(кампэндыюм)
Прэамбула
Узьнікла неабходнасьць абагуліць і выкласьці пазыцыю Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь», аб прызнаньні Беларусі акупаванай дзяржавай, аб дэакупацыі Беларусі, аб адмене эканамічных санкцыяў, аб палітзьняволеных і аб недапушчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусь, выкладзеную на працягу апошняга часу ў артыкулах, выступах, заявах, лістах у міжнародныя структуры. Наш пасыл для беларусаў, для міжнароднай супольнасьці і найперш да Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Выклад пазыцыі аб расейскай акупацыі Рэспублікі Беларусь
Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што Беларусь і беларускі народ сталіся закладнікамі злачыннай палітыкі Расеі і адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта робіць неабходным фармаваньне і рэалізацыю адмысловай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, якая, з аднаго боку, магла б уплываць на аслабленьне рэжыму Лукашэнкі, а з іншага, -- не ізалявала Рэспубліку і беларускае грамадзтва. Фармаваньню такой палітыкі можа садзейнічаць прызнаньне Беларусі акупаванай дзяржавай, якая знаходзіцца пад акупацыйным кантролем Расейскай Федэрацыі і падвяргаецца гібрыднай акупацыйнай палітыцы.
Акупацыя Беларусі адбывалася праз доўгатэрміновы працэс рэалізацыі мэтадаў гібрыдных уплываў, палітычнага і эканамічнага ўзьдзеяньня, праз палітыку штучнай саюзнай інтэграцыі, праз правакаваньне крызісаў, што ў выніку прывяло да ўвядзеньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, да фактычнага захопу краіны, да штурханьня краіны ў расейскую агрэсіўную вайну.
На сёньняшні дзень можна канстатаваць:
1. Адміністрацыя Лукашэнкі не зьяўляецца канстытуцыйнай прадстаўнічай уладай беларускага народу, ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць выключна абапіраючыся на падтрымку і прымус з боку Расейскай Федэрацыі і на рэжым унутранага тэрору.
2. Адміністрацыя Лукашэнкі не ажыцьцяўляе суверэннага кантролю над тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь, якая цалкам выкарыстоўваецца Расейскай Федэрацыяй для сваіх вайскова-стратэгічных патрэб ў мэтах ажыцьцяўленьня ваенных дзеяньняў у дачыненьні да Украіны.
3. Са студзеня 2022 году на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца войскі Расейскай Фэдэрацыі, мэта якіх была ня толькі ў ажыцьцяўленьні нападу на Украіну, але і ўтрыманьня геапалітычнага кантролю над Рэспублікай Беларусь.
Ад 10 кастрычніка 2022 году адміністрацыя Лукашэнкі заявіла пра разгортваньне расейскай Рэгіянальнай Групоўкі Войскаў на тэрыторыі Беларусі, якая павінна налічваць каля 9 тыс., чалавек (мінімум). Гэта абазначае сталую прысутнасьць расейскага вайска на тэрыторыі краіны, а таксама намеры ўключыць беларускае войска ў расейскую вайскова-палітычную прастору.
4. Сталае знаходжаньне расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі і рашэньне Пуціна пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі сьведчыць пра расейскія акупацыйныя інтарэсы і пра зьнішчэньне незалежнасьці беларускай дзяржавы.
Працэс акупацыйнай прысутнасці РФ у Беларусі завяршыўся. Адміністрацыя Лукашэнкі выконвае выключна функцыі па забесьпячэньню ўнутранага парадку праз рэжым надзвычайных дзеяньняў, а таксама ажыцьцяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэньне расейскай акупацыйнай ваеншчыны.
Прызнаньне Беларусі акупаванай дзяржавай вынікае з шэрагу палітычных і інфармацыйных наступстваў для Беларусі і для беларускага народу:
1. Расея вядзе вайну ня толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі. Беларусь, у выніку гібрыдных палітычных дзеяньняў РФ і ў выніку здрадніцкай прарасейскай палітыкі Лукашэнкі, гэтую вайную прайграла.
