АБ СТАНЕ РЭЧАЎ
Некалі на 20-годдзе БНФ «дэмсмі» выпусьцілі юбілейны 16-хвілінны фільм пра стварэньне і дзейнасьць Народнага Фронта. Фільм зрабіў нейкі штатны журналіст з радыё Свабода (прозьвішча ня памятаю, а шукаць у Сеціве няма часу і патрэбы). Галоўнае, што на працягу ўсяго фільма пра Фронт ні разу не было названае нават маё імя (гэта значыць чалавека, які ствараў і ўзначальваў Фронт). Клас! Тут зьява ў чыстым выглядзе (і назва яе нядобрая).

Існуе яшчэ такое выданьне, якое зьяўляецца сьведамай жоўтай прафанацыяй сакральнай гістарычнай беларускай газэты «Наша Ніва» (1906-1915). Гэтае прафанацыйнае выданьнье на дзень майго 80-годдзя... (не, не, не павіншавала...) – адмыслова абгадзіла маё імя зь верху да нізу ў велізарным «юбілейным» артыкуле (у гісторыі газэтнай этыкі такое пашукай – ня знойдзеш).
Падобнымі вывертамі ўвогуле стракацяць «свабодныя» «дэмсмі». Вось, напрыклад, толькі што адбылося вялікае сьвята Беларускага дзяржаўнага Бел-Чарвона-Белага Сьцяга і гэрба Пагоня, якія былі прынятыя Вярхоўным Саветам, дзякуючы тытанічнай разумнай і ахвярнай працы дэпутатаў БНФ і ўсяго Фронта. Усё было падрыхтавана і зроблена Фронтаўцамі (эталон Гэрба Пагоня, крыжовае наверша Сьцяга і заканадаўчая дакумэнтацыя, вялікая выстава пра беларускія сымвалы ў парляманце і шмат што яшчэ), таксама падрыхтаваныя былі выступы вядомых асоб -- Прэзыдэнта Акадэміі навук У. Платонава, былога Старшыні Вярхоўнага Савета Г. Таразевіча, якому фронтаўцы нават даклад напісалі (канкрэтна дэпутат Незалежнасьці Алег Трусаў) і іншае.
Галасаваньне за Сьцяг і Гэрб адбывалася драматычна. Увесь час не хапала аднаго голсу. Гэты бязвыходны стан у галасаваньні быў тады якраз вырашаны Старшынёй Фронта. Тое даўно вядама. І наш сьвяты Сьцяг веецца над намі і змагаецца за нашу Айчыну.
Пра сьвята Гэрба і Сьцяга цяпер за мяжой зноў адзначыліся «дэмсмі», і зноў ні слова аб праўдзе, аб тым, як і хто зрабіў гэтую вялікую справу для Беларускай нацыі, а некаторыя аматары паскудства згенеравалі нават праз Штучны розум збочаны вобраз нейкай вульгарнай паўголай асобы з высалапленым языком з Пагоняй на майцы на фоне нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і касьцёлаў гістарычнага Менска.
Дарэчы, тут жа, за мяжой, няма рэжыму Лукашэнкі. Тут жа не таўкуць вас ў карак «губазікі», не абмяжоўваюць вашу нікчэмную свабоду слова. Дык хто вы, гаспада! Адкуль вы!
Тут дарма пытаньні задаваць. Бо калі няма годнасьці, сумленьня і Беларусі ў сэрцы, то ці яны пад рэжымам, ці яны ў «свабодзе» -- адзін кшталт.
Цалкам дапускаю, што для свайго пакаленьня яны грандыёзна абгадзяць Народны Фронт і маё імя, схаваюць пад кучамі сьмецьця. Але для нас гэта ня мае значэньня, бо ёсьць вынік нашай справы, дзеля якой мы, фронтаўцы, ахвяраваліся і зрабілі. Ёсьць незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь, ёсьць дзяржаўны сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, ёсьць дзяржаўны гістарычны гэрб Пагоня, ёсьць Канстытуцыя і заканадаўства незалежнай Беларусі, ліквідаваны камунізм, адкрытая праўда пра Чарнобыльскую катастрафу і здабытыя ўлікі юрыдычнай адказнасьці за маскоўскоўскае людабойства і генацыд (Курапаты). Усё гэта ёсьць, існуе і будзе існаваць само па сабе, незалежна ад памяці і бяспамяцтва нашых імён. У гэтым розьніца паміж намі і цяперашнімі імітатарамі. Пасьля іх не застаецца нічога.
Зянон Пазьняк
20-09-2026 г.


