top of page

БЕРАЖЫ БОГ АМЭРЫКУ!

  • pepper
  • Jul 4
  • 1 min read

Віншую ўсіх амэрыканскіх беларусаў з найвялікшым нацыянальным сьвятам Амэрыкі – Днём Дэклярацыі аб Незалежнасьці! Ад таго часу, 4-га ліпеня 1776 года, амэрыканцы з новай энэргіяй змагаліся за Незалежнасьць і дасягнулі яе ў верасьні 1783 года. З гэтага часу стала самастойна жыць і разьвівацца вялікая свабодная краіна, якая ня раз дапамагала нам, беларусам, перажыць нягоды і цяжкасьці чужой вайны і перасьледу нашых лепшых людзей.


Пасьля апошняй Сусьветнай вайны вялікі прэзыдэнт Гары Трумэн запрасіў у ЗША нашых землякоў, перасьледаваных рускімі камуністамі. Прыехалі тысячы беларусаў. У іх была магчымасьць працаваць, пабудаваць свае цэрквы, стварыць культурна-асьветніцкія, палітычныя і рэлігійныя арганізацыі, выпускаць свае газэты і часопісы па-беларуску, друкаваць кнігі, рабіць мастацкія выставы, стварыць сваю Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і дзячыць Амэрыцы сваёй прыхільнасьцю і падтрымкай.


Радасна ўсьведамляць, што ў справу Незалежнасьці гэтай харошай краіны беларусы таксама ўклалі свой ахвярны геній барацьбы за свабоду. Наш вялікі нацыянальны герой генэралісімус Андрэй-Тадэвуш Касьцюшка (сябра Томаса Джэферсана) добра ваяваў за Незалежнасьць Амэрыкі і праславіўся сваімі дзеяньнямі, камандаваньнем і абаронай краіны ў славутым Вэст-Пойнце.


Сёлетні Дзень Дэклярацыі аб Незалежнасьці Амэрыка сустракае на пачатку свайго вялікага аднаўленьня справядлівасьці, велічы, гаранта міру і нацыянальнай свабоды для ўсіх, хто яе шануе, сцьвярджае і патрабуе. Так ёсьць і так будзе. Віншаваньне з Днём Дэклярацыі аб Незалежнасьці! Беражы Бог Амэрыку! Жыве Беларусь!


4 ліпень 2025 год.


Зянон Пазьняк

ад імя Нацыянальна-Вызвольнага Руху

«Вольная Беларусь»

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page