АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ
- pepper
- 6 days ago
- 3 min read
У лукашысцкай катавальнай турме (рэжым зрабіў адмысловую катоўню для беларусаў) знаходзяцца тысячы вязьняў па палітычных абвінавачваньнях. Але бальшыня зь іх не палітыкі і ня маюць дачыненьняў да палітыкі. Гэта людзі, якія "ня тое" чыталі ў Сеціве, удзельнічалі ў дэманстрацыях альбо галасавалі на выбарах супраць Лукашэнкі. У турме таксама знаходзяцца беларускія нацыцянальныя актывісты і патрыёты Беларусі. Там сядзяць таксама ворагі Беларусі з газпрамаўскай рускамірскай "апазыцыі" і значная частка гэбоўскіх стукачоў і даносчыкаў (пад відам змагароў і дэмакратаў).
Калі паўстала пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў, сярод якіх існуе такі супярэчлівы кангламерат, тады задумаліся, што рабіць. НВР "Вольная Беларусь" стаў на пазыцыю -- вызваляць усіх. Інакш немагчыма. Тым больш, што, практычна, усе яны асуджаны па палітычных матывах і па прыдуманых абвінавачваньнях. З гледзішча рэжыму, усе, хто не падтрымлівае рэжым, успрымаюцца як непрыяцелі ўлады і падлягаюць рэпрэсіям. Сітуацыя ня простая, але пазыцыя ў дачыненьні да вызваленьня палітвязьняў мусіць быць адна і агульная.
На працягу апошніх пяці гадоў НВР "Вольная Беларусь" настойвала перад дзеячамі Эўропы аб зьмене палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, аб зьняцьці эканамічных санкцыяў, аб разблакіроўцы камунікацый і аб запрашэньні беларускага грамадзтва да ўзаемаабмену з Захадам. Умова для рэжыму -- вызваленьне палітвязьняў і спыненьне рэпрэсіяў.
Тут было шмат высілкаў, зваротаў, тлумачэньняў з нашага боку. Тым часам усе фінансуемыя з Брусэля грантавыя арганізацыі -- ОСЦ (Офіс Сьвятланы Ціханоўскай), НАУ (Латушка) і іншыя (Балкунец, Хартыя і т.п.) -- хорам падтрымлівалі Брусэль, жорсткае павелічэньне эканамічных санкцыяў, патрабавалі эканамічна душыць "белорусскій режім" і г. д. ("белорусского режіма", дарэчы, не існуе, ёсьць антыбеларускі рэжым). На справе гэтыя энтузіясты заклікалі душыць беларускі народ.
Калі прэзыдэнтам ЗША стаў Дональд Трамп, становішча пачало хіліцца да лепшага вырашэньня. З нашага боку ставілася задача зацікавіць ЗША праблемамі Беларусі праз перамовы з антынародным рэжымам Лукашэнкі і дамагчыся вызваленьня палітвязьняў.
У справе вызваленьня палітвязьняў з удзелам Амэрыкі мы злучылі свае высілкі з іншымі людзьмі, якія адэкватна і рацыянальна разумелі сітуацыю. (Гэта, найперш, "Асацыяцыя сваякоў палітвязьняў" -- Сьвятлана Мацкевіч, Тацьцяна Хоміч і інш., Валеры Кавалеўскі -- "Атлантычнае супрацоўніцтва" і інш., якія мелі разумныя кантакты з палітыкамі ЗША і т. п.)
Словам, сітуацыя пачала зьмяняцца. Амэрыканцы ўступілі ў перамовы з Лукашэнкам пра абмежаваньне санкцый, а Лукашэнка пачаў выпускаць палітвязьняў. (Прытым мы добра разумеем, што Злучаныя Штаты тут маюць свае інтарэсы.)
