top of page

СТАТУТ НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ"


1. В ы з н а ч э н ь н е


1.1. -- Рух "Вольная Беларусь" (поўная назва "Нацыянальна-Вызвольны рух "Вольная Беларусь") – гэта дэмакратычнае, салідарнае, нацыянальна-вызвольнае грамадзка-палітычнае рушэньне беларусаў, якое створана і дзейнічае дзеля вызваленьня Беларусі з-пад расейскай акупацыі і з-пад антыбеларускага рэжыму ўлады, усталяванай ў 1994 годзе.

1.2. -- Рушэньне накіравана на захаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай самаідэнтычнасьці беларусаў шляхам нацыянальна-культурнага асьветніцтва і адукацыі ў Бацькаўшчыне і за мяжой -- усюды, дзе ёсьць беларусы.

1.3. -- Рушэньне грунтуецца на беларускай нацыянальнай ідэі "Адраджэньне", яднаецца на "Палітычных прынцыпах" арганізацыі і задачах Руху "Вольная Беларусь", шануе ідэалы волі і незалежнасьці Беларусі, сцьверджаныя 25 Сакавіка 1918 года і 25 Жніўня 1991 года.

У арганізацыйных дачыненьнях Рух кіруецца гэтым Статутам.


2. С т р у к т у р а


2.1. -- Рух "Вольная Беларусь" зьяўляецца беларускім дэмакратычным нацыянальна-вызвольным рушэньнем і складаецца з двух частак – айчыннай (знаходзіцца ў Беларусі) і замежнай (знаходзіцца па ўсім сьвеце, дзе ёсьць беларусы).

2.2. -- Айчынная частка Руху, улічваючы абставіны расейскай акупацыі і антыбеларускія рэпрэсіі з боку антынароднага рэжыму, фармуецца, дзейнічае і знаходзіцца ў падзем'і.

2.3. -- Колькасьць асобаў у суполках айчыннай часткі Руху складае 2-3 асобы. Прынята гарызантальная структура існаваньня. Існуе ланцуговая сувязь праз адну асобу ад кожнай суполкі.

2.4. -- Айчынныя суполкі існуюць на падставе сацыяльных кантактаў. Пратаколы афармленьня адсутнічаюць. Легалізацыя і стварэньне вольных статутных структур стане магчымым пры зьмене палітычных абставінаў.


2.5. -- Замежная частка Руху складаецца з вольных беларускіх суполак, якія існуюць па ўсім сьвеце ў розных краінах. Колькасьць сяброў у суполцы (пачынаючы ад двух асоб) неабмежаваная, але пажадана -- ня больш 15-20 асобаў дзеля эфэктыўнасьці справы. Пры большай колькасьці асобаў ствараецца іншая суплолка.

2.6. -- Стварэньне суполкі адбываецца шляхам сацыяльнай зборкі (сходу) аднадумцаў, якія сьведчаць пра падтрымку "Палітычных прынцыпаў арганізацыі і задачаў Руху "Вольная Беларусь", Дэклярацыі аб дзейнасьці і Статуту Руху, прымаюць рашэньне аб арганізацыі суполкі, выбіраюць старшыню і, калі неабходна, -- сакратара суполкі, надаюць назву суполцы, афармляюць арганізацыю пратаколам сходу з пазначэньнем імя, прозьвішча (альбо, улічваючы абставіны, псэўданіма) усіх сяброў суполкі, іхных тэлефонаў і электроннай пошты. Копія пратаколу высылаецца ў Каардынуючую Управу Руху.

2.7. -- Дзеля ўнутранага карыстаньня суполка стварае ўліковую картачку на кожнага сябра суполкі, дзе можа быць пазначаны год нараджэньня, прафэсія, адукацыя, месца працы, хатні адрас сябра і фізічныя магчымасьці дапамогі ў працы суполкі (наяўнасьць аўто, друкаркі, сканэра, швейнай машыны, гукавых прыладаў, жылплошчы для часовага выкарыстаньня і г. д.). Уліковыя картачкі сяброў суполкі дублюецца ў Каардынуючай Управе руху. Зьмест уліковых картачак не разгалошваецца, не выкарыстоўваецца публічна.


