УВАГА. СУБ’ЕКТЫВІЗМ
- 11 minutes ago
- 4 min read

Гаворка пра суб'ектывізм у навуцы. 5-га ліпеня "дэмсмі" зьмясьцілі апавяданьне пра кнігу антраполага і этнасацыёлага прафэсара Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук пані Ганны Энгелькінг. Кніга называецца «Калгасьнікі» і прысьвечана антрапалагічнаму дасьледаваньню беларускай ідэнтычнасьці. Далей цытаты з "дэмсмі".
"Манаграфія «Калгасьнікі» стала плёнам больш як пятнаццацігадовых дасьледаваньняў, якія аўтарка і яе калегі зь сярэдзіны 1990-х гадоў праводзілі амаль штолета ў Беларусі. (...) З соцень запісаных размоваў склаўся калектыўны аўтапартрэт беларуса, які аўтарка кнігі пазначыла ёмістым словам «калгасьнікі». Пад такой назвай кніга выйшла ў Варшаве ў 2020 годзе, а цяпер зьявіўся яе беларускі варыянт. Дасьледніца ім ганарыцца."
І далей: "Абранае для назвы слова «калгасьнікі» аўтарка ня лічыць крыўдным эпітэтам, а называе прыкметаю пэўнага часу. Яна мяркуе, што сялянскія каштоўнасьці працягваюць жыць у сучаснай беларускай культуры і ў беларускім грамадзтве ў цэлым (...) Умоўная формула беларускай ідэнтычнасьці, якую вывела ў сваёй кнізе польская дасьледніца, паводле яе, прайшла выпрабаваньне часам. (...) Гэтыя людзі ў ХІХ стагодзьдзі атрымалі вольнасьць і сталі гаспадарамі, але за савецкім часам зноў гэтую вольнасьць страцілі і сталі калгасьнікамі.
У канцы размовы (з захапленьнем пішуць "дэмсмі") прафэсар Ганна Энгелькінг падзялілася з "Свабодай" сваёй марай — ушанаваць беларускага селяніна, якога яна лічыць творцам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
«Хацела б, каб у цэнтры Менску паставілі помнік селяніну. Я б назвала гэтага чалавека „кулаком“.
Можа, хто засумняваецца, што такое напісана, то даю спасылку: https://www.svaboda.org/a/33793226.html?fbclid=IwY2xjawS5xglleHRuA2FlbQIxMQBzcnRjBmFwcF9pZBAyMjIwMzkxNzg4MjAwODkyAAEer2Jl69OMrvjF9SGDXvRsI8MILWQU-9PUTAF2Id01KCuLTGAAvldSvmeFIEE_aem_seI5RcAW78fgukx4LXWmQw .
А з нашага боку будзе некалькі заўваг. І найперш -- чаму мэтад пані Энгелькінг ня ёсьць навуковым. Вызначэньне сьведамаснай ідэнтычнасьці народа ня робіцца па плывучай і пераменнай сацыяльнай прыкмеце. Прытым па каланіяльнай і па акупацыйнай рэчаіснасьці. Усе вялікія дасьледчыкі жыцьця, быту, культуры і ідэнтычнацьці беларускага народа Яўхім Карскі, Міхал Федароўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Еўдакім Раманаў, Майсей Грынблат за савецкім часам і нават тэндэнцыйныя расейскія дасьледчыкі мінулага называлі беларусаў беларусамі, і нават кнігі свае друкавалі з загалоўкамі "Беларусы".
Нікому з вучоных не прышла ў галаву думка назваць ідэнтычнасьць этнічнага насельніцтва за часы царскага прыгону "рабамі" ці "дваровымі", ці "падзёншчыкамі", ці "прыгоннымі" і т.п. А вось за часы савецкай акупацыі і савецкага калгаснага прыгону, аказваецца, можна. Прытым пані Энгелькінг сцьвярджае, што вясковае вызначэньне "калгасьнікі" адносіцца да ўсіх беларусаў. Нагадаю прыведзенае вышэй сцьвярджэньне: "Умоўная формула беларускай ідэнтычнасьці, якую вывела ў сваёй кнізе польская дасьледніца, паводле яе, прайшла выпрабаваньне часам. (...) Сялянскія каштоўнасьці працягваюць жыць у сучаснай беларускай культуры і ў беларускім грамадзтве ў цэлым"
Ганна Энгелькінг згадала, як паводзілі сябе беларусы падчас бурлівых падзеяў 2020 года. «Памятаеце? -- усклікае пані Энгелькінг. -- Пратэставалі бяз гвалту, праводзілі сходы ў дварах, а калі выходзілі на вулічныя маршы, дык на іх ішлі спакойна, (...) узлазілі на лаву, папярэдне зьняўшы абутак." Вось гэта і ёсьць "калгасьнікі", паводле пані Энгелькінг.
Ад ацэнак гэтага тэксту ўстрымаюся. Як казаў адзін літаратурны расеяц -- "Срам, господа, срам". Так нельга пісаць пра народ.
У пачатку пані прафэсар піша, што будзе казаць пра сялянства, але потым выходзіць, што пра ўсіх. Тады вымушаны нагадаць пра простыя рэчы, якія трэба ведаць, прыступаючы да навуковага аналізу і разважаньняў.
