top of page

Зянон Пазьняк: АБ СЛУЖБОВЫХ ДЭМАКРАТАХ

Назіраецца сімптаматычная зьява. Людзі асобага складу, чые палітычныя сьляды цягнуцца з Масквы, зь ведамства Караганава і яго слугі Суздальцава, моцна акрысіліся на пані Ціханоўскую і на ўсю яе агентурную групу. Ужо дасталося кадраваму служачаму Кавалеўскаму, на чарзе -- ветэран службы пан Дабравольскі і іншыя. Сутнасьць асаблівай крытыкі фігуральна выглядае так: група Франака-Ціханоўскай -- гэта ніякія не дэмакраты, але па паводзінах сваіх яны ёсьць лукашыстыя навыварат, яны нічога не зрабілі для дэмакратыі Беларусі, акрамя славаблудзтва, і ня здольныя зрабіць, бо толькі спажываюць халяўныя грошы. Яны імітуюць дзеяньні ды пустыя словы, калі іх возяць па ўсім сьвеце і па розных замежных палітычных пэрсонах. (Лапідарна, але так і ёсьць.)

Але справа ў тым, што ўсе гэтыя імітатары і ўся псэўдаапазыцыя, і гэтыя яе строгія крытыкі "асобага складу" ёсьць адна масьць і адна катэгорыя. Нягледзячы на паказную крытыку, яны разам выступаюць за ўзмацненьне эканамічных санкцый супраць Беларусі (на справе -- супраць народу Беларусі), і ўсе яны галоўным ворагам Беларусі бачаць Лукашэнку, якога трэба, маўляў, зваліць, і тады настане дэмакратыя.

"Санкцыі, санкцыі!", -- крычаць гэтыя асобы, патрабуюць спыніць грузапатокі, спыніць рух цягнікоў, зачыніць беларускія амбасады і кансуляты, зачыніць наглуха межы, каб задыхнуўся Лукашэнка (разам зь Беларусяй).


І цяпер па зьмесьце гэтай пазыцыі. Задача маскоўскай палітыкі і яе службаў у гібрыднай вайне -- утапіць Беларусь, аслабіць народ і зьнішчыць дзяржаўнасьць, каб потым лёгка было захапіць краіну і ўлучыць яе ў Расею. Дзеля гэтага маскоўскія службы працуюць на пераарыентацыю галоўнага ворага ў сьвядомасьці беларусаў. Ім, маўляў, зьяўляецца не Масква, не імпэрская Расея, якая акупавала Беларусь, а Лукашэнка. Ён, маўляў, і яго рэжым ёсьць галоўны вораг Беларусі. Перакулім Лукашэнку -- і будзе свабода. Толькі патрэбны эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.

Цяпер мы бачым, як "эканамічныя санкцыі" Захаду цалкам загналі рэжым Лукашэнкі ў палон Масквы, выклікалі расейскія рэпрэсіі супраць беларускага народа і ўмацавалі прамаскоўскую дыктатуру ў Беларусі, бо ў Маскве ёсьць корань агрэсіі і корань зла.

Народ церпіць, дзяржава ўпадае, траціць сувэрэнітэт, а дыктатура і расейскае вынішчэньне мацнеюць, палітвязьні сядзяць, і колькасьць іх павялічваецца кожны дзень.

"Санкцыі супраць Беларусі, эканамічныя санкцыі!" -- паўтараюць службовыя дэмакраты, як заведзеныя. Рашуча ўзмацніць эканамічныя санкцыі, -- гукаюць яны, ціснуць санкцыямі, пакуль Лукашэнка ня выпусьціць палітвязьняў.

Гэтыя словы прамаўляюцца найперш для эўрапалітыкаў, для Эўропы, якая хоча такое чуць і аплочвае імітаваную апазыцыю.


Некалькі тлумачэньняў. Падзел канторскіх "дэмакратаў" на "дэмакратаў" і на апанэнтаў супраць канторскіх дэмакратаў -- гэта ёсьць тыповы прыём, каб заблытаць людзей і адцягнуць іх ад Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, які пляжыць імітатараў.

Службовыя дэмакраты тут надзелі маскі і сталі крытыкаваць Латушку ды Франака-Ціханоўскую. Але ўвага! Яны таксама, як і тыя, каго крытыкуюць, гукаюць за жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, за закрыцьцё мяжы, за спыненьне чыгуначнага транспарту і перавозак і г. д. І тут усё бачна.

Другая заўвага -- пра пазыцыю Захаду, перш за ўсё -- Эўразьвязу і найперш Нямеччыны і Францыі. Гэтыя дзяржавы праз Эўразьвяз укладваюць інвэстыцыі ў фальшывую групоўку, фінансуючы яе і цудоўна ведаючы, што рэальна няма там ні "прэзыдэнткі", ні "лідаркі" дэмакратыі. Яны разыгрываюць казку пра голага караля, дурачы міжнародную супольнасьць і сябе самых. Яны спадзяюцца на такі варыянт заканчэньня вайны, калі ім удасца на плячах свайго спансуемага суб'екта ўехаць у вызваленую Беларусь, і лёгка ўплываць на беларускую эканоміку, на палітыку, на выбары, на фармаваньне ўлады ды на падкупленых асобаў, ствараючы разам з Расеяй, як яны кажуць, "Беларускі мост" паміж Усходам і Захадам. А гэта значыць -- бясплатны транзіт, захопленыя рэсурсы ды галіны эканомікі, фінансавая ды гандлёвая сістэмы і г. д. "Мост" -- гэта ўжо нават не пратэктарат і ніякі не суверэнітэт.

Вось такая ёсьць далёкадумная палітыка восі "Парыж-Бэрлін-Масква" і сэрвільная роля ў ёй групоўкі Франака-Ціханоўскай, Латушкі, крытыка Балкунца і таму падобных службовых дэмакратаў.


22 студзень 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Commentaires


Anchor 1
bottom of page