АБ ЭКАНАМІЧНЫХ САНКЦЫЯХ І ПАЛІТВЯЗЬНЯХ
Эканамічныя санкцыі не зьяўляюцца ўнівэрсальным мэтадам супраць дыктатуры. У розных канкрэтных умовах дасягаецца розны вынік. Агульнае тут тое, што эканамічныя санкцыі спрыяюць пераразьмеркаваньню рынкаў, пагаршаюць стан народа і не ўплываюць на існаваньне дыктатуры.
Пачынаючы з 2021 года (часу ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі пад відам – супраць рэжыму Лукашэнкі), мне прыходзілася пастаянна пісаць і казаць супраць гэтых санкцыяў, выяўляючы пазыцыю Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь». З прычыны адсутнасьці ў нас беларускай ўлады і беларускіх нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, практычных вынікаў такое казаньне і пісаньне ня мела.
Але з пачатку 2025 года, пасьля перамены ўлады ў ЗША, зьявілася надзея на дапамогу Амэрыкі ў гэтых пытаньнях (вызваленьня палітвязьняў і скасаваньня эканамічных санкцыяў).
Становішча выглядала ня проста, бо за кратамі (у выніку рэпрэсіяў) апынуліся розныя асобы: людзі палітычна арыентаваныя, але безадносныя да палітычнай дзейнасьці, людзі, нацыянальна арыентаваныя і задзейнічаныя ў нацыянальнай палітыцы, і асобы антынацыянальнай прарасейскай накіраванасьці (кшталту Бабарыкі, Ціханоўскага, Калесьнікавай і інш.).
У выніку было вырашана патрабаваць вызваленьня ўсіх вязьняў, незалежна ад іхняй палітычнай пазыцыі – сьцісла гуманітарны падыход.
На 28 лютага 2025 года на гуманітарным прынцыпе была склікана ў Варшаве беларуская канфэрэнцыя сяброў Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь», былых палітвязьняў і іншых удзельнікаў беларускіх групаў і асобаў з запрашэньнем прадстаўнікоў замежных арганізацыяў, амбасадаў і журналістаў. Тэма канфэрэнцыі – аб адмене эканамічных санкцыяў і аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў.
Выніковы дакумант канфэрэнцыі "Аб адмене эканамічных санкцыяў і вызваленьні палітвязьняў" быў пасланы ва ўсе замежныя амбасады ў Польшчы, таксама Старшыні Эўрапэйскай камісіі спадарыні Уршулі фон дэр Ляйн, таксама прадстаўніцы Эўрапэйскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўрапэйскай Камісіі спадарыні Каі Калас. Дакумант падпісаны прадстаўнікамі НВР «Вольная Беларусь», «Асацыяцыі сваякоў палітзьняволеных і былых палітвязняў», «Цэнтру стратэгічных ініцыятыў», былымі палітвязьнямі і сваякамі палітвязьняў. (Сярод падпісантаў Зянон Пазняк, Павел Усаў, Кацярына Дзядзюля, Сьвятлана Мацкевіч, Тацьцяна Хоміч, Вольга Івашына, Віктар Пархімчык, Ірына Шчасная).
Асобны тэкст ад НВР «Вольная Беларусь» быў пасланы ў Адміністрацыю ЗША асабіста Прэзыдэнту Трампу.
(Д а д а т а к. Сутнасьць звароту была ў гэтых словах: «At this point, we firmly believe that the most realistic and effective mechanism for securing the release of prisoners lies in adopting a humanitarian negotiation strategy. This would involve sustained political and diplomatic consultations between representatives of European countries and the Lukashenka regime, with the goal of achieving de-escalation of internal political tensions through targeted easing or partial lifting of certain economic sanctions in exchange for the release of political prisoners.
We fully recognize that this humanitarian approach will not change the fundamental nature of the Lukashenka regime — at least not until the system itself collapses. Nevertheless, such a policy would help save lives and protect the health and safety of thousands of Belarusians in the short term, while also contributing to a reduction in political repression and state terror within Belarus.»