2.8. -- Прыём сяброў у суполку і выключэньне з суполкі (калі сябра парушае статутныя палажэньні альбо грамадзкія прынцыпы маралі) адбываецца рашэньнем суполкі на агульным сходзе суполкі з датрыманьнем працэдур альбо Управай Руху пры надзвычайных абставінах і немагчымасьці прыняць рашэньне ў суполцы.


2.9. -- Улічваючы акупацыю Беларусі расейскім войскам, стан вайны і дзейнасьць антынацыянальных сіл кантактныя зьвесткі суполак і сяброў суполак зьяўляюцца схаванымі дукумантамі Управы Руху, не перадаюцца, не распаўсюджваюцца, не публікуюцца, існуюць толькі для ўнутранага выкарыстаньня Управы. Публічна сваімі кантактамі можа распараджацца толькі суполка, калі палічыць тое патрэбным.


2.10. -- Ліквідацыя суполкі можа адбыцца ў выніку самароспуску і агульнага рашэньня сяброў суполкі (шляхам галасаваньня) альбо ў выніку рашэньня Каардынуючай Управы, калі суполка мэтанакіоавана парушала Статут, Палітычныя палажэньні і Дэклярацыю дзейнасьці Руху альбо, калі груба парушаліся прынцыпы грамадзкай маралі і заканадаўства краіны знаходжаньня.


2.11. -- Індывідуальнае залічэньне ў НВР «Вольная Беларусь і выключэньне з Руху адбываецца рашэньнем Управы.


2.12. -- Беларускі Нацыянальны Сакратарыят (БНС) Руху "Вольная Беларусь" зьяўляецца ідэалагічна-палітычнай структурнай адзінкай Руху, адказным за нацыянальную ідэалёгію, палітычную пазыцыю, тактыку і стратэгію рушэньня. У плане ідэалёгіі і стратэгіі Руху валодае каардынацыйнымі функцыямі.

Вальны Сойм Нацыянальна-Вызвольнага Руху прапануе і зацьвярджае старшыню БНС, які зьяўляецца палітычным лідарам нацыянальна-вызвольнага змаганьня за вольную дэмакратычную Беларусь. Старшыня БНС фармуе склад БНС у колькасьці ад 7 да 9 асобаў, якіх зацьвярджае Сойм паіменным галасаваньнем.

Стратэгічныя накірункі палітыкі, прапанаваныя Беларускім Нацыянальным Сакратарыятам зацьвярджаюцца Вальным Соймам Нацыянальна-Вызвольнага руху.


(З а ў в а г а-1*. Правілы дзеяньня БНС больш дэталёва прапісаны ў «ПАЛАЖЭНЬНІ аб Беларускім Нацыянальным Сакратарыяце Руху «Вольная Беларусь», якое зьяўляецца статутным дакумантам.)


2.13. -- Беларускі Нацыянальны Сакратарыят можа выступаць з інфармацыяй і публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі і перад палітычнымі арганізацыямі аб палітыцы і ідэалёгіі Руху "Вольная Беларусь".


3. У д з е л у р у х у п а-з а с у п о л к а й


3.1. -- Калі няма магчымасьці ўтварыць суполку Руху, тады асоба можа ўдзельнічаць у Руху індывідуальна, паведаміўшы Каардынуючую Управу ў форме пісьмовай заявы, дзе павінна быць засьведчана аб згодзе і падтрымцы "Палітычных пранцыпаў" Руху, «Дэклярацыі аб дзеяньнях» і аб падпарадкаваньні Статуту Руху "Вольная Беларусь".

Па сутнасьці пададзенай заявы Управа прымае рашэньне.

3.2. -- Калі нейкае палажэньне Палітычных Прынцыпаў ці Статуту выклікае ў спаборніка непрыняцьце, тады ён ня можа быць сябрам Руху.

Са згоды Управы такі спаборнік, ня будучы сябрам Руху, па яго жаданьні можа супрацоўнічаць з Рухам на правах афілятыўнай асобы (бяз магчымасьці ўдзелу ў галасаваньні і ў прыняцьці рэшэньняў).


