top of page

АБ ПАЗЫЦЫІ БЕЛАРУСАЎ І ПАЛІТЫЦЫ ЗША АДНОСНА БЕЛАРУСІ

  • 4 hours ago
  • 2 min read



Пад "пазыцыяй беларусаў" маецца на ўвазе, перш за ўсё, пазыцыя Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" і тых беларусаў, якім не абыякавы лёс Айчыны і свой народ.


Амэрыка праводзіла добрую "амэрыканскую" палітыку адносна Беларусі, калі ў пачатку лютага 2020 года за часы 1-й кадэнцыі Прэзыдэнта Трампа ў Менск прыяжджаў Дзяржаўны Сакратар Майк Пампэа, працягвалася лібэралізацыя ў беларускім грамадзтве, калі дамоўлена было аб гандлёвых пастаўках амэрыканскага звадкаванага газу і нафты, аб магчымасьцях энэргетычнай дыверсіфікацыі і інш.


Крэмль акрысіўся на ўсё гэта жорстка (дарожныя карты "акупацыі каланіялізму" і т.п.) і ў гэтым жа 2020 годзе ў час выбараў правёў грандыёзную правакацыю супраць Беларусі, якая рыхтавалася ФСБ і з большага Маскве ўдалася. Вынік -- масавыя рэпрэсіі і зьнішчэньне ўсяго беларускага, поўная залежнасьць Лукашэнкі і рэжыма ад Масквы, пачатак расейскай агрэсіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі. У гэтым жа працэсе правакацыя зь "Белавія", спыненьне камунікацыяў і гандлю зь Беларусяй з боку Захаду, эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларускага народа і г.д.


У выніку створанай сытуацыі рэжым апынуўся моцна прывязаным да Масквы. Да пачатку 2024 года Беларусь, практычна, стала губляць палітычную суб'ектнасьць незалежнай дзяржавы і магла стаць разьменнай манетай у перамовах аб міры паміж Расеяй і Украінай. Гэта значыць, што беларусы маглі страціць дзяржаўную незалежнасьць.


На шчасьце, гэтых крытычных абставінаў удалося пазьбегнуць, калі ў амэрыканскую адміністрацыю Прэзыдэнта Трампа беларускія нацыянальныя сілы паслалі сігнал аб дапамозе і аб магчымасьці вяртаньня да ранейшай палітыкі Амэрыкі, скарыстаўшы верагоднасьць вызваленьня палітвязьняў у абмен на зьняцьце эканамічных санкцыяў з наступным разьвіцьцём гэтай палітыкі ў бок эканамічных інтарэсаў (інвестыцыі і г. д.).


Гэта было важна, каб Амэрыка ведала, што акрамя імітаванай групы Ціханоўскай (якая на ўтрыманьні Эўразьвязу агучвае эканамічныя санкцыі Брусэлю супраць Беларусі) ёсьць рэальная нацыянальная беларуская апазыцыя і актыўныя беларусы, якія супраць рэжыму Лукашэнкі-Пуціна і якія падтрымліваюць амэрыканскую палітыку.


Адносна амэрыканскай палітыкі Прэзыдэнта Трампа ў дачыненьні да Беларусі трэба ведаць галоўнае. Амэрыка зацікаўлена, каб на ўсходзе Эўропы існавала незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь. Тут геапалітычнае пытаньне супроцьстаяньня з Расеяй. І ня мае значэньня для амэрыканцаў, хто там у дадзеным выпадку будзе ў Беларусі кіраваць -- дыктатар ці прэзыдэнт. Расеі тут не павінна быць. Мусіць існаваць незалежная Беларусь.


Трэба толькі падзякваць Богу, што так сталася, і Прэзыдэнту Трампу за яго рацыянальную палітыку, за вызваленьне палітвязьняў і зьняцьце антынародных эканамічных санкцыяў, за фактычнае вяртаньне палітычнай суб'ектнасьці Беларусі. Астатняе можа разьвівацца далей (мы гэта назіраем).


Лічу патрэбным заўважыць для пэўнага кола людзей, якія чытаюць палітычныя навіны. З гледзішча ірацыянальнага, адбываецца абсурд. Чалавеку, які зьнішчае народ і праводзіць варожую палітыку генацыду нацыі, гавораць камплімэнты, вядуць перамовы, гандлююцца, дамаўляюцца, і беларусы просяць тое рабіць, каб уратаваць людзей і краіну, спыніць сьмерць і рэпрэсіі.


Ірацыянальнай сьведамасьці цяжка тое разумець, але палітыка заўсёды рацыянальная і дзейнічае па сваіх правілах, каб дасягнуць мэты. Тут як з тэрарыстам, які трымае ў закладніках народ і краіну -- альбо вайна, альбо гандаль і перамовы, альбо сьмерць закладнікаў. Толькі Амэрыка тут можа такую гуманістычную місію ажыцьцявіць. І вынікі ўжо ёсьць. Вызвалены сотні палітвязьняў, часткава ліквідаваныя шкодныя эканамічныя санкцыі, зьявілася канфэсійнае пацяпленьне, працэс не спыняецца, дзякуючы Амэрыцы.


Па меры аслабленьня Пуціна і верагоднага ўпадку маскоўскага імпэрыял-фашызму можа ўзьнікнуць магчымасьць альбо лібэралізацыі рэжыму Лукашэнкі, альбо зьмены лукашысцкай дыктатуры на іншы кіроўны рэжым. Прытым не абавязкова прапуцінскі і прамаскоўскі. Аднак ня будзем заглядваць наперад, бо палітыка бывае капрызнай.


Ды-й беларусы, спадзяюся, з боку не застануцца.



Зянон Пазьняк


17-05-2026.


Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page