25 сакавіка 2023 г. у гонар 105 гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Тбілісі прайшло шэсьце і мітынг беларусаў.
Мітынг праходзіў на галоўнай пляцоўцы перад Парлямантам Грузіі. Луналі дзясяткі беларускіх і ўкраінскіх сьцягоў, сьцягі Грузіі. Гучэлі гімны БНР, Украіны, Грузіі.
Падчас мітынгу былі выказаныя словы ў падтрымку Украіны, узгаданыя і ўшанаваныя хвілінай маўчаньня беларусы, загінуўшыя на вайне ва Украіне.
Былі ўзгаданыя беларускія палітвязьні, зачытаныя вершы і словы, напісаныя вязьнямі за кратамі ў акупаванай Беларусі.
Перад прысутнымі выступіла прадстаўніца грузінскай нацыі, палітычная актывістка Марыка Мікіашвілі, якая выказала вельмі цёплыя і шчырыя словы падтрымкі беларускаму народу, які зараз змагаецца супраць расейскай акупацыі ў Беларусі і ва Украіне.
Асноўным матывам усіх прамоваў было тое, што ў нашых народаў – беларусаў, украінцаў, грузінаў – агульнае змаганьне і агульны вораг. І што без вольнай Беларусі альбо без вольнай Украіны альбо без вольнай Грузіі немагчымая незалежнасьць і воля усіх нашых краінаў агулам.
Удзельнікі разам прасьпявалі беларускія нацыянальныя гімны. Гучэла беларуская музыка і сьпевы.
Жыве Беларусь!
Паўлюк Ш.
Comments