top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: АБ ПАЛІТЫЦЫ ТРАМПА

2h
8 min read

Фігура Прэзыдэнта Трампа зьвяртае на сябе ўвагу эфэктыўнасьцю палітыкі для Злучаных Штатаў Амэрыкі і фантастычнай нянавісьцю да яго асобы, разьлітай у прапагандысцкай інфармацыі. У тым ліку і ў ЗША. Усё мае адпаведнае тлумачэньне. Выказваньні супраць рэфарматараў падобныя. Людзі нездаволеныя ў часы перамен.


Для нас, беларусаў, важна тое, што Прэзыдэнт Дональд Трамп выявіў прыхільныя дзеяньні да Беларусі, якія засьведчаны ў рэальных выніках: вызваленьне з лукашысцкай турмы сотняў беларускіх палітвязьняў (рэальна 495) і адмена некаторых эканамічных санкцыяў, уведзеных раней супраць народу Беларусі.


Вызваленьне палітвязьняў, мяркую, адбылося ня тое што з прычыны нашых зваротаў да Адміністрацыі ЗША, колькі дзякуючы часоваму супадзеньню стратэгічных ацэнак сытуацыі з боку Амэрыкі і нашых беларускіх нацыянальных інтарэсаў.


Відавочна, што зрух на захаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі стаў магчымым, дзякуючы палітычнаму прадбачаньню Прэзыдэнта Трампа, бадай што найбольш выніковага для ЗША прэзыдэнта Амэрыкі за апошні час. Некаторыя яго палітычныя здабыткі выклікаюць (вобразна кажучы) «артыстычнае» ўражаньне. Дзеля прыкладу адзначу некаторыя падзеі.


Грэнляндыя. Гэта абледзянелы востраў велічыней з малы кантынент (2,16 млн. кв. км.), што належыць параўнальна мікраскапічнай Даніі, налічвае крыху больш за 55 тысячаў жыхароў, якія валодаюць, аўтаноміяй і самакіраваньнем.


Тэрыторыя Грэнляндыі мае велізарнае стратэгічнае значэньне для ЗША ў пляне міжнароднай і абарончай палітыкі. Акрамя таго, нетры Грэнляндыі напоўненыя найбуйнейшымі ў сьвеце нераспрацаванымі запасамі рэдказямельных элемэнтаў, вуглявадародаў (нафта і газ), золата, каштоўных камянёў і інш.


Той, хто кантралюе тэрыторыю Грэнляндыі, той здольны кантраляваць стратэгічныя паводзіны і дзеяньні Амэрыкі ў гэтай частцы сьвету. Зразумела, што ЗША ня можа дапусьціць там прысутнасьці Расеі і Кітаю. Прысутнасьць Амэрыкі на востраве і кантроль над ім уваходзіць у стратэгічныя інтарэсы ЗША.


У 1940 годзе, пасьля капітуляцыі Даніі, грэнляндцы папрасіліся пад абарону ЗША і атрымалі амэрыканскі пратэктарат. Пасьля вайны ўпраўленьне Грэнляндыяй было вернута Даніі. Пазьней з ускладненьнем міжнародных абставінаў амэрыканскія прэзыдэнты вяла спрабавалі мець кантроль над Грэнляндыяй. Але толькі Трамп гэта зрабіў хутка, грунтоўна, бескаштоўна і з максымальнай выгадай для ЗША.


Мы зьяўляемся сьведкамі гэтай падзеі і «бурлескнай» палітыкі Трампа, які аб'явіў спачатку, што гатовы купіць Грэнляндыю за мільярды даляраў, потым заявіў, што Амэрыка акупуе востраў і забярэ яго вайсковай сілай, што выклікала сапраўдны вэрхал ў недалёкіх на розум эўрапалітыкаў, якія пачалі нават пасылаць групы сваіх салдат (па 3-5-10 вайскоўцаў) для абароны вострава ад Трампа. Было ўражаньне, што Трамп проста пацяшаўся з гэтых наіўных дзеячоў і працягваў свой націск на Данію, палохаючы вынікамі. Зразумела, што Трамп не зьбіраўся ні «ваяваць», ні «купляць». На нейкмі этапе сваёй «цыркавай» мэтодыкі ён робіць ськіданьне напружанасьці і пагаджаецца на лёгкі варыянт, які спараджае ў апанэнта (пасьля перапалоху) пачуцьцё дыпляматычнай перамогі, і апанэнт пагаджаецца на ўмовы ЗША.


