Чаму мядзьведзі ідуць да людзей? Такое пытаньне цяпер задаецца ў паведамленьнях ў сродках масавай інфармацыі пра тое, што людзі ў Беларусі ўсё часьцей сустракаюць мядзьведзяў, ласёў і іншых зьвяроў паблізу месцаў свайго пражываньня. Апошнім часам на сайце Хартыя97 нават можна пабачыць відэа, калі вялікі буры мядзьведзь бяжыць па асфальтаванай вуліцы, забудаванай з абодвух бакоў, гэта на ўскрайку Менска. А далей там жа яшчэ адно паведамленьне ў той жа дзень. Маладая камбайнерка, якая ў полі жне жыта, зазьняла відэа, дзе побач ходзіць сотня ці нават болей буслоў . Яна кажа, што ніколі такога не бачыла. З майго дзяцінства мне таксама памятаецца, што пад час жніва можна было пабачыць у адным месцы толькі нейкі дзясятак доўганогіх прыгажуноў.
Прыгожыя абразкі. Цудоўная прырода. Людзі і зьвяры жывуць у згодзе. А ці так гэта ёсьць па сутнасьці? Якія працэсы адбываюцца ў навакольлі, ці нясуць яны пазытыўныя зьмены, а можа наадварот?
На маю думку, якраз наадварот. У прыродзе нашай краіны, у навакольным асяроддзі адбываюцца тыя ж самыя разбуральныя працэсы, якія дзейнічаюць і ў грамадзтве.
Дыктатарскі рэжым вынішчыў усе мала-мальскія формы свабоднага грамадзкага і палітычнага жыцьця ў краіне. Культура зьведзена да ўзроўню “ніжэй калена”. Пад корань выразаны ўсе праявы нацыянальнага разьвіцьця, заняпала адукацыя, перасьледуецца нацыянальная мова. Антыбеларускі рэжым разбурыў дашчэнту эканоміку краіны, яе інтэлектуальны, навуковы патэнцыял. Гэтыя сфэры да прыходу Лукашэнкі да ўлады выгадна выдзялялі Беларусь сярод былых савецкіх рэспублік. Пазбаўленае ўсіх гэтых неабходных атрыбутаў, грамадзтва не можа нармальна разьвівацца, адбываецца працэс адзічэньня, ці рэгрэс, кажучы словамі навукі.
Падобнымі мэтадамі дыктатарская ўлада нішчыць і прыроду Беларусі. Збанкрутаваная калгасная сістэма ня здольная падтрымаць захаваньне пладароднасьці глебы, нармальны баланс яе функцыяваньня дзеля захаваньня прадуктыўнай сельскай гаспадаркі. Апрацаваныя пакаленьнямі землі могуць ператварыцца ў пустэчу. Калгаснае жыцьцё не замянілася фермерскім, якое з большай адказнасьцю магло б ставіцца да зямлі. Вёскі выміраюць і зарастаюць быльнягом, жыцьцё людзей перамяшчаецца ў гарады. А на месцы былых вёсак прыходзіць прырода, якая імкліва замяняе сабою адсутнасьць чалавека.
Чалавечая прысутнасьць штучна абмяжоўваецца і ў лясах. Улады з розных надуманых прычынаў сталі часта забараняць беларусам наведваць лясы. Дыктатар баіцца, каб там не зьявіліся партызаны, у лесе значна складаней усё трымаць пад кантролем, лепш забараніць наогул.
Варта згадаць і Чарнобыльскую зону, дзе даўно ўжо няма людзей і адбываецца поўнае адзічаньне рэгіёну, там ідзе бескантрольнае размнажэньне дзікіх жывёлаў, які могуць міграваць ў іншыя беларускія рэгіёны.
Адвечны закон - там, дзе адступае чалавек, наступае прырода. Таму, як выглядае, мядзьведзі ідуць не да чалавека, яны пашыраюць сваю прысутнасьць, сваю жыцьцёвую прастору. Папуляцыя дзікіх жывёлаў павялічваецца.
А ёсьць і “зваротны бок мэдалю”. У сёньняшняй Беларусі бяздумна актыўна высякаюцца лясы, аднак новыя не насаджаюцца ў тых жа колькасьцях. Часоваму дыктатару патрэбныя грошы, а гандаль драўнінаю ёсьць добрым бізнэсам., яго не цікавіць, што дрэвы не трава і што ён забірае іх у будучых пакаленьняў. Ад гэтага церпіць і жывёльны сьвет, дзікія жывёлы мусяць шукаць іншую прастору для жыцьця. Да таго ж у Беларусі сёньня зьліквідаваны ўладаю амаль усе грамадзкія арганізацыі, якія працавалі дзеля аховы прыроднага асяроддзя.
Трэба згадаць і сумную спадчыну савецкага часу – асушэньне палескіх балотаў. Гэтая злачынная практыка грубага ўмяшаньня ў прыродны балянс краіны мае цяжкія наступствы для клімата, для экалёгіі Беларусі, для яе жывёльнага сьвету. Дыктатарскі рэжым ніколі не клапаціўся пра тое, каб нейкім чынам зьменшыць гэтыя пагрозы.
Спусташэньню навакольнага асяроддзя важка спрыяюць вайсковыя гульні Лукашэнкі – бясконцыя вайсковыя вучэньні, прысутнасьць расейскіх войскаў, вагнэраўцаў.
Сёньня ў краіне няма руплівага гаспадара, якім павінен быць сам народ і абраныя ім улады. Беларускі народ стаўся бяспраўным на сваёй зямлі, якую не ў стане абараніць ад сквапнага рабаўніка.
Татальнае адзічаньне, якое адбываецца на нашых вачах, значна абцяжарыць разьвіцьцё краіны ў будучыні.
Магчыма, што мядзьведзі і ласі прыходзяць да нас і для таго, каб папярэдзіць, што не ўсё так добра ў акаляючым нас прыродным сьвеце.
Ганна Сурмач
Comments