2. Асэнсаваньне пераважнай часткай насельніцтва Беларусі таго факту, што палітыка Расеі мае дэструктыўнае значэньне для народу Беларусі і краіны. Расейская палітыка інтэграцыі мела на мэце выключна падпарадкаваньне Беларусі пад Расею, зьнішчэньне беларускай незалежнасьці і культурную асіміляцыю беларусаў.
3. Вайну, якую вядзе Расейская Федэрацыя пры садзейнічаньні адміністрацыі Лукашэнкі, не падтрымлівае народ Беларусі. Расея ўцягвае Беларусь у вайну з прычыны акупацыі яе тэрыторыі.
4. Беларускі народ, які знаходзіцца пад акупацыяй і пад рэжымам жорсткіх рэпрэсій, ня можа несьці адказнасьці за дзеяньні адміністрацыі Лукашэнкі.
5. Разуменьне рэальнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь створыць умовы для зьмяншэньня штучнай напружанасьці, створанай расейскай агентурнай прапагандай ў адносінах паміж беларускім і украінскім народамі, узмоцніць кансалідацыю для супольнай барацьбы супраць расейскай агрэсіі, зьнізіць уплыў расейскай агентурнай прапаганды па стварэньні нянавісьці да беларусаў.
6. Вайна ва Украіне – ня толькі барацьба за гістарычнае існаваньне Украіны, але і Беларусі;
7. Беларускі народ на Бацькаўшчыне і за мяжой павінен аказваць пасільны супраціў расейскім акупацыйным войскам і адміністрацыі Лукашэнкі; падтрымліваць украінскіх змагароў, украінскае войска, дапамагаць палку імя Каліноўскага.
8. Узаемадзеяньне з украінскім народам і перамога Украіны будзе неабходным фактарам для палітычных пераменаў у Беларусі.
9. Беларусы, якія знаходзяцца ў эміграцыі, не павінны адчуваць сябе дыскрымінаванымі. Яны павінны мець аднолькавыя правы з украінцамі.
10. Заходнія краіны, у сувязі з рэжымам акупацыі ў Беларусі, павінны ажыцьцяўляць палітыку спрошчанага ў'езду ў Эўразьвяз для грамадзян Беларусі.
11. Калі Расея выкарыстае тэрыторыю Беларусі для нанясеньня тактычных ядзерных удараў, то з боку краінаў Захаду Беларусь, яе жыцьцёвая інфраструктура не павінна разглядацца як мэта нанясеньня ўдараў. Беларусь і беларускі народ зьяўляюцца закладнікамі палітыкі Пуціна і Лукашэнкі.
Таксама важна мець на ўвазе, што дзеяньні рэжыму Лукашэнкі супярэчаць усім прынцыпам чалавечага суіснаваньня. Палітыка Лукашэнкі носіць антынацыянальны, антыдзяржаўны, антычалавечы характар, што агулам выяўляецца ва ўнутраным тэроры і культурным генацыдзе.
Непасрэдна гэтая палітыка зацьвярджаецца і ажыцьцяўляецца шэрагам палітычных структур: дэпутатамі так званага “Нацыянальнага сходу”, адміністрацыяй Лукашэнкі, “радай бясьпекі” палітычнай арганізацыяй "Белая русь", Сьледчым камітэтам, пракуратурай, судамі. Выключную адказнасьць у рэалізацыі метадаў тэрору -- катаваньні, фізычныя псіхалагічныя зьдзекі, забойствы -- нясуць на сабе Губазік і КДБ.
У дзеяньнях Лукашэнкі і ягонага атачэньня выяўляюцца прыкметы шантажу і запалохваньня вайной суседніх краінаў: Летувы, Польшчы, Украіны -- праз намеры Масквы (падтрыманыя Лукашэнкам) разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.
