top of page

ПЕРАД ДУХАМ РАССЫПЕЦЦА СІЛА ЗЛА

Як католік мушу сказаць сваё слова.


Акупацыййны рэжым зачыняе знакаміты ў Беларусі "Чырвоны Касьцёл" ў Менску (Касьцёл Сымона і Алены), выганяе сьвятароў і вернікаў і забараняе ў ім каталіцкую Багаслужбу.


Гэта новы этап расправы акупантаў з Каталіцай Верай у Беларусі. Падрыхтоўку да зьнішчэньня Каталіцкага Касьцёла праводзіў яшчэ рускі шпіён Бабіч пад выглядам амбасадара Масквы ў Беларусі.


Акупанты, абапіраючыся на Лукашэнку, сьпяшаюць зьнішчыць усё беларускае і духоўнае ў нашай краіне і ўкінуць яе ў вір расейскай вайны. Але скора ім самым прыйдзе канец, калі вернікі стануць на абарону сьвятыні і Веры.


Нельга саступаць цемры і расейскаму сатанізму. Католікі, пачуйма голас зь Неба, які чакае адказу на выклік і выпрабаваньне. Трэба абараняць Касьцёл ад ворагаў чалавецтва. Непераможныя тыя, хто з Хрыстом, і з кім ёсьць Хрыстос.


Дзень і ноч маліцца трэба ў Касьцёле, каля Касьцёла і вакол Касьцёла. І хай малельцаў будзе шмат, сотні, тысячы, дзясяткі тысячаў, сотні тысячаў вернікаў-беларусаў. І малітва Божая хай гучыць несьціхана.


Не аддавайце Сьвятыні сьвіньням. На Небе іхныя дні ўжо пэўна палічаны, і Неба чакае ад беларусаў адказу. Настаў час, калі нечысьць пераступае мяжу, і замахнулася на сьвятое.


Праваслаўныя беларусы, вернікі і сьвятары, ідзеце ў абарону Касьцёла разам з каталікамі, бо цёмны ня спыніцца ні перад чым, калі не спаткае масавага супраціву і духоўнага рушэньня людзей. Гісторыя нядаўняга часу паказала, каго ён ненавідзіць і каго баіцца найбольш. Таму ня трэба баяцца тых, што баяцца нас, але трэба сьведчыць сваю сілу. Абараняйце Касьцёл.


Ляўдэтур Езус Хрыстус! Слава Ісусу Хрысту!


8 кастрычнік 2022 г.

Зянон Пазьняк

(з рухам "Вольная Беларусь")


Anchor 1
bottom of page