У верасьні 2026-га года, пасьля працяглай палітычнай атакі і націскной дыпляматыі Трампа, была падпісана трохбаковая стратэгічная дамова па бясьпецы паміж ЗША, Даніяй і Грэнляндыяй. Трэцяга лістапада парлямант Грэнляндыі афіцыйна зацьвердзіў гэтую дамову.


Паводле дамовы, Грэнляндыя застаецца аўтаномнай тэрыторыяй ў складзе Даніі. Вашынгтон атрымаў права на пашырэньне ўжо існуючай там сваёй касьмічнай базы ПІТУФІК і на стварэньне двух новых вайсковых зонаў, а таксама пастаянны доступ да паветранай прасторы і марскіх водаў рэгіёна.


Дамова забараняе краінам, якія не ўваходзяць у НАТО, будаваць вайсковыя аб'екты альбо рабіць стратэгічныя інвэстыцыі (напрыклад, у здабычу карысных выкапняў) у Грэнляндыі бяз згоды ЗША. Гэтая пазыцыя наўпрост ськіраваная супраць уплыву Расеі і Кітая ў Арктыцы, робіць праблемнай паўночную навігацыю для гэтых краінаў.


Пагадненьне зьяўляецца безтэрміновым і застаецца ў сіле, нават калі Грэнляндыя вырашыла б абвясьціць поўную незалежнасьць ад Даніі.


Такім чынам, Амэрыка атрымала пастаянны кантроль над бясьпекай рэгіёну за «нуль» даляраў. Выдатны посьпех і бліскучая апэрацыя. (Дарэчы, апанэнты маўчаць, і лаянка супраць Трампа толькі ўзмацняецца.)


Пра падпарадкаваньне Венесуэлы паведамлена і напісана больш, чым пра Грэнляндыю, бо дзеяньні Трампа былі настолькі дзёрзкімі, рашучымі, дасканалымі і эфэктыўнымі, што замаўчаць тое было немагчыма. Каласальны палітычны посьпех.


Венесуэлай кіравала наркатычная мафія. Туды пранікаў Кітай і выгадна карыстаўся венесуэльскай нафтай. Кіруючая кліка прэзыдэнта Мадуры займалася тым, што вычышчала свае турмы ад бандытаў і ськідвала іх нелегальна ў ЗША. Але самае небясьпечнае – наркагандаль з Венесуэлы, які масава напаўняў Амэрыку наркотыкамі, і зь якім немагчыма было змагацца, не ліквідаваўшы крыніцу прычын.


За кароткі час Прэзыдэнт Трамп вырашыў усе праблемы. Наркагандляры былі схопленыя, нелегалы-бандыты і крымінальнікі былі дэпартаваныя назад у Венесуэлу. Транснацыянальныя наркатычныя банды былі зьнішчаныя, іхныя главары забітыя, а мафійны прэзыдэнт Мадура, у выніку бліскучай спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, быў схоплены, перавезены ў Нью-Ёрк і абвінавачаны перад судом у наркатэрарызме і кантрабандзе какаіну.


Галоўны вынік палітыкі Трампа адносна нафты Венесуэлы такі: у жніўні 2026 года падпісана пагадненьне, якое забясьпечвае наўпроставы фінансавы кантроль ЗША над нафтавымі даходамі Венесуэлы, шырокую прыватызацыю нафтавай галіны на карысьць амэрыканскіх кампаній, кантроль над нафтавымі радовішчамі з запасам у 65 мільярдаў барэляў нафты, перадача канцэсіі на 100 гадоў для амэрыканскай кампаніі на распрацоўку і эксплуатацыю гэтых радовішчаў. Прытым, амэрыканскія дзяржаўныя структуры маюць долю ў капітале, права вета, права на куплю 20-ці адсоткаў здабытай нафты па сабекошце (!) і права першачарговага выкупу астатніх 80% пры абставінах неабходнасьці.


Зразумела, што і Кітай, і Расея, і нават «друг Чавэса» Лукашэнка застаюцца цяпер за бартом карабля.


Панама. Важнае для Амэрыкі пытаньне аб эксплуатацыі Панамскага канала набывала для Амэрыкі некарысныя пэрспэктывы ў выніку пранікненьня туды (праз ганконгскія фірмы) кітайскага кантролю і капіталу, плюс увядзеньне Панамай завышаных расцэнак для ЗША, ня гледзячы на існуючыя базавыя пагадненьні.


