ПАМЯЦЬ ПРА ГЕНАЦЫД
- 2 days ago
- 3 min read

Трэці чэрвень – дзень, які ў 1988 годзе ўскалыхнуў усю Беларусь, увесь Беларускі народ. У гэты дзень у газэце "Літаратура і мастацтва" зьявіўся артыкул "Курапаты -- дарога сьмерці" пра расейскае людабойства ў Курапатах пад Менскам.
У артыкуле была апісана сістэма маскоўскага генацыду і магілы тысячаў расстраляных беларусаў у 1937--1941 гг. Упершыню былі знойдзеныя і раскрытыя парэшткі забітых ахвяраў, апісаныя дзеяньні масавага вынішчэньня беларусаў. Аб злачынствах была ўзбуджана крымінальная справа.
Газэту перадавалі з рук у рукі, чыталі цэлымі прадпрыемствамі, зачытвалі да дзірак. Перад публікацыяй артыкула я разумеў, што будзе "ўдар", але ня думаў, што пачнецца такі паварот і ўздым у народзе. Гэта акрыляла. Бо сьведчыла, што дух НАРОДНЫ жыве.
Камуністы былі разгубленыя і нічога не змаглі супрацьпаставіць праўдзе. Хлусьні людзі ўжо ня верылі. Неўзабаве адбыліся афіцыйныя дасьледваньні пахаваньняў, археалагічную частку якіх было даручана правесьці мне і групе археолагаў.
Дасьледваньні паказалі, што ў Курапатах за пяць гадоў штодзённых расстрэлаў магло быць забіта і закапана каля двухсот пяцідзесяці тысячаў чалавек.
Па маіх падліках за часы расейска-камуністычнага (сталінскага) генацыду ў Беларусі (якую Цімаці Снайдэр называў на той час «зонай сьмерці»), было забіта агулам каля аднаго мільёна восемсот тысячаў чалавек. Некаторыя дасьледчыкі кажуць пра мільён шэсьцьсот тысячаў. Пасьля 2-й сусьветнай вайны савецкая статыстыка назвала лічбу каля трох мільёнаў забітых беларусаў, сьпісваючы ўсё на немцаў.
Неўзабаве камуністычныя ўлады, пад націскам фактаў і доказаў, прызналі існаваньне энкавэдзісцкага людабойства ў Курапатах.
Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі спрабаваў стварыць забыцьцё пра гэтае месца. Але ў 2000-м годзе ў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ была распрацавана канцэпцыя вечнага Народнага Мэмарыялу Курапаты -- і пачалося яго стварэньне. Неўзабаве на месцы расстрэльных ямаў зьявіліся тысячы драўляных крыжоў, якія пастаянна прыносілі (асабліва на Дзяды) і ставілі беларусы.
У 2019-м годзе Лукашэнка, па патрабаваньні Масквы, пачаў зьнішчэньне Народнага Мэмарыялу і ламаньне памятных крыжоў. Быў скарыстаны гэбоўскі правакатар, прпаганда, паклёпы, была задзейнічана тэхніка (бульдозеры, краны і інш.). Грамадзкія мерапрыемствы ў Народным Мэмарыяле забаранілі, памятныя крыжы мэтадычна зьнішчаюць. (Дадам, аднак, што – марната гэта ўсё, бо Мэмарыял ужо зьнішчыць немагчыма. Старонка разбурэньня будзе ўпісана ў яго гісторыю.)
Курапаты – гэта толькі верхавіна, «чубок» вялікай лядовай гары генацыду беларускага народа. Ужо шмат пра гэта напісана. Ёсьць дасьледваньні. Але наша гісторыя і сучаснасьць, якая крывавіць у нас на вачах, патрабуе ад беларусаў як ад вялікага гістарычнага культурнага народа сістэмнага дасьледваньня і вывучэньня беларускага галакосту.
Пра што тут гаворка. Неабходна, каб была арганізацыя (напачатку, можа, некалькі энтузіястаў), якая будзе сістэмна дасьледваць, ствараць гісторыю зьнішчэньня беларускай нацыі, рабіць сьпісы забітых людзей і сьпісы зьнішчаных каштоўнасьцяў народа за часы акупацыі і неваенных дзеяньняў. Гэта значыць, пачынаючы ад канца 18-га стагоддзя (ад расейскага забору) і па сёньняшні дзень.
Павінен быць разьдзел пра асобы (пра людзей, ахвяраў людабойства) з класіфікацыяй па пэрыядах і гадах. Разьдзел пра зьнішчэньне беларускіх тэкстаў, беларускіх архіваў і беларускіх кніг. Разьдзел пра зьнішчэньне беларускай архітэктуры і мастацтва. Разьдзел пра зьнішчэньне рэлігіі.
Усё гэта ўваходзіць у зьмест расейскага генацыду супраць беларусаў.
Імя кожнага забітага варварамі чалавека Беларусі за прыналежнасьць яго да сваёй нацыі і культуры мусіць быць знойдзена, сьмерць яго засьведчана і апісана ў пераліку, пачынаючы ад умоўнага парадкавага нумара «адзін» і па сёньняшні дзень. Сэнс гэтай ініцыятывы (арганізацыі) можа так і называцца -- «Памяць пра генацыд».
Гэта павінна быць абавязкова дзяржаўная арганізацыя з дзяржаўным фінансаваньнем і навуковай базай. У сёньняшнім становішчы (калі дзяржава захоплена антыбеларускай уладай) трэба пачынаць з энтузіязму і валанцёрства за мяжой. Гэта нам, беларусам, трэба рабіць абавязкова дзеля зьберажэньня памяці і будучыні нацыі. Аналагі ў сьвеце ёсьць. Найбольш вядомыя Архіў і дасьледчы Інстытут ізраільскага Яд ва-Шэм. Хто чытае, хай разумее.
Зянон Пазьняк
3 чэрвень 2026 г.