3.3. -- У Руху "Вольная Беларусь" можа ўдзельнічаць калектыўная група ці арганізацыя, калі яна згодная і падтрымлівае "Палітычныя прынцыпы", «Дэклярацыю аб дзеяньнях» і Статут Руху, падае пісьмовую заяву аб удзеле і прадставіць пратакол рашэньня групы (арганізацыі) з інфармацыяй аб індывідуальным галасаваньні.

Па сутнасьці заявы групы (арганізацыі) Управа (па ўзгадненьні з БНС) прымае рашэньне.*

Група (арганізацыя), што набыла калектыўнае сяброўства ў Руху як калектыўная адзінка, валодае адным голасам (і адным дэлегатам) незалежна ад колькасьці ўдзельнікаў групы (арганізацыі)


(Заўвага-2*. Тэарэтычна група (арганізацыя) скандальнага, экстрэмісцкага ці маральна скампрамэтаванага характару можа фармальна пагадзіцца з "Палітычнымі прынцыпамі", «Дэклярацыяй аб дзеяньнях» і Статутам Руху "Вольная Беларусь" і засьведчыць гэта, каб увайсьці ў Рух з мэтай яго кампрамэтацыі. У такім выпадку Управа прымае рашэньне аб немагчымасьці ўдзелу гэтай групы (арганізацыі) у Руху, зыходзячы зь яе спрэчнай сутнасьці.)


4. Х а р а к т а р д з е й н а с ь ц і


4.1. -- Характар дзейнасьці айчынных суполак у падзем'і ўключае ў сабе збор інфармацыі (па сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчы ў Беларусі), падпольнае распаўсюджваньне інфармацыі пра прынцыпы, мэты і задачы Руху і пашырэньне беларускай асьветніцкай літаратуры; абавязковыя сацыяльныя кантакты; нацыянальна-асьветніцкая беларуская дзейнасьць у межах магчымага; папяровыя выданьні беларускага зьместу; перадача інфармацыі па гарантавана бясьпечных электронных мэтадах сувязі; арганізацыя сямейных беларускіх школак для навучаньня дзетак беларускай мове, беларускай культуры і беларускай гісторыі; збор і накапленьне сродкаў абароны на прадмет ўзброенага супраціву; удзел у спартовых таварыствах і ў іншых занятках, якія спрыяюць абароне Айчыны.


4.2. -- Суполкі за мяжой вольна дзейнічаюць, згодна з гэтым Статутам і згодна з Палітычнымі прынцыпамі арганізацыі і задачамі Руху "Вольная Беларусь", праяўляюць самастойную ініцыятыву і дачыненьні.

4.3. -- Характар дзейнасьці замежных суполак уключае ўсе дзеяньні, якія зьвязаныя з умацаваньнем нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, з нацыянальнай асьветай (у тым ліку рэлігійнай і палітычнай), з валоданьнем беларускай мовай, зь беларускай адукацыяй дзяцей, зь беларускай культурай, навукай, гісторыяй і геаграфіяй.

4.4. -- Прыярытэтам у працы суполак мусіць быць беларускае нацыянальнае Адраджэньне і нацыянальнае змаганьне супраць расейскай акупацыі і акупацыйнай палітыкі прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

4.5. -- Суполкі падтрымліваюць барацьбу ўкраінцаў супраць расейскіх агрэсараў, удзельнічаюць у валанцёрскіх ініцыятывах, фізічна і матэрыяльна дапамагаюць беларускім ваярам у шэрагах Украінскай Арміі, якія змагаюцца супраць расейскіх захопнікаў.

4.6. -- Суполкі праяўляюць пазытыўную ініцыятыву ў рэчышчы прыярытэтаў нацыянальнага Адраджэньня дзеля перамогі Украінскай Арміі і беларускіх змагароў над расейскім агрэсарам. У тым ліку ўступаюць у кантакт з уладамі краінаў на прадмет падрыхтоўкі кадраў будучай беларускай адміністрацыі і дабраахвотнікаў на барацьбу з расейскім фашызмам.


5. В а л ь н ы С о й м


5.1. -- Галоўным ворганам упраўленьня Руху "Вольная Беларусь" зьяўляецца Вальны Сойм дэлегатаў ад суполак Руху.