На шчасьце, штуршок у дзеяньнях быў дадзены. Справай зацікавіўся Прэзыдэнт Трамп, быў прызначаны спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Беларусі, пачаліся перамовы з рэжымам Лукашэнкі, і ўжо ў чэрвені 2025-га былі вызваленыя першыя палітзьняволеныя і адменены некаторыя эканамічныя санкцыі. На сёньняшні дзень, дзякуючы пасьпяховай ініцыятыве Прэзыдэнта Трампа вызвалена 495 палітвязьняў у Беларусі.
Супраць нашай пазыцыі і амэрыканскай палітыкі перамоваў з рэжымам, як і трэба было чакаць, паўстаў Эўразьвяз, у тым ліку і яго грантавае «проксі» – «офіс Ціханоўскай». Але рыторыка вызваленьня палітвязьняў (безадносна да санкцыяў) была фармальна падтрымана ў Брусэлі, а што датычыць ОСЦ, то тут рыторыка была нават разрэклямавана як вынік офіснага дзеяньня (рэальна не існуючага).
Зараз гэта ня мае значэньня, бо «працэс пайшоў» і прымусіў розныя палітычныя прысутнасьці яго фармальна падтрымліваць.
Тым часам барацьба Эўразьвязу супраць амэрыканскай адмены эканамічных санкцыяў, перамоваў і вызваленьня беларускіх палітвязьняў працягваецца і набывае розныя ўзорыстыя формы. Найбольш выкарыстоўваюць антыгуманны тэзіс, што, маўляў, адных вызваляюць, а іншых на іх месца ўвязьняюць. Таму, маўляў, вызваляць ня трэба, але надалей -- працягваць эканамічныя санкцыі. (Вязьні няхай сядзяць.)
Цынізм гэтага словаслоўя ўжо як бы нікога і не зьдзіўляе. Найбольш дрэнна тут выглядаюць некаторыя былыя палітвязьні, якія пачалі выказвацца, кшталту – «нельга гандлявацца з дыктатурай у справе вызваленьня палітвязьняў», хаця самы толькі што былі вызваленыя ў выніку амэрыканскага гандлю з дыктатурай. Такія выказваньні, аднак, – гэта, магчыма, выдаткі траўмаванай псіхікі ў дрэннай і залежнай палітычнай рэальнасьці.
Гуманістычная пазыцыя, прапанаваная намі, – гэта адзіная магчымасьць вызваліць беларусаў з турмы ў існуючых абставінах. Пазыцыя дзейнічае, вязьняў вызваляюць.
Беларусы ў лукашысцкай турме – гэта тыповыя закладнікі генацыду беларускай нацыі. Іх кінулі за краты не за злачынствы і не па закону, а таму што яны ў думках і паводзінах – звычайныя беларусы.
Ліквідаваць гэты рэпрэсіўны тэрарыстычны рэжым, які зьяўляецца сатэлітам маскоўскай палітыкі, на сёньняшні дзень рэальна немагчыма (няма ні ваеннай сілы, ні палітычных абставінаў). Для вызваленьня закладнікаў застаецца толькі адна магчымасьць: уступаць у перамовы з тэрарыстамі аб коштах вызваленьня людзей. Прытым, праводзіць перамовы з тэрарыстамі можа толькі той, хто валодае коштамі аплаты за вызваленьне закладнікаў. Беларусы такімі магчымасьцямі пакуль што не валодаюць.
Таму вялікая падзяка Адміністрацыі Прэзыдэнта ЗША і асабіста Прэзыдэнту Трампу, і зразумела, таксама – наша ўдзячнасьць лёсу, што стратэгічныя накірункі амэрыканскай палітыкі супалі тут зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі. Бо заўсёды трэба памятаць і не забывацца, што сьвет ня круціцца вакол Беларусі, і гэты сьвет нічога для Беларусі не павінны, хоць шмат што робіць добрага, зыходзячы са сваей волі і гуманістычных меркаваньняў.
Зянон ПАЗЬНЯК
14 лістапад 2026 г.