Мы спадзяемся, што ў ЗША маглі б стварыць адмысловую групу пры ўдзеле беларусаў, якая б сістэматызавала інфармацыю пра агрэсіўныя дзеяньні расейскага і лукашысцкага рэжыму ў Беларусі, пра акупацыю, рэпрэсіі і генацыд у Беларусі і ўплыў гэтых працэсаў на пытаньні бясьпекі ва Усходняй Эўропе.
ВЫСНОВЫ
1). Аб прызнаньні Рэспублікі Беларусь акупаванай дзяржавай
Расейская акупацыя Беларусі адбылася ў другой палове студзеня 2022 года. Пад выглядам расейскіх вайсковых вучэньняў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь са згоды і пры спрыяньні нелегітымнага і непрызнанага начальніка выканаўчай улады Аляксандра Лукашэнкі былі ўведзены расейскія войскі.
Прадстаўнічы ворган нелегітымнай улады -- Палата прадстаўнікоў (таксама непрызнаная міжнароднай супольнасьцю), якая існуе пад выглядам парляманту, пытаньня аб уводзе расейскіх войскаў ў Беларусь таксама не разглядала.
Згодна з палажэньнем, колькасьць войска на вайсковых вучэньнях не павінна перавышаць 13 тысячаў. Масква ўвяла ў Беларусь 45 тысячаў войска, якое ўзяло пад кантроль беларускія аэрадромы, ваенныя, стратэгічныя, энэргетычная і прамысловыя аб'екты, стварыла на акупаванай Беларусі ўдарную армейскую групоўку і 24 лютага 2022 года напала на Украіну. Прытым з акупаванай тэрыторыі Беларусі расейцы абстрэльвалі ракетамі ўкраінскую тэрыторыю.
Беларускі народ у большасьці (больш за 90%) супраць вайны з Украінай. Супраць вайны з Украінай таксама Беларуская армія.
Нелегітымны кіраўнік улады ў Беларусі А. Лукашэнка праявіў сябе як здраднік Беларусі і выконвае на справе ролю кіраўніка акупацыйнай расейскай адміністрацыі, праводзіць масавыя рэпрэсіі Беларускага народа, тысячы беларусаў кінуты ў турму; дыктатар ліквідаваў грамадзянскую супольнасьць (зачынена больш за 1200 грамадзкіх арганізацыяў), ліквідаваў свабоду слова, зачыніў вольныя газэты і рэсурсы ў Інтэрнэце. Сотні тысячаў беларусаў эмігравалі, ратуючыся ад перасьледу.
Улічваючы вышэй сказанае, трэба адрозьніваць здрадніцкую прамаскоўскую палітыку А. Лукашэнкі і антываенную пазыцыю Беларускага народа. Беларускі народ -- гэта не імпэрскі, але дэмакратычны эўрапейскі народ. Нельга яго параўноўваць з расейцамі. Тут дыямэтральная розьніца.
У інтарэсах Беларускага народа трэба, каб рэчы былі названыя сваімі імёнамі, каб Баларусь была празнаная акупаванай дзяржавай. Гэта будзе адлюстроўваць рэальнасьць, спыніць расейскую (пад відам украінскай) агентурную прапаганду нянавісьці супраць беларусаў, накіруе адказнасьць за акупацыю і падтрымку акупацыі на рэальнага злачынцу -- Аляксандра Лукашэнку і на ягоны рэжым улады, паспрыяе большай кансалідацыі беларусаў супраць расейскай агрэсіі і вайны.
Важнае палажэньне. Беларусь зьяўляецца стратэгічнай тэрыторыяй ва Усходняй Эўропе. Захапіўшы тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, Масква клінам даходзіць да межаў Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны на лінію непасрэднага сутыкненьня, што шматкроць павялічвае магчымасьці Расеі дзеля агрэсіі, стварае перавагі для ваеннага нападу на краіны Усходняй Эўропы, аб чым Пуцін неаднаразова даваў зразумець.