І вось тут адбылося тое, што часта бывае. Грантавыя асобы і ўсе "дэмакратычныя" эўра-проксі тут жа перамяніліся і ва ўнісон сталі хваліць дзеяньні Амэрыкі і прэзыдэнта Трампа, гучна сцьвярджаць, што яны стаялі за зьняцьцё санкцый, за перамовы Амэрыкі з рэжымам і падтрымліваюць Трампа (хоць да гэтага ўсё было наадварот).
Ужо можна спакойна назіраць: парадыгма вызваленьня палітвязьняў працуе сама па сабе. Грантавыя асобы, пераабуўшыся, самы ўсё што трэба падтрымаюць (вядома, пакуль трывае кан'юнктура ).
Цяпер мы назіраем палітычны кампраміс паміж прадстаўнікамі ЗША і Лукашэнкам, у выніку якога вызваляюць палітвязьняў з турмы, але выдаляюць іх за мяжу.
Дзякуй Амэрыцы! Вызваленьне палітвязьняў -- гэта вялікае дасягненьне, бо свабода найважней. Але для шмат якіх вызваленых беларусаў тут узьнікае цяжкая і сацыяльна стратная сітуацыя існаваньня на чужыне. Для рэжыма -- гэта працяг палітыкі гібрыднага генацыду беларускай нацыі.
Добра было б, каб праблема высылкі за мяжу вырашылася ў выніку далейшых перамоваў амэрыканскай дыпляматыі з рэжымам у Менску. На перашкодзе, праўда, стаіць Эўразьвяз (які ня хоча здымаць эканамічныя санкцыі, нават з "Белавіі"). Але, мяркую, што калі з боку Амэрыкі справа пойдзе аб інвэстыцыях у беларускую эканоміку, то, магчыма, пытаньне адмовы ад дэпартацыі можна будзе вырашыць разам з пытаньнем спыненьня рэпрэсіяў. (Праўда, апошні тэзіс напрасткі залежыць ад сітуацыі на расейска-украінскім фронце. І амэрыканцы, вядома, гэта ўлічваюць.)
14 верасень 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
ПОСТ СКРЫПТУМ
Апошнім часам (11-09-2025) рэжым дэпартаваў зь Беларусі 51-го палітычнага вязьня. Адзін палітвязень (Мікола Статкевіч) адмовіўся ад дэпартацыі і вярнуўся ў турму. З гледзішча рэальнай палітыкі гэта ацэньваецца, як папулізм, адмова ад палітычнай барацьбы на свабодзе дзеля стварэньня вобразу ідэйнай пазыцыі ў няволі.
Аднак, у канкрэтнай сітуацыі тут ёсьць знакавы момант -- пратэст супраць прымусовай дэпартацыі, якая зьяўляецца, фактычна, пазбаўленьнем Бацькаўшчыны, маёмасьці і грамадзянскіх правоў.
Відавочна, што дамоўленасьць -- свабода ў абмен на дэпартацыю за мяжу -- вымагае фармальнага ўдакладненьня. Прэцэдэнт са Статкевічам мог бы дазволіць амэрыканскай дыпляматыі ставіць пытаньне аб магчымасьці выбару для кожнага вызваленага вязьня. Прымусовай дэпартацыі можна пазьбегнуць.
Мушу адзначыць, што сітуацыя са Статкевічам абцяжарана яго адмоўным палітычным багажом і адмоўнай палітычнай ацэнкай у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху (пачынаючы з 1990-х гадоў). Цяперашнія ягоныя паводзіны, калі б яны паслужылі аргумэнтам для адмены дэпартацыі, палепшылі б палітычны імідж яго асобы. Аднак рэальна патрэбны будзе абавязковы групавы пратэст (хаця б частковы) пры наступнай дэпартацыі палітвязьняў. У беларусаў, вызваленых з турмы, ёсьць магчымасьць не пагаджацца з дэпартацыяй (асабліва тым, якім да канца тэрміну засталося два-тры месяцы). Гэта важны аргумэнт для амэрыканскай дыпляматыі і для перамены становішча.