Трэба адзначыць, што маскоўская агентура і прапаганда супраць Беларусі дамінуе, практычна, паўсюдна. Галоўная прычына -- маскоўская гібрыдная акупацыя Беларусі, безразьдзельнае панаваньне яе інфармацыйнай палітыкі і маскоўскіх СМІ ў Беларусі, і (што істотна) -- рэальная адсутнасьць нацыянальных беларускіх СМІ.
Найбольшы антыбеларускі эфект руская агентура дасягнула ў Летуве і ва Ўкраіне. Гледзячы на Летуву, складваецца ўражаньне, што ўлада ў гэтай краіне ёсьць найбольшым ворагам Беларусі і Беларускага народа. Узьнікае інфармацыйнае ўяўленьне, што варожасьць да беларусаў кімсьці пасьлядоўна культывуецца.
На справе ўсё выглядае далёка не адназначна. У грамадзтве якраз спакойна. Але ў палітыцы становішча супрацьлеглае таму, якое было ў пачатку 90-х, Калі БНФ і Саюдзіс разам змагаліся супраць камуністаў, савецкай акупацыі і СССР.
Цяпер агентура палохае палітыкаў, што Беларусь адбярэ Вільню. Некаторыя дзеячы на гэта "вядуцца" (сапраўды баючыся пастаноўкі пытаньня пра Вільню). Рэакцыя на агентурны ўкід (здаецца, нават падаграваемая КГБ) выяўляецца ў палітыцы і ў розных пастановах улады.
Дарэчы, абзываючы Беларусь "губэрніяй Расеі", тут назіраецца найгоршы варыянт паводзінаў некаторых палітыкаў у Летуве, бо (калі Расея сапраўды захопіць Беларусь) пытаньне зь Вільняй будзе вырашана хутка і па-расейску. (Эўразьвяз нават ня пікне). Замест шырокай падтрымкі незалежнасьці свайго натуральнага саюзьніка -- беларусаў -- у Вільні часам робіцца ўсё наадварот.
Відавочна (нават зыходзячы са здаровага сэнсу), што хоць час зьмяніўся, грунтавацца трэба на ўзаемных пазыцыях 90-х гадоў, тады калі змагаліся за незалежнасьць і было агульнае ўзаемаразуменьне, калі "Вільня была наша" (гэта значыць наша агульная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.) Гэтае агульнае разуменьне тады, у тых складаных умовах, намі ўсімі (сябрамі Саюдзісу і БНФ) дэкляравалася, падпісваліся пагадненьні аб афіцыйнай назве супольнай гістарычнай дзяржавы, засьведчана адпаваднасьць, прыняцьце і падтрымка "Гэльсінскіх пагадненьняў" (на гэтым стаім і зараз), была ўзаемадапамога і салідарнасьць. І камуністычны Крэмль камарынага носу ня мог падтачыць пад нашу разумную палітыку. Яны ня здолелі сутыкнуць Саюдзіс і БНФ. Мы дасягнулі незалежнасьці.
Калі б вясной 1990 года, тады, калі Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР (29 сакавіка) пры інсьпірацыі Масквы запатрабаваў ад Літоўскай ССР вярнуць Беларусі Вільню і Віленскі край, калі б тады БНФ пад маім кіраўніцтвам і дэпутаты Вярхоўнага Савета ад БНФ падтрымалі гэтую авантуру (а маглі б падтрымаць, калі б у нас былі палітыкі ўзроўню цяперашніх летувісцкіх блогераў ды міністраў), то сітуацыя ўзьнікла б зусім не такая, як сталася. Удакладняю: сітуацыя была б дрэннай тады для ўсіх -- для Беларусі і для Летувы і на руку расейцам. І падзякуем Богу, што вырашалі яе тады Зянон Пазьняк і Вітаўтас Ляндзбэргіс, а не цяперашнія міністры з узроўнем блогераў.
Па просьбе спадара Вітаўтаса Ляндзбэргіса ў Вільню прыехала тады дэлегацыя БНФ і дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад БНФ і разам з дэпутатамі Сэйма і Саюдзісам уладзілі пытаньне ды запісалі гэта ў Мэмарандуме. (Усё надрукавана. Можна нават відэа паглядзець. (https://youtube.com/watch?v=VrasFwPW26U ) І гэта далёка не адзінкавы прыклад падтрымкі Беларускім Народным Фронтам агульнай нашай беларускай і летувісцкай свабоды і незалежнасьці ад СССР.
Цяпер, як ня дзіўна, бачым, што хапіла грубай і дурной маскоўскай агентурнай прапаганды, і нават нейкіх "раймонаў", каб у галовах некаторых гора-палітыкаў пачалося кіслотнае бражэньне, слуханьне палітычных бамжоў ды эпатажных дэмагогаў.
Дрэнна яшчэ тое, што дэманстрацыя нацыянальнай непрыхільнасьці (нават з боку безадказных асобаў) кепска забываецца і можа ўплываць на будучыню і адносіны. Але ўвогуле гэта зьява часовая, мае вядомыя і зразумелыя прычыны. Толькі шкада часу, які павінен быў бы быць станоўча скарыстаны на супольную барацьбу з маскоўскім мордарам і акаупантам. Тым ня менш (нават нягледзячы на памылкі дэмакратыі) час працуе не на імпэрыю.
9 кастрычнік 2024 г.
Зянон Пазьняк.