У Рэспубліцы Беларусь (на 2025 год) доля гарадзкога насельніцтва складала прыблізна 79–81% ад агульнай колькасьці жыхароў. Гэты паказчык робіць Беларусь адной з самых урбанізаваных дзяржаў сьвету. Міжнародныя арганізацыі (Сусьветны банк, ААН) ацэньваюць долю гарадзкога насельніцтва Беларусі ў памеры 81,1%. Дэмаграфічныя парталы (напрыклад, Worldometer) паказваюць, што ўрбанізаванымі зьяўляюцца каля 85% жыхароў Беларусі.
Тым часам працэнт гарадзкога насельніцтва ў Рэспубліцы Польшча (на 2025 год) складае прыкладна толькі 59,2% — 60,4% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Гэта для параўнаньня, што датычыць пачатку ХХІ стагоддзя -- пэрыяду дасьледваньня пані Энгелькінг.
Цяпер пра канец ХХ-га ст. -- пэрыяду дасьледыаньня пані Энлькінг. У 1980-х гадах у Беларускай ССР (паводле зьвестак перапісу) доля гарадзкога насельніцтва ў рэспубліцы дасягала 66%.
Тым часам (для параўнаньня) працэнт гарадзкога насельніцтва ў Польскай Народнай Рэспубліцы ў 1980-х гадах быў ў межах ад 58% да 62%.
Неяк дзіўна выглядае, што 81-85% людзей ў адной з найбольш урбанізаванай краіне сьвету яны, аказваецца, ёсьць "калгасьнікі", бо здымаюць абутак, калі становяцца на гарадзкую лавачку. А можа справа тут у культуры беларускіх гарадзкіх людзей, а не ў "калгасе".
Адказ на тое, чаму пані прафэсар апынулася ў суб“ектыўным антынавуковым тупіку, тлумачыць часткова сама спадарыня Энгелькінг. Цытата:
"Ужо першым летам дасьледаваньня навукоўцу вельмі зьдзівіла павага да калгасаў, якую выказвалі беларускія сяляне, гэта здалося вельмі дзіўным. «Што калгасы мусяць захавацца, што бязь іх ня будзе жыцьця, што любім свайго старшыню, ён добры гаспадар. Пры гэтым, як расказваюць пра калектывізацыю, дык палова плача — бачна, што гэта для іх страшэнная траўма. Але чаму тады ня маюць нэгатыўнага стаўленьня да калгасаў? Я пачала разважаць і зразумела, што гэта і будзе тэмай галоўнага дасьледаваньня», — расказала навукоўца."
Уся бяда ў тым, што якраз нічога тут пані прафэсар "не зразумела". Беларускае грамадзтва таго часу было для яе "тэрра інкогніта".
Калгасы ў БССР у 1970-1980-х гадах былі ў цэлым не рэнтабельнымі, але яны адыгрывалі ролю сацыяльнай структуры ў матэрыяльнай і гуманітарнай падтрымцы сельскіх людзей (дапамога ў апрацоўцы сотак, тэхнікай, коньмі, прыём малака ад сялянскіх кароў, гадавалых цялят, грамадзкія пашы і інш.). У гэты час пачаў разьвівацца (праўда слабы) фермерскі рух, некаторыя калгасы перажывалі ў выніку крах, і сяляне-калгасьнікі аказаліся сацыяльна пакінутымі і бездапаможнымі. Гэта яшчэ не сталася масавай зьявай, але моцна напалохала сялян.
Пытаньне было настолькі сур'ёзным, што я, ідучы на выбары ў 1994 годзе і выступаючы за прыватызацыю зямлі ды прыватныя гаспадаркі, вымушаны быў удакладняць рыторыку, казаць пра неразбурэньне калгасаў і паступовасьць працэсаў прыватызацыі. Вось якраз у гэты пэрыяд пагрозы незразумелых для сялян перамен і выявілася амбівалентнае стаўленьне сельскіх людзей да калгасаў. Адначасна ненавідзелі калгасную сістэму, але ня верылі палітыцы ўладаў і тут жа хапаліся за калгасы, каб ня сталася горай і каб выжыць.
Для пані Энгелькінг палітычныя і сацыяльны падзеі таго часу ў Беларусі былі мала вядомыя і, як яна кажа, -- незразумелыя. У такім стане вельмі рызыкоўна было рабіць арыгінальныя высновы, якія датычаць назвы ідэнтычнасьці ўсяго грамадзтва. Атрымалася проста дрэнна. Перадавую моцна ўрбанізаваную нацыю абазвалі нядобрым савецкім словам "калгасьнікі" і прапануюць паставіць помнік "кулаку" (гэта яшчэ адна савецкая акупацыйная клічка сялян; тут і да "бульбаша" недалёка). Выглядае ўсё, як зьдзек.
Адзначу, што я далёкі ад таго, каб падазраваць пані прафэсар Энгелькінг у палітызацыі навукі ці, тым больш, у крытычных адносінах да беларусаў. Якраз наадварот: усе яе дасьледваньні Палесься і працы па Беларусі сьведчаць пра прыхільнасьць да беларусаў і пра прыстойнасьць пазыцыі дасьледчыцы. Але тут атрымалася так, як атрымалася. Дарэчы, беларускі пераклад кнігі існуе здаецца толькі ў фармаце ПДФ. Яно значыць, што гэта яшчэ, фактычна, не публікацыя.
І дасьледваньне можна працягваць.
Зянон Пазьняк
10 ліпень 2026 г.



