2-га лістапада Дзень Задушны ў Каталіцкім касьцёле. Гэта вельмі вялікае сьвята ўшанаваньня памерлых. У беларускай народнай традыцыі -- гэта Дзяды, -- сьвята памяці продкаў. У Рэспубліцы Беларусь (да лукашысцкага рэжыму) яно было дзяржаўным сьвятам таксама памяці продкаў.
Пры савецкай акупацыі Дзяды былі, фактычна, забароненыя. Але народ (асабліва на захадзе Беларусі) адзначаў сваю памяць роду.
Першыя масавыя грамадзкія Дзяды наладзіў Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" 30-га кастрычніка 1988 года ў Менску каля Ўсходніх могілак, па дарозе на Курапаты і каля Курапатаў.
Гэта была падзея, якая ўскалыхнула Беларусь і паўплывала на палітыку ў Савецкім Саюзе. Сабралася каля 10 тысячаў народу ўсіх пластоў насельніцтва. Але сутнасьць падзеі выявілася ў трыюмфе народу над кіраўніцтвам камуністычнай партыі, якое заплянавала грандыёзную правакацыю па зьнішчэньні Фронту, як меркавалася, праліўшы кроў і зьдзейсьніўшы забойствы людзей. Аднак, дзякуючы розуму, вытрымцы і разумным паводзінам беларусаў, правакацыя ганебна правалілася. Камуністы пацярпелі разгромнае маральнае паражэньне, і Беларускі Народны Фронт стаў імкліва і масава разьвівацца.
30-ы кастрычнік 1988 года -- знакаміты дзень у гісторыі барацьбы беларусаў з расейскім камунізмам і савецкай акупацыяй. Пра падзеі таго часу шмат напісана. Яшчэ жывуць удзельнікі тых падзей. Адзначаючы Дзяды, і, успамігаючы 30-ы кастрычнік 1988 года, трэба памятаць аб тым, як пасьлядоўна змагаліся беларусы за волю і свабоду народа за незалежнасьць Беларусі, якая была дасягнута 25-га Жніўня 1991 года.
30 кастрычнік 2024 г. Зянон ПАЗЬНЯК