5.2. -- Вальны Сойм зьбіраецца ў Варшаве (альбо па дамоўленасьці ў іншым горадзе) адзін раз у два гады.

5.3. -- Па ўзгодненым рашэньні Каардынуючай Управы і Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту Руху "Вольная Беларусь" Вальны Сойм можа сабрацца ў любы час з прычыны палітычнай альбо надзвычайнай ці структурнай неабходнасьці.

5.4. -- Вальны сойм абмяркоўвае і ацэньвае характар і вынікі працы суполак за пэўны пэрыяд часу, прымае і зацьвярджае прапановы дзейнасьці, дае ацэнку зьявам у палітыцы і ў беларускім нацыянальным жыцьці, можа прымаць па гэтых пытаньнях адпаведныя рашэньні, публічныя і ўнутраныя дакуманты (заявы, звароты, прапановы, мэмарандумы, рашэньні і інш.).

Праекты дакумантаў, прапанаваныя для прыняцьця Соймам, рассылаюцца дэлегатам Сойму за тыдзень да пачатку Сойму.

5.5. -- Вальны Сойм выбірае Каардынуючую Управу Руху і прызначае старшыню Управы.

5.6. -- На пэрыяд сэсіі Вальнага Сойму Каардынуючая Управа і Беларускі Нацыянальны Сакратарыят прызначаюць вядоўцу (ці вядоўцаў) сэсіі, які вядзе працэдуру сэсіі.

Сэсію Вальнага Сойму, пратакол і рэгістрацыю дэлегатаў абслугоўвае тымчасовы Сакратарыят Сэсіі, празначаны арганізатарамі.

5.7. -- Рашэньні ў выніку галасаваньня ў Сойме і структурах Руху прымаюцца простай большасьцю галасоў.


6. К а а р д ы н у ю ч а я У п р а в а


6.1. -- Каардынуючая Управа і старшыня Управы выбіраюцца Вальным Соймам суполак. Управа зьяўляецца пастаянна дзеючым каардынуючым і выканаўчым ворганам Руху "Вольная Беларусь".

6.2. -- Управа трымае інфармацыйную сувязь з усімі суполкамі Руху, дапамагае і арганізуе (пры неабходнасьці) сумесныя дзеяньні, інфармуе аб пазыцыях і рашэньнях Вальнага Сойму, аб прапановах БНС і аб падзеях у Руху; па ўзгадненьні з БНС можа склікаць Вальны Сойм суполак і праводзіць арганізацыйную падрыхтоўку для яго правядзеньня.

6.3. -- Управа ў асобе старшыні Управы можа даваць інфармацыю ў СМІ аб падзеях, справах і дзейнасьці Руху "Вольная Беларусь". Управа можа выдаваць кнігі, брашуры і іншыя інфармацыйныя матэрыялы, у тым ліку ў Сеціве.


7. С т а т у с. Ф і н а н с ы.


7.1. -- Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" з прычыны рэпрэсіяў акупацыйнага рэжыму ня можа быць зарэгістраваны на Бацькаўшчыне ў Беларусі.

7.2. -- Замежная частка Руху (пры неабходнасьці) падлягае агульнай рэгістрацыі ў адной з замежных краін пасьля пашырэньня грамадзкай базы дзейнасьці і колькасьці суполак Руху. Рашэньне аб агульнай рэгістрацыі прымае Каардынуючая Управа Руху.

7.3. -- Зыходзячы з абставінаў, магчымасьцяў, неабходнасьці і заканадаўства краіны знаходжаньня асобныя суполкі Руху могуць мець асобную дзяржаўную рэгістрацыю.

7.4. -- Грашовыя сродкі суполак фармуюцца з дабраахвотных складак, устаноўленых сябрамі суполкі і іншымі структурамі Руху, а таксама з ахвяраваньняў людзей і арганізацыяў. Сумы дабраахвотных складах і ахвяраваньняў суполка можа выкарыстоўваць дзеля сваёй статутнай дзейнасьці альбо перадаць на рахункі фундацыі «Вольная Беларусь».

