цяперашні яе працяг.
Сутнасьцю нямецкай пазыцыі зьяўляецца ліквідацыя беларускай дзяржавы шляхам уключэньня яе ў склад Расеі.
Эканамічным інтарэсам такой палітыкі ёсьць танны доступ да расейскіх энэргарэсурсаў – нафты і газу.
Палітычным інтарэсам – зьяўляецца ціск на Польшчу (вырашэньне застарэлых і пастаянных праблемаў).
Мэтадам зьяўляецца падтрымка барацьбы супраць дыктатуры шляхам стварэньня залежнай ад Нямеччыны (Эўразьвязу) антырэжымнай і прарасейскай апазыцыі ў Беларусі.
Прыладай, інструмэнтам ліквідацыі зьяўляецца абстрактнае патрабаваньне дэмакратыі без уліку беларускіх нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнага існаваньня з мэтай злучэньня з «дэмакратычнай» Расеяй, якую раней фальшыва называлі «дэмакратыяй».
(Дзеля напаміну. Адкрытую дэклярацыю аб мэтах анэксіі – танныя нафта і газ -- гэтай нямецкай палітыкі зрабіў у верасьні 2000-га году на канфэрэнцыі ў Беластоку нямецкі кіраўнік Менскай місіі АБСЭ і былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны Ганс Георг Вік.)
Апошнім часам (з 2020 года па сёньняшні дзень) антыбеларуская пазыцыя Нямеччыны (Эўразьвязу) выяўляецца шляхам накладаньня шырокіх эканамічных санкцыяў на Беларусь, блакіроўкай чыгуначнага і паветранага транспарту, абмежаваньнем магчымасьці кантактаў для беларусаў з Эўропай і інш. Усё гэта робіцца пад выглядам барацьбы супраць дыктатуры Лукашэнкі і супраць ягонай палітыкі падтрымкі Пуціна і расейскай агрэсіі.
(Далей гістарычная і паліталагічная даведка. -- Эканамічныя санкцыі і эканамічная блакада прыводзяць да ўпадку дзяржавы і да абніжэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва, але не зьнішчаюць дыктатуру. Наадварот, робяць яе больш жорсткай і антынароднай.)
Вынікам эканамічных эўра-санкцыяў і транспартна-камунікацыйнай блакады Беларусі сталася тое, што рэжымная эканоміка Беларусі і гандаль цалкам пайшлі пад Расею (бо шлях на Захад быў зачынены). Больш таго, за некалькі гадоў санкцыйнага эканамічнага зьдзеку масы беларусаў, бачачы адмоўную рэальнасьць з Эўропы і пад уплывам прапаганды, пакінулі надзею на дэмакратычную Эўропу і пераарыентаваліся на Расею. Па некаторых сацыялагічных апытаньнях у 2020 годзе на Расею арыентаваліся 23-27 адсоткаў беларусаў, тым часам, бальшыня спадзявалася на добрыя адносіны з Эўразьвязам.
У 2025 годзе стала ўсё наадварот. На добрыя дачыненьні з Расеяй глядзяць 43-44 адсоткі насельніцтва і мізэр спадзяецца на Эўразьвяз. Вось вынік эўразьвязаўскай палітыкі за 5 гадоў, якую мы дыпляматычна называем «памылковай», але на самой справе – гэта не памылка, але прадуманая стратэгія, дзе не выпадкова ўсё пастаўлена з ног на галаву, усё робіцца насуперак здароваму сэнсу і насуперак логіцы ваеннага часу, які мы перажываем, -- калі трэба не блакаваць, а адцягваць акупаванае грамадзтва, народ (і нават прадажны рэжым) з-пад уплыву гібрыднай акупацыйнай палітыкі Расеі. І пры гэтым існуюць магчымасьці і механізмы.
Дзеяньні эўразьвязаўскай палітыкі Нямеччыны прадуманыя сістэмна і традыцыйна. З 2020 года Эўразьвяз узяў пад фінансавае забесьпячэньне вывезеную ў Летуву групу прарасейскай газпрамаўскай электаральнай апазыцыі. Прытым, была сьведама падтрымана фікцыя фігуры Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці нібыта выбранай асобы на прэзыдэнта Беларусі (што рэальна і юрыдычна нічым не было пацьверджана). Палітычны спэктакаль з «прэзыдэнткай» разыгрываўся пяць гадоў і, фактычна, яшчэ працягваецца па сёньняшні дзень.
