top of page

35 гадоў таму 19 жніўня 1991 года

  • Aug 25
  • 2 min read

35 гадоў таму 19 жніўня 1991 года адбыўся "камічны" камуністычны путч у Маскве. Так званы ГКЧП. Для людзей збоку (а такіх бальшыня) ён запомніўся доўгім танцам маленькіх лебядзяў з балета Чайкоўскага на тэлеэкране і трасучыміся рукамі "камандзёра" путчу, практычна, нікому невядомага дагэтуль Янаева (які ў рэальнасьці быў віцэ-прэзыдэнтам СССР).


Камэдыя доўжылася тры дні, але задумка яе была далёка ня сьмешная. Калі б дэмарш узначалілі не паталагічныя бездары ды баязьліўцы, то кроў палілася б ручайкамі, асабліва ў Беларусі і ва Ўкраіне. Але, на шчасьце, настырнай сьвіньні Бог рогі ня даў.

Усё скончылася дурным фіяска. Праўда, путчыст "товарішч Пуга", не разабраўшыся, з перапуду стрэліў сабе ў лэб. Астатніх несогласных "товарішчей" временно арестовалі другіе согласные "товарішчі" з КГБ. Іх трошкі папалохалі, дапыталі, "пожурілі" і потым адпусьцілі на пэнсію пад амністыю. Так яно.


З цікавостак варта ўспомніць, што маскоўскі ГКЧП падтрымалі хросны бацька Эўразьвязу прэзыдэнт Франсуа Мітэран, Ясір Арафат, Саддам Хусэйн, Муамар Кадафі, урад Кітаю і іншыя палітычныя асобы.


Нечаканым для путчыстаў вынікам камэдыі стала тое, што Савецкі Саюз разваліўся без крыві і трошкі раней часу, хаця ўсяроўна яму быў бы гамон.


Юрыдычна па нормах права дагавор аб Савецкім Саюзе спыніў сваё дзеяньне 24 жніўня 1991 года пасьля аб'яўленьня Незалежнасьці Украіны, і пацьвердзіў свой канец 25 жніўня 1991 года пасьля зацьвярджэньня незалежнасьці Беларусі Вярхоўным Саветам.


Наступныя падзеі ("Белавежскія пагадненьні" і інш.) у прававым сэнсе мелі толькі фармальна палітычнае значэньне і жаданьне расейцаў (якія атрымалі мокрай анучай па зубах ў гэтых абставінах) захаваць прыстойнае аблічча.


Галоўнае тое, што і БНФ (асабліва дэпутацкая Апазыцыя БНФ), і Народны Рух Украіны былі ўжо палітычна, арганізацыйна і юрыдычна падрыхтаваныя да Незалежнасьці. Пасьля правалу дурнога путчу заставалася толькі зрабіць усё хутка, правільна і рашуча. Што і атрымалася. Жыве Беларусь! Слава Украіне!


Зянон Пазьняк

19 жнівень 2026 г.

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page