7.5. -- Каардынуючая Управа сумесна з Беларускім Нацыянальным Сакратарыятам арганізуе і рэгіструе ў Польшчы фундацыю «Вольная Беларусь», якая выбірае кіруючыя ворганы фундацыі, адчыняе рахункі ў банку і праводзіць статутную дзейнасьць згодна з заканадаўствам Рэспублікі Польшча.


8. К а н т р о л ь н а я к а м і с і я


8.1. -- Кантрольная камісія ствараецца Сэсіяй Вальнага Сойму ў колькасьці ад адной да трох асобаў на два гады.

8.2. -- Задача Кантрольнай Камісіі назіраць, як выконваюцца статутныя палажэньні ў структурах Руху.

8.3. -- Там, дзе ўзьнікаюць грашовыя дачыненьні ў структурах Руху, Кантрольная камісіся прасочвае правільнасьць фінансавых адносінаў. Кантрольная камісія дае інфармацыю на сэсіі Вальнага Сойму аб сваіх назіраньнях.


9. С і м в а л ы


9.1. -- Нацыянальна-Вызвольны Рух "Вольная Беларусь" у якасьці сімвалаў рушэньня выкарыстоўвае нацыянальны Бел-Чырвона-Белы дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь і нацыянальны дзяржаўны гэрб Пагоня.

9.2. -- Рух "Вольная Беларусь" лічыць дзяржаўны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" гімнам Нацыянальна-Вызвольнага Руху.

9.3. -- У якасьці нацыянальна-культурнай прэзэнтацыі Руху "Вольная Беларусь" удзельнікі рушэньня таксама ўжываюць і сьпяваюць беларускі духоўны гімн "Магутны Божа".


10. І н ф а р м а ц ы я


10.1. -- Рух "Вольная Беларусь" валодае інфармацыйнай старонкай "Вольная Беларусь" у Інтэрнэце, інфармацыйнай відэа-старонкай "Вольная Беларусь" на рэсурсе Юцюб, інфармацыйнай старонкай «БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САКРАТАРЫЯТ», супрацоўнічае з Інтэрнэт-старонкамі "Народная Партыя" і "Беларуская Салідарнасьць", імкнецца пашыраць і разьвіваць сваю інфармацыйную базу .


11. Н а д з в ы ч а й н ы я а б с т а в і н ы л і к в і д а ц ы і


11.1. -- Рух "Вольная Беларусь" не падлягае самаліквідацыі пакуль існуе беларуская эміграцыя і дыяспара за мяжой.

11.2. -- Калі ў выніку непрадбачаных надзвычайных абставінаў ўзьнікне такая пагроза, тады Вальны Сойм прымае рашэньне аб вымушаным спыненьні дзейнасьці Руху і стварае Камісію па ліквідацыі.

11.3. -- Пры акупацыі альбо пры існаваньні нацыянальна варожай улады ў Беларусі дакуманты і архіў Руху перадаюцца Камісіяй па ліквідацыі ў беларускую арганізацыю за мяжой, здольную забясьпечыць захаваньне архіва.

Пры адсутнасьці такой магчымасьці дакуманты і зборы Руху перадаюцца ў архіў любой прыхільнай беларусам дэмакратычнай краіны.


12. П э р с п э к т ы в ы


12.1. – У момант палітычных пераменаў рух «Вольная Беларусь» (кіраўніцтва і ягоныя суполкі за мяжой і ў Беларусі) ўключаюцца ў працэсс пабудаваньня часовых новых ворганаў дэмакратычнага кіравання ў Беларусі на мясцовым і цэнтральным узроўнях.

12.2. – Рух уключаецца ў выбарчы працэс на ўсіх узроўнях;

12.3. – Рух не выключае стварэньня палітычных кааліцый, актыўнай супрацы зь беларускімі арганізацыямі і структурамі, якія падзяляюць палітычныя прынцыпы «Вольнай Беларусі», як на этапе барацьбы з рэжымам Лукашэнкі і расейскай агрэсіяй, так і ў пэрыяд палітычнай трансфармацыі ў Беларусі.

---------------------------


24 чэрвень 2023 г., г. Варшава

Зацьверджана на Вальным Сойме (Сходзе) сяброў і суполак

Руху "Вольная Беларусь"

Anchor 1
bottom of page