Мэта гэтай аплочанай камбінацыі заключаецца ў тым, каб (першае) -- у палітыцы эканамічных санкцыяў супраць рэжыму (а рэальна – супраць народа Беларусі) можна б было спасылацца на пазыцыю «беларускай апазыцыі». Група ОСЦ безаглядна разыгрывае гэтую ролю – голасна патрабуе эканамічных санкцыяў і блакады Беларусі. (Некаторыя падбрусэльскія «апазыцыянеры» патрабуюць нават бамбаваньня энэргетычных прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь).
Другое. Каб ў час упадку рэжыму Лукашэнкі і раптоўных пераменаў эўразьвязаўскім палітычным дзеячам можна б было легальна ўехаць на плячах сваёй наёмнай «апазыцыі» ў Беларусь і ўстанаўліваць там «дэмакратыю» -- бяз нацыі і без Беларусі.
Добра зразумела, што там, дзе ў Беларусі зьяўляецца Нямеччына (Эўразьвяз), -- там ужо будзе і Расея, і супольныя інтарэсы, якія звычайна прыводзяць да палітыкі анэксіі пад выглядам аб“яднаньня з «дэмакратычнай Расеяй».
Гэтакая палітыка Нямеччыны супраць Беларусі пад дахам Брусэля даўно ўжо, як кажуць, ёсьць сакрэтам Полішынэля. Пра ўсё тое я пісаў яшчэ пяць гадоў таму. Але паўтарэньне ня шкодзіць. Тым больш, што і сама агентура ОСЦ тое не хавае.
Перад Новым годам Эўрарадыё брала інтэрв“ю ў С. Ціханоўскай. У канцы ёй задалі пытаньне, а што будзе рабіцца з боку ОСЦ, калі рэжым Лукашэнкі раптам абваліцца, якія будуць дзеяньні? Адказ быў наступны -- мы паедзем у Беларусь разам з эўрапалітыкамі, «гэта будзе дэлегацыя з прадстаўнікамі Эўропы».
Вось тут самае сутнаснае для разуменьня падстаўной ролі проксі-групы і дзейнасьці наёмнікаў у палітыцы. Тут таксама ёсьць сьведчаньне палітычнай шкоднасьці існаваньня ОСЦ для беларускай нацыянальнай пэрспэктывы.
Некаторыя шукаюць карысьць для Беларусі ў палітычным турызме ОСЦ, які нібыта пашырае інфармацыю пра Беларусь. Гэта фікцыя, бо рэальная інфармацыя вядомая бязь іх, яны не ў Беларусі. Тут адбываецца піяраньне фальшывай зьявы дзеля сумніўных і ненацыянальных інтарэсаў.
Ня мае ніякага значэньня антылукашысцкая рыторыка функцыянераў ОСЦ, іхныя пажаданьні шчасьця народу, спачуваньні палітвязьням, іхны эўрапейскі выгляд, касьцюмы, словы і фрызуры. Значэньне мае фінал наёмніцтва – куды яны хочуць прыехаць і каго з сабой прывезьці, -- якія будуць вырашаць лёс Беларусі «вместе с Россіей». Я ўжо не кажу пра паралельныя хваробы заходняга грамадзтва (якія «прыедуць» усьлед), -- прыярытэты палавой збочанасьці, геданізм, бязбожжа ды маральнае абдурэньне грамадзтва. Але калі паўстане рэчаіснасьць «вместе с Россіей», тады гэта ўсё ўжо ня будзе мець значэньня.
Тут паўтаруся. Шкоды наёмнікі яшчэ могуць нарабіць. Толькі з задуманага супраць Беларусі нічога не атрымаецца. Ніхто іх у Беларусі не чакае. І тым больш іхных эўра-нямецкіх піяршчыкаў, якія нагадзілі беларусам сваімі эканамічнымі санкцыямі. Пакіньце нават надзеі, панове эўра-палітыкі, у вольнай Беларусі панам ня будзе чаго рабіць. У Беларусі ёсьць сілы, якія здольныя пасадзіць наёмных імітатараў за краты, як толькі яны ступяць нагой на зямлю. Таксама ёсьць рэчы, якія немцам – не зразумець. Бо ня дадзена.
15 студзень 2026 г.
Зянон ПАЗЬНЯК