Без захапу Беларусі Масква не магла пачаць шырокамаштабнае ўварваньне ва Украіну. У гэтай сувязі дэакупацыя Беларусі – ёсьць шлях да ўмацаваньня бясьпекі ў Эўропе. Пасьля вызваленьня Украіны ад акупантаў мір ня будзе забясьпечаны без дэакупацыі Беларусі і бяз вываду расейскіх войскаў зь яе тэрыторыі.
Неабходна:
а). Прызнаць Рэспубліку Беларусь акупаванай дзяржавай войскамі Расейскай Федэрацыі.
б). Патрабаваць ад Расеі з боку ААН і краінаў дэмакратыі вывесьці акупацыйныя войскі зь Беларусі.
2). Аб адмене эканамічных санкцыяў
-- Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі не ўплываюць на ўладу Лукашэнкі і не зьнішчаюць лукашысцкі рэжым.
-- Эканамічныя санкцыі штурхнулі рэжым Лукашэнкі ў поўную залежнасьць ад Расеі, паспрыялі расейскай акупацыі Беларусі і нападу войска Расейскай Федэрацыі на Украіну з тэрыторыі акупаванай Беларусі.
-- Эканамічныя санкцыі спрыяюць захопу беларускай нацыянальнай маёмасьці расейскім капіталам і ўмацаваньню расейскага эканамічнага валоданьня ў Беларусі.
-- Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі скансалідавалі Рэжым Лукашэнкі з рэжымам Пуціна.
-- Эканамічныя санкцыі пагоршылі (і пагаршаюць) жыцьцё Беларускага народа.
Неабходна:
а). Адмяніць усе (!) эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.
б). Пакінуць і шматкроць павялічыць пэрсанальныя санкцыі супраць злачынцаў і дзеячоў рэжыму.
в). Адмену эканамічных санкцыяў паставіць як умову вызваленьня тысячаў баларусаў, увязьненых у турме па палітычных матывах. (Дарэчы, гэта адзіная магчымасьць "абмену" і адзіны кошт, які можна прапанаваць дзеля вызваленьня вязьняў.)
г). Арганізаваць і стварыць сістэмны кантроль па недапушчэньні кантрабанды расейскіх санкцыйных тавараў у Расею праз Беларусь. (Гэта цалкам магчыма і вырашальна.).
3). Аб недапушчэньні завозу ў Беларусь расейскай ядзернай зброі
-- Тут парушаная міжнародная дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі.
-- Расейцы хочуць падставіць Беларусь аб“ектам ядзернага ўдару ў адказ на расейскі ўдар з тэрыторыі Беларусі, зрабіць яе закладніцай ядзернай вайны.
-- Расейцы плануюць ядзерны ўдар з тэрыторыі акупаванай імі Беларусі, намераны такім чынам зрабіць Беларусь вінаватай у выкарыстаньні ядзернага ўдару, ўцягнуўшы Лукашэнку ў свае задумы.
-- Заява Пуціна аб увядзеньні атамнай зброі ў акупаваную Беларусь ёсьць акупацыйным актам ядзернай агрэсіі Расеі супраць Беларусі.
-- Заява Пуціна аб увядзеньні атамнай зброі ў акупаваную Беларусь ёсьць адкрытай пагрозай Украіне, Польшчы, краінам Балтыі і ўсяму дэмакратычнаму сьвету.
Неабходна:
а). Ультаматум з боку ААН і краінаў НАТО ў бок Расейскай Федэрацыі аб недапушчэньні ўвозу атамнай зброі ў Беларусь, папярэдзіўшы пра пагрозу выключных фінансавых (СВІФТ), гандлёвых, пэрсанальных і эканамічных санкцыяў супраць Расеі.
б). Прыняцьце стрымліваючых мераў НАТО ў адказ на ўвядзеньне атамнай зброі ў Беларусь і растлумачэньне аб канкрэтнай тэрытарыяльнай адказнасьці Расейскай Фэдэрацыі за стратэгічнае выкарыстаньне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ўжываньня атамнай зброі.
8 травень 2023 г.
Зянон Пазьняк, Павел Усаў
(Ад Беларускага Нацянальнага Сакратарыяту
Руху «Вольная Беларусь»)