top of page

У ЧЫМ НЕПРЫНЯЦЬЦЕ І НЕДАВЕР ДА "ОФІСА ЦІХАНОЎСКАЙ"

  • 29 minutes ago
  • 3 min read

Перадпадзеі


1. Трэба ўлічыць, што ў 2020 годзе падстаўны ўдзел у выбарах прэзыдэнта нікому не вядомай хатняй гаспадыні Сьвятланы Ціханоўскай быў залічаны з парушэньнем закона Старшынёй ЦВК і маскоўскім агентам Лідай Ярмошынай.


2. У жніўні 2020 года адразу пасьля выбараў (у выніку якіх Лукашэнка застаўся пры ўладзе) Ціханоўская была вывезена лукашысцкім КГБ у Вільню па дамоўленасьці з уладамі Летувы. Яе выезд быў для яе асабіста прафінансаваны КГБ і адзначыны прымусовым відэазапісам, дзе Ціханоўская казала пра спыненьне пратэстаў.


3. Сьледам за Ціханоўскай у Вільні апынуліся кіруючыя асобы прамаскоўскай арганізацыі АГП (Аб“яднаная грамадзянская партыя) і далучыліся іншыя схаваныя функцыянеры, якія былі за мяжой.


4. У выніку быў створаны "Офіс Ціханоўскай" пад выглядам асяродка "беларускіх дэмакратычных сіл". Асоба Ціханоўскай неўзабаве была аб'яўлена "прэзыдэнткай-электкай" і "лідэркай" беларускай апазыцыі (жарганізмы "Офіса").


Адразу была прадэкляравана пазыцыя «Офіса» з апірышчам на Расею і Пуціна («Пуцін мудрый»), які нібыта мог дапамагчы расправіцца з рэжымам Лукашэнкі і падтрымаць «беларускую дэмакратыю».


Пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе прапуцінская пазыцыя паступова зьнікла з рыторыкі «Офіса» і зьмянілася на сцьверджаньне, што «Беларусь – гэта не Расея», спыніліся прарасейскія выказваньні і памяняліся на прабеларусія і на беларускай мове.


5. Частка беларускага грамадзтва пад уплывам прапаганды "дэмсмі" паверыла ў прапанаваную вэрсію і спадзявалася на "Офіс" як на альтэрнатыву лукашысцкаму рэжыму ў Беларусі.


6. "Офіс" атрымлівае пастаяннае вялікае (дзясяткі мільёнаў даляраў) фінансаваньне ад Эўразьвязу на патрэбы "беларускай дэмакратыі". Эўразьвяз вядзе сваю палітыку.



Паводзіны


7. Пачынаюцца сістэматычныя (з размахам) міжнародныя паездкі «Офіса і Ціханоўскай» па ўсім сьвеце па запрашэньні заходніх урадавых структур у суправаджэньні аховы і ў міжнароднай якасьці прывілеяў «віп-пэрсон».


8. Паездкі мелі гасьцявы, прадстаўнічы і ганаровы характар, уключалі ў сабе спатканьні з уладнымі асобамі краінаў, прадугледжвалі выступы на агульныя дэмакратычныя тэмы. Так працягвалася пяць з паловай гадоў.


9. Ніякіх сур“ёзных палітычных вынікаў такія паездкі «Офіса» і Ціханоўскай ня мелі (і рэальна не маглі мець) з прычыны поўнай адсутнасьці палітычнага капіталу, матэрыяльнай свабоды, палітычнай улады і легітымнасьці.


 «Офіс» апраўдвае свае ваяжы тым, што, маўляў, праз іх сьвет даведваецца пра Баларусь і пра становішча ў Беларусі.


10. Практычны вынік для Беларусі ад гэтых дарагіх пяцігадовых паездак – нуль. Тым часам палітычны вынік – шкодны з-за пастаяннай слоўнай дэкляратыўнай падтрымкі палітыкі Эўразьвязу, накіраванай на блакаваньне інтарэсаў Беларускага народа шляхам эканамічных санкцыяў, спыненьня гандлёывых, транспартных, камунікацыйных і інфармацыйных сувязаў людзей пад выглядам барацьбы супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.