Адміністрацыя Трампа стварыла жорсткі геапалітычны і эканамічны цік, каб выціснуць Кітай з інфраструктуры вакол канала і ўзмацніць уплыў ЗША. Усё ўдалося. Прытым, палітыка разьвівалася ў «бурлескным» Трампавым стылі (абяцаў «забраць назад Панамскі канал пад кантроль ЗША» і т.п.)


Скончылася ўсё тым, што Панама абвясьціла пра выхад з кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях», згадзілася на ратацыю амэрыканскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі, пачаўся маштабны аўдыт кітайскіх партовых канцэсіяў (кітайцы ўжо былі захапіўшы два з пяці партоў каналу).У пачатку 2026 года прэзыдэнт Панамы абвясьціў, што ўсе адносіны з ЗША нармалізаваныя.


Тут важны геапалітычны і эканамічны посьпех палітыкі Трампа для Амэрыкі. Пра гэта, зноў жа, – маўчаць нападнікі і апанэнты. А некаторыя заўзятары папулісцкай лаянкі нават таго ня ведаюць.


Трамп моцна патрос Эўразьвяз, прымушаючы яго заняцца сваёй бясьпекай і абаронай цывілізацыі, прымусіў бальшыню краінаў, сяброў НАТО, плаціць рэальныя, а не сымбалічныя складкі ў НАТО і інш. Усё гэта выклікала вялікую незадаволенасьць эўрапалітыкаў, камфортны спакой якіх за плячыма ЗША быў парушаны. Адпаведна ўзбудзілася антыамэрыканская прапаганда.


Ва ўнутранай палітыцы Трамп хутка і рашуча спыніў наплыў нелегальнай крымінальнай эміграцыі з боку паўднёвых межаў. (Задзейнічана войска, дэпартацыя, памежная сьцяна, адміністрацыйныя рашэньні, іміграцыйная паліцыя, дыпляматыя і інш.) На сёньняшні дзень мяжа зачынена. Нелегальная міграцыя спынена. Працэс уведзены ў законнае рэчышча.


На мой погляд, самая важная направа грамадзтва, за якую ўзяўся Дональд Трамп, – гэта прывядзеньне да нармальнасьці сістэмы адукацыі – школьнай і ўнівэрсітэцкай. Бо менавіта гэтая адукацыя стварае інтэлектуальную, этычную і грамадзкую якасьць нацыі.


Дональд Трамп зрабіў барацьбу з так званымі «радыкальнымі левымі ідэалёгіямі» ў школах адным з галоўных прыярытэтаў сваёй унутранай палітыкі. Бо ўплыў збачэнства даходзіў да таго, што ў школах пачалі праводзіць экспэрымэнты над гарманальнай прыродай і псіхікай дзіцяці, незалежна ад веды і волі бацькоў, ужываліся антынавуковыя мэтады тлумачэньняў біялогіі, соцыюма і рэчаіснасьці. Задача Адміністрацыі Трампа – ачысьціць навучальны працэс ад ідэалягічных перакосаў, вярнуць кантроль над адукацыяй бацькам і мясцовым супольнасьцям, аднавіць патрыятычнае выхаваньне. Трамп падпісаў Указ «Аб спыненьні радыкальнай індактрынацыі ў школах». Тыя навучальныя ўстановы, якія прасоўваюць шкодныя дыскрымінацыйныя ідэалёгіі ў школах, будуць пазбаўлены фэдэральных грошай і грантаў. Асабліва датычыцца гэта тых школаў і рэгіянальных дэпартамэнтаў адукацыі, апанаваных левымі ідэалёгіямі, якія выкладаюць пазыцыі «крытычнай расавай тэорыі», сцьвярджаюць, што ЗША зьяўляецца «сістэмна расісцкай і прыгнятальніцкай краінай», укараняюць палавую (гендэрную) ідэалёгію ў сацыяльных дачыненьнях, навязваюць непаўналетнім «сацыяльны транзыт» (сацыяльная зьмену полу і займеньнікаў) бяз ведама бацькоў, падтрымку гомасэксуалізму і т.п.


Каб даць магчымасьць бацькам забраць дзяцей з дзяржаўных школаў, дзе праводзіцца непажаданая ідэалягічная «апрацоўка» і разбэшчваньне непаўналетніх, Трамп абвясьціў прынцып: «грошы йдуць усьлед за дзіцем». Гэта дазваляе бацькам выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі для аплаты навучаньня дзяцей у прыватных або рэлігійных школах, і нават – для хатняга навучаньня.


