top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: РЭФЛЕКСІІ АБ САНКЦЫЯХ І ЛЮДЗЯХ

Апошнім часам я спатыкаўся тут, за мяжой, зь людзьмі, якія толькі што прыехалі зь Беларусі. Паслухаўшы іх, цяжка не паддацца пачуцьцям. Эканамічныя санкцыі абвалілі жыцьцё простых беларусаў. Тым часам акупацыйны лукашысцкі рэжым умацоўваецца, расейцы скупляюць беларускую нерухомасьць, а беларус бяднее.

Некаторыя людзі ў роспачы. Каб зрабіць, напрыклад, звычайную даверанасьць на дзеяньні (якая даецца на адзін год), трэба заплаціць 300 даляраў (гэта месячная заработная плата). Перавесьці грошы за мяжу сваякам цераз банк немагчыма. Беларус мусіць вырабляць візу, выязджаць зь Беларусі і прасіць якога-небудзь замежніка аб дапамозе, каб зьдзейсьніць перавод грошай.

Растуць цэны, звузілася магчымасьць уладкавацца на працу (асабліва для адукаваных беларусаў). Бяспраўе ўсюды. За беларускае -- у турму. Адна асоба ў злосьці гэтак мне і сказала: "Я б гэтых (прозьвішчы апускаю), што за эканамічныя санкцыі здаецца, пазабівала б. Жыцьцё даражэе, грошай няма, працаваць няма каму, людзей хапаюць, начальства крадзе, Лукашэнка з Масквы ня вылазіць, а яны там, за мяжой, яшчэ гэтыя эканамічныя санкцыі супраць народа выпрошваюць".

Тыя, што ня чулі пра санкцыі (і пра спадароў, што за эканамічныя санкцыі), тыя ня лаюцца, але пра стан беларускіх людзей кажуць тое самае.

* * *

Пра разбуральную шкоду эканамічных санкцыяў для народа мне прыходзілася казаць ня раз. Гісторыя сьведчыць, што эканамічныя санкцыі не абвальваюць дыктатуру, але могуць давесьці да галечы народ (Куба, Паўночная Карэя). Дыктатура выжывае на галечы і бяспраўі людзей.

Другая праўда, пацьверджаная гісторыяй: людзі, якім няма чаго есьці не змагаюцца за свабоду, бо думаюць толькі пра хлеб. Голад не стымулюе свабоды. Калі давесьці народ да галечы -- дыктатура будзе вечнай (нават пасьля сьмерці тырана). Беднасьць штурхае людзей у цемру, у адсталасьць і рабства.

Дзеячы, якія праектуюць эканамічныя санкцыі для Беларускага народа, цьвердзячы, што тым самым яны нібыта караюць лукашысцкі рэжым за калабарацыю з агрэсіўнай Расеяй, гэтыя дзеячы цудоўна разумеюць, што цалкам заганяюць лукашысцкі рэжым пад Расею, у поўную залежнасьць ад Масквы. Яны ведаюць, што тым самым разбураюць асновы дзяржаўнасьці Беларусі, што штурхаюць ў беднасьць і эміграцыю беларускіх людзей і што ніводзін палітзьняволены ня будзе выпушчаны, і што лукашызм гэтыя эканамічныя санкцыі не абваляць.

Адбываецца расчыстка беларускага нацыянальнага і сацыяльнага поля для будучага зьнешняга выкарыстаньня. І найпадлейшую ролю ў гэтай здрадзе выконваюць так званыя "афісы", "нау", "хартыі", ды прадажныя "смі".

Калі б за палітыкай санкцыйных дзеячоў не існавала падвойных стандартаў, то падыход да беларускага пытаньня мусіў бы быць іншым. І такі падыход магчымы, калі разумна абмежаваць (з улікам вайны) эканамічныя санкцыі, упарадкавана і сістэмна ўладкаваць дачыненьні з людзьмі, улічваючы пэрспэктыву волі народа, дэмакратыі і свабоды Беларусі.

Барацьба вольнага сьвету з таталітарным Савецкім Саюзам доўжылася некалькі пасьляваенных дзесяцігоддзяў і закончылася перамогай Захаду ў выніку прадуманай стратэгіі і тактыкі. Стратэгіяй была "халодная вайна", тактыкай "мірнае суіснаваньне".

Захад стварыў добрую інфармацыйна-прапагандысцкую сістэму асьветніцтва і ўплыву, накіраваную на насельніцтва СССР, якая падрыхтавала масы вольнадумаючых людзей і дысідэнтаў, што правяло да палітыкі "перабудовы" і абвалу Савецкага Саюза.

"Мірнее суіснаваньне" абазначала абмежаваны гандаль і дазаванае ўзаемадзеяньне з СССР, каб не дапусьціць галечы і пралетарызацыі савецкага саўка, стварала яму ідэал дабрабыту на Захадзе. Усё гэта ўдалося. Калі б падыход да СССР быў такі як да Кубы ці да Паўночнай Карэі -- сьвет даўно ляжаў бы ў ядзерным попеле.

Гісторыя і прыклады паказваюць, што ёсьць іншыя падыходы, што іншыя падыходы магчымыя да Беларусі. Беларусам трэба разумець, што абазначае шкодная палітыка эканамічных санкцыяў. Ажыцьцяўляючы такую палітыку, Захад хоча вырашыць лёс Беларусі не ў беларускіх, але ў саваіх інтарэсах. Беларускі ж інтэрас мусяць ажыцьцяўляць беларусы.

Так павінна быць. Але так ня ёсьць. На паверхні палітыкі (і ў Бацькаўшчыне, і за мяжой) цяпер плаваюць тыя, што прапагандуюць чужыя інтарэсы. Гэта неабходна перамяніць. І гэта будзе зьменена.

4 кастрычнік 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК


Comments


Anchor 1
bottom of page