11. Дзеля падтрымкі палітычнай імітацыі «Офіс» стварыў так званы «Пераходны кабінет», вынік справы якога – нулявы, уключыў у свой абсяг так званую «Каардынацыйную Раду», існаваньне якой характарызуецца бяздзейнасьцю, скандаламі з выкраданьнем грошай агентурай КГБ ды вольным існаваньнем там шматлікай расейска-лукашысцкай рэзідэнтуры (укаранёнай, дарэчы, па гендэрнаму прынцыпу).



Высновы


а). Разгляд паказвае, што «Офіс» выконвае ролю аплочанага проксі-суб“екта палітыкі Эўразьвязу, накіраванай на эканамічную, транспартную, гандлёвую і інфармацыйную ізаляцыю беларускага грамадзтва пад выглядам барацьбы за дэмакратыю з дыктатарскім марыянэткавым і прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, сюзьнікам пуцінскай Расеі.


(У пэрспэктыве пры пазбаўленьні ад антынароднага рэжыму проксі-структура можа быць скарыстаная як сродак уплыву на ўладу і палітыку ў вызваленай Беларусі.)


б). Імітацыя палітычнай дзейнасьці «Офіса» (рэальная бяздзейнасьць) прывяла да згортваньня пратэстнага змаганьня ў Беларусі, да пасадкі ў турмы рэжыму сотняў беларусаў праз безадказныя заявы Ціханоўскай, праз дэманстрацыю шкодных ініцыятываў «Офіса» і з-за вальготнай апэратыўнасьці антыбеларускай агентуры ў структуры «Офіса». («Чорная кніга», агент Гайко і інш.)


в). Слоўная падтрымка ізаляцыі і эканамічных санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі (рэальна – супраць Народу Беларусі) штурхае Беларусь у залежнасьць ад Расеі, прывяла да павелічэньня рэпрэсіяў, да замыканьня людзей у турму, спрыяе пагаршэньню жыцьця беларусаў, супярэчыць вызваленьню палітвязьняў, за якое стаяць нацыянальна-вызвольныя сілы і якое ажыцьцяўляе добрая воля Амэрыкі.


г). За пяць гадоў прысутнасьці ў Вільні функцыянеры з Офіса Ціханоўскай мэтанакіравана дыскрэдытавалі там аўтарытэт беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, сфалсіфікавалі беларускае адраджэнскае змаганьне за незалежнасьць і свабоду Беларусі, абхлусілі нацыянальную ідэю Беларусі, заснаваную на гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага, даўшы волю агентурнай дэмагогіі пад назовам «ліцьвінізм», падарвалі даўнюю дружбу паміж нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Летувы, якая цягнецца з часоў «Саюдзіса» і БНФ. Вось вынік падрыўной справы офісьнікаў у Вільні за пяць гадоў іхняй прысутнасьці.


Цяпер офісныя праніклі ва Украіну. Магчымыя аналагічныя вынікі.


д). Вялікай шкодай Беларускаму грамадзтву, частка якога ўспрымала «Офіс» як апазыцыю рэжыму, ёсьць расчараваньне шмат якіх беларускіх людзей ва ўсялякай апазыцыі і ва ўсялякім апазыцыйным змаганьні, раўняючы ўсіх па «Офісу», на які памылкова ў сваіх пачуцьцях яны паспадзяваліся. Тут нанесена шкода адначасна і беларускаму нацыянальна-вызвольнаму дэмакратычнаму руху, і ўсялякай беларускай нацыянальнай ініцыятыве, бо сьведамая прафанацыя «Офіса» (тут яшчэ трэба ўлічваць такую структуру «Офіса» як НАУ П. Латушкі) і палітычны правал яго існаваньня кінула цень на ўсіх беларусаў, што змагаюцца супраць агрэсіі Расеі і супраць антынароднага рэжыму Лукашэнкі.


е). Сытуацыя паказвае, што беларускія нацыянальна-дэмакратычныя і нацыянальна-культурніцкія сілы за мяжой (якія спрэс валанцёрскія) павінны салідарызавацца паміж сабой у змаганьні супраць рэжыму Лукашэнкі і агрэсіі Расеі.


Перавага «Офіса» -- вялікія грошы і, адпаведна, сродкі інфармацыі. Ёсьць шляхі, якія супрацьстаяць піяру і здольныя ліквідаваць перавагу.



Зянон Пазьняк


8 чэрвень 2026 г.

Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page