Урэшце, Трамп распачаў (выконваючы перадвыбарчыя абяцаньні) расфармаваньне фэдэральнага міністэрства адукацыі – расадніка збочаных ідэалёгій у школе -- і перадачы штатам усіх паўнамоцтваў па адукацыі.


Калі казаць коратка, – Трамп імкнецца прадухіліць катастрофу нацыі перад безданьню.


Палітыка рашучага аздараўленьня таксама праводзіцца ва ўнівэрсітэцкім навучаньні, якое ў ЗША цяпер амаль поўнасьцю апынулася пад уплывам марксізму і крайніх левых ідэалёгіяў з палавымі (гендэрнымі), расавымі, сацыяльнымі і іншымі квотамі і абмежаванымі ўяўленьнямі пра гісторыю і аблічча жыцьця. Ужываецца той жа фінансавы і адміністрацыйны чыньнік направы, новыя сістэмы набору студэнтаў і педагогаў. Рэформы дзейнічаюць.


Посьпехі і задзел Трампаўскай адміністрацыі ўнутры Амэрыкі мала абмяркоўваюцца за межамі ЗША. Прапаганда і крытыка Дэмакратычнай партыі з прычыны яе татальнай перавагі ў СМІ дамінуе і, безумоўна, уплывае на розумы людзей, асаблііва там, дзе справа датычыць цэнаў і кашалька амэрыканцаў. Тут – праблема вольнага грамадзтва, бо вялікія, вызначальныя і стратэгічныя справы патрабуюць часу і вытрымкі па пераадоленьні спадарожных цяжкасьцяў. Тут таксама хаваецца адна з прычынаў, што прамежкавыя парляманцкія выбары ў ЗША выйграе, як правіла, партыя апазыцыі. Бо бальшыня выбаршчыкаў жыве не стратэгічнымі, але сьцісла матэрыяльнамі інтарэсамі, і па іх ацэньнае палітыку. Амэрыканскім палітыкам тое трэба ведаць, і яны ведаюць. Але стратэгія нацыянальнага існаваньня бывае важнейшай.


У першым інтэрв'ю пасьля прамежкавых выбараў Трамп гэта падкрэсьліў. Два асноўныя моманты, згодна Трампа, былі прычынай перавагі дэмакратаў. Гэта залішняя жорсткасьць і фармалізм іміграцыйнай і мытнай паліцыі ў час дэпартацыі крымінальных нелегалаў, і другое – павышэньне цэнаў (на 70%) на дызэль і бэнзін у сувязі з ваеннай кампаніяй на Блізкім Усходзе.


Апошняй пазыцыі немагчыма пазьбегнуць, бо прадухіленьне атамнай пагрозы з боку Ірана (рэальна – атамнай вайны) ёсьць жыцьцёва неабходным ня толькі для ЗША, але і для ўсяго сьвету. Амэрыка мусіць гэтую пагрозу прадухіліць, бо мае такія магчымасьці, і Трамп тое выкарыстоўвае. Пасьпяховае завяршэньне Блізкаусходняй апэрацыі на карысьць Амэрыкі – пытаньне часу. Тут усё рацыянальна зразумела.


Тым часам на ўкраінска-расейскім фронце мэтодыка Трампа на жаль не спрацавала і не спрацуе ніколі з прычыны поўнага неразуменьня (ведаю, што кажу) заходнімі палітыкамі, што такое ёсьць Расея. Ніякія палітычныя «бурлескі», блефы, пагрозы, абяцаньні выгады, прапановы, зьдзелкі, ціскі, націскі, крэдыты, санкцыі і т. п. тут не спрацуюць. Нішто не спрацуе. І тлумачыць пра гэта – бессэнсоўна (бо неразуменьне закладзена ў асаблівасьцях заходняй мэнтальнасьці).

Адзіны мэтад у існуючых абставінах – гэта добра ўзброіць і падтрымаць Украіну, і дамагчыся рашучага пералому на фронце ў карысьць украінцаў, каб можна было б заключыць мір, прыймальны для Украіны і вымушаны – для Масквы.


Без сілавога мэтаду ўсе варыянты супраць агрэсіі Масквы – недзеяздольныя і шкодныя для Украіны. Наступствы бяздейнасьці могуць паставіць пад удар іншыя краіны Усходняй Эўропы.


