ДЭКЛЯРАЦЫЯ АБ ДЗЕЯНЬНЯХ
Нацыянальна-Вазвольнага Руху «Вольная Беларусь»
Нацыянальна-Вызвольны Рух «Вольная Беларусь» ставіць задачы:
-- дэакупацыі Беларусі; вызваленьня Беларусі з-пад расейскай акупацыі і ліквідацыю антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі;
-- недапушчэньня да ўлады ў Беларусі прарасейскай апазыцыі, якая выступае пад відам змаганьня за дэмакратыю супраць рэжыму Лукашэнкі але з пэрспэктывай апоры на Расею ды на супрацоўніцтва з Масквой і з прамаскоўскімі левымі сіламі на Захадзе;
-- спрыяць арганізацыі і стварэньню Беларускага Народнага Трыбуналу над Лукашэнкам і над злачынцамі рэжыму Лукашэнкі;
-- спрыяць арганізацыі і надзвычайнаму правядзеньню люстрацыі з мэтай адлучэньня ад працэсаў функцыянаваньня ўлады, кіраваньня краінай і ўплыву на грамадзтва асобаў, якія таемна супрацоўнічалі з ворагамі Беларускаай нацыі і спрыялі варожай антынароднай палітыцы;
-- вызваліць з турмы ўсіх вязьняў, схопленых і асуджаных незаконна па прыдуманых палітычна матываваных прычынах;
-- спрыяць заключэньню тымчасовых дамоваў аб партнёрстве і ўзаемападтрымцы з сусядзямі – Украінай, Польшчай, Летувой, Латвіяй;
-- абапіраючыся на зьмест Будапэшцкага мэмарандуму 1994 года, зьвярнуцца да Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікабрытаніі аб гарантыях незалежнасьці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;
-- вярнуць законную Канстытуцыю 1994 года;
-- спрыяць усталяваньню парляманцкай рэспублікі і адмене выканаўчый прэзыдэнцкай улады;
-- стварыць Народную Выбарчую Камісію па выбарах і правесьці свабодныя выбары ў парлямант Рэспублікі Беларусь згодна з заканадаўствам і Канстытуцыяй 1994 года.
З мэтай рэалізацыі гэтых задач Нацыянальна-Вызвольны Рух «Вольная Беларусь»:
-- падтрымлівае збройныя сілы Украіны ў барацьбе супраць расейскага агрэсара;
-- уступае ў кааліцыю з усімі беларускімі вызвольнымі нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі;
-- наладжвае салідарныя дачыненьні па галоўных патаньнях вызваленьня Беларусі з усімі беларускімі арганізаванымі ўтварэньнямі.
-- наладжвае супрацоўніцтва з палком Каліноўскага, дапамагае яму матар“яльна, ідэйна і палітычна, спрыяе перарастаньню палка ў беларускую нацыянальную збройную фармацыю;
-- распрацоўвае варыянты пазбаўленьня Беларусі ад расейскай акупацыі і спосабы ліквідацыі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.
Магчымы варыянт дзеяньняў і падзей:
-- У выніку паразы Расеі ў вайне з Украінай і ў выніку масавых народных пратэстаў у Беларусі будзе створаны Рэвалюцыйны Тымчасовы Нацыянальны Урад (РТНУ)на аснове Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь» і ўсіх кааліцыйных беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў з апорай на пратэстны народ, на Полк Каліноўскага і на беларускія збройныя фармаваньні, што ваююць на баку Украіны супраць расейкіх агрэсараў;
-- Тымчасовы Урад аб“яўляе аб дзеяньнях у народных інтарэсах і карыстаецца тымчасовай рэвалюцыйнай легітымнасьцю, ажыцьцяўляе вышэй пададзеныя задачы;
-- праводзіць зьмену кіраўніцтва дзяржаўных структур і роспуск антынародных наслаеньняў і фармаваньняў;
-- кіраўніцтва бюракратычных структураў будзе прыведзена да прысягі новай тымчасовай беларускай уладзе і законнай Канстытуцыі 1994 года альбо зыйдзе з займаемых пасадаў;
-- да выбараў парляманту будзе ўведзена ў дзеяньне тымчасовая падаткавая сістэма зь мінімумам падаткаў дзеля выжываньня людзей і хуткага разьвіцьця прадпрыймальніцтва;
-- антынародныя законы і дэкрэты злачыннага рэжыму будуць адменены;
-- антынацыянальныя зьдзелкі злачыннага нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, заключаныя з Расеяй, прыгнятаючыя крэдыты, антынародныя пагадненьні і «саюзы» будуць адмененыя Тымчасовым Урадам;
-- будуць стварацца ўмовы для палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва па вектары «Поўнач-Поўдзень» з арыентацыяй на стасункі з суседзямі, з Эўразьвязам і дэмакратычным сьветам, з пэрспэктывай утварэньня Балта-Чарнаморскай Супольнасьці свабодных краін;
-- пасьля выбраньня парляманту на вольных дэмакратычных выбарах і пасьля фармаваньня Канстытуцыйнага Народнага Ураду Рэспублікі Беларусь Рэвалюцыйны Тымчасовы Нацыянальны Урад спыняе свае функцыі.
24 чэрвень 2023 г.
Вальны Сойм.
Варшава
コメント