top of page

Антыкрызіснае пагадненьне

32 гады таму,14 сакавіка 1992 года, было падпісана важнае ў сваёй ідэйнай істоце "Антыкрызіснае пагадненьне". Сутнасьць у тым, што ад пачатку 1992 года стаў адчувальна відаць нахіл расейскай палітыкі да традыцыйнага для Масквы імпэрыялізму і імкненьня да гегемоніі. З боку Крамля зьявілася прапанова аб стварэньні так званай Дамовы аб Калектыўнай Бясьпецы краінаў дэкляратыўнага СНД.

Масква такім чынам хацела сцьвердзіць вайсковы кантроль над узброенымі сіламі Беларусі, Украіны і ўсіх астатніх. Пачаўся моцны ціск на вольныя краіны. Беларускі Народны Фронт і ягоныя дэпутаты выступілі рэзка супраць маскоўскай ініцыятывы. ДКБ стварала б маскоўцам магчымасьці акупацыі і ўмяшаньня ва ўнутранныя справы Беларусі і іншых краінаў былога СССР.

Дэпутаты БНФ правялі перамовы з галоўнымі пэрсонамі дзяржаўнай улады Беларусі, дзе былі адкрыта выкладзены апасеньні аб умяшаньні Расеі ва ўнутранныя справы Беларусі з мэтай пагрозы суверэнітэту краіны. З нашага боку была выстаўлена прапанова аб заключэньні Антыкрызіснага пагадненьня паміж Апазыцыяй Беларускага Народнага Фронту і дэмакратычнымі партыямі з аднаго боку і зь беларускімі структурамі дзяржаўнай улады з другога.

Сутнасьць Антыкрызіснага пагадненьня ў тым, што калі ўзьнікне пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Масквы, то беларуская дзяржаўная ўлада і апазыцыя (найперш БНФ) будуць дзейнічаць разам па абароне незалежнасьці і нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Прапанова была на той час фэнамэнальная.

Улады пагадзіліся і 14 сакавіка 1992 года ў залі прыёмаў Дома Літаратара адбыўся Прадстаўнічы сход і падпісаньне Антыкрызіснага пагадненьня. Ад Апазыцыі прысутнічалі БНФ (Зянон Пазьняк) БЗВ, (Мікалай Статкевіч) і ўсе асноўныя дэмакратычня партыі (акрамя прамаскоўскай АГП). Ад дзяржаўнай улады былі Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, Старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, Мністар унутранных справаў Уладзімер Ягораў, адзін з намесьнікаў Старшыні Савета Міністраў Кебіча, Старшыня Беларускіх прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык і іншыя асобы.

У Маскве, калі пра тое даведаліся, ім ёкнула пад лыжачкай. У Беларусі поўная падтрымка. Не адобрылі тое толькі асобы з прамаскоўскай АГП. Была такая прарасейская асоба з АГП Грязнова (потым сядзела ў лукашысцкай "палатцы"), якая нават праз 10 гадоў не магла супакоіцца, так яе даняло тое салідарнае дзеяньне беларусаў і нечаканы ход БНФ.

На жаль Пагадненьне не разьвілося. Масква па чарзе здушыла ўсіх самастойнікаў ад улады, а Шушкевіч, які казаў сьмелыя словазвароты, які меў дэпутацкую ініцыятыву аб правядзеньні рэфэрэндуму пра так званую "калектыўную Бясьпеку", потым ціха здаўся, пахаваўшы волю дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія сьпісам выказаліся супраць "дамовы", і ціха падпісаў тае маскоўскае АДКБ 31 сьнежня 1993 года.

(А ўвогуле па вопыту скажу -- беларуская вышэйшая афіцыйная ўлада, на жаль, што ў падсавецкай БССР, што ў Рэспубліцы Беларусь, заўсёды была нікчэмнай, здрадлівай і бязвольнай. Мелі, што мелі. Вынік -- Лукашэнка.)


14 сакавік 2024 г.

Зянон Пазьняк



Comentarios


Anchor 1
bottom of page