Асобным радком хачу адзначыць незвычайную прапаганду супраць асобы ў цэлым пасьпяховага і карыснага для інтарэсаў Амэрыкі Прэзыдэнта Трампа. Партыйныя апанэнты супраць дзеючай улады і крытычныя заўзятары ў грамадзтве былі заўсёды. Гэта звыклая зьява ў сістэме дэмакратыі. Тут жа ўражвае нейкі шалёны ўзровень нянавісьці, грубіянства, нізкая лексіка, маніпуляцыі, выдумкі, абразы і зьнявагі датычна імя Трампа, а таксама – шырокая заангажаванасьць у гэтую траўлю журналістаў ды папулісцкіх заўзятараў ва ўсім заходнім і эўрапейскім сьвеце.


Прычыны, увогуле, зразумелыя. (Тут не разглядаю, аднак, дзеяньні расейскай разьведкі і прапаганды, якія таксама ёсьць.)


Першая прычына – гэта непрыняцьце сьветапогляднай палітычнай пазыцыі Трампа, які замахнуўся перайначыць увесь левы глабалісцкі сьвет на карысьць традыцыйных і кансэрватыўных каштоўнасьцяў. Левы сэктар паўсюдна якраз характарызуецца выяўленьнем шалёнай ірацыянальнай нянавісьці да сьветапогляднага апанента.


Другое – гэта пераважна левы характар улады цяперашняга заходняга сьвету і яго сродкаў масавай інфармацыі.


І трэцяе – новае ў сусьветным соцыюме – зьяўленьне глабальных магчымасьцяў Інтэрнэту і сацыяльных сетак, адбіраных праз масавы тэлефон, дзе, практычна, кожны чалавек мае магчымасьць выказацца і ў сваіх выказваньнях адчувае сябе ў бясьпецы, валодае поўнай беспакаранасьцю. Такога яшчэ ніколі не было. Зьява паспрыяла адкрытай маніфэстацыі і кансалідацыі сусьветнага зла. Утварылася сусьветнае віртуальнае грамадзтва, удзельнікі якога, пад уплывам ірацыянальнай прапаганды, часта гатовыя зьняважыць, аблаяць і разарваць адзін аднаго за непадобнасьць.


Увогуле, на палітыку гэта мала ўплывае, але ўзьдзейнічае на электарат у час выбараў і віртуальна разьядноўвае людзей, незаўважна прымушае іх жыць па нянавісьці.


Пасьпяховы кансэрватыўны Прэзыдэнт Трамп як сусьветны палітычны лідар трапіў у гэты сьвет электроннай цывілізацыі як віртуальная маска сябе самога, якая жыве ў віртуальнай супольнасьці сваім віртуальным жыцьцьцём, амаль не сутыкаючыся зь рэальным вобразам Трампа чалавека і з рэальнай яго палітыкай.

 

Мне такая зьява добра вядомая ўжо 38 гадоў (яшчэ ў даэлектронны пэрыяд), як толькі маё імя зьявілася ў антысавецкай і антырасейскай беларускай палітыцы. Прычынай прыклеенай нэгатыўнай «маскі» было і ёсьць «скопішча зла» – ардынская Расея, яе прапаганда і нянавісьць да беларускай нацыянальнай свабоды, да дзеячоў гэтай свабоды і да ўсяго сьвету пасьля беларускага ўдару па імпэрскім адзінстве (аб'яўленьня незалежнасьці Беларусі).


У Трампа прычынай ёсьць – увесь глабалісцкі левы сьвет, які адчуў небясьпеку свайму існаваньню.


Стварэньне віртуальных «масак» будзе працягвацца. Дно назавуць верхам, а верх зробяць дном, зло – дабром, а дабро – злом. Усё гэта будзе ствараць сама віртуальная супольнасьць. У пэрпэктыве – разам зь віртуальным (штучным) розумам.


Мы назіраем гэты працэс як падрыхтоўку да катастрофы і спыніць яго цяжка. Бо катастрофа гэта чыньнік тупіковага разьвіцьця (значыцца, – гэта дзеяньне выхаду з тупіка). Хаця запабегчы катастрофе магчыма (прынамсі тэарытычна).


Далейшыя разважаньні выходзяць за межы тэматыкі майго артыкула пра эксцэнтрычнага, але пасьпяховага, прагматычнага і кансэрватыўнага Прэзыдэнта Трампа, палітыка якога працягваецца і дзеяньні якога з удзячнасьцю адзначыць гісторыя вольнай вялікай Амэрыкі.


Зянон ПАЗЬНЯК

13 лістапад 2026 г.


 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page