top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НА ГРАНТАХ БЕЗ ПЕРАМЕН

26 minutes ago
3 min read

Нядаўна даведаўся, што Офіс СЦ віленскія беларусы называюць "штабікам". Трэцяга верасьня "штабік" прынялі ў сэйме Летувы. Там былі спадары Лябедзька, Кучынскі, Франак Вячорка і ўся галоўная рэзідэнтура "осц". Відаць, яны шмат нагаварылі, бо вынікам нагавору тут жа стала публічная заява спікера Ю. Олекаса: "мы придерживаемся позиции, что санкции против Беларуси должны быть усилены". "Действуют экономические санкции, -- адзначана далей, -- в сфере торговли, финансов, транспорта, энергетики и других секторах. Их цель – сократить доходы режима". https://www.delfi.lt/ru/news/politics/spiker-seyma-litvy-my-priderzhivaemsya-pozicii-chto-sankcii-protiv-belarusi-dolzhny-byt-usileny-120298866?fbclid=IwY2xjawUGWNxwZG9mBWV4dG4DYWVtAjExAHNydGMGYXBwX2lkEDIyMjAzOTE3ODgyMDA4OTIAAR7zHYIqbvQAV9ZAlKbkPCAPLeEUgEiS1-iWMzWIk_NIzULR4msQKQ7YhY7QJg_aem_jmVB7_HzjEtlcxHiM1SezA


Ну якія стратэгі, а! Значыцца -- душы Беларусь, каб Лукашэнка баяўся! І пры гэтым робяць сабе брусэльскую міну на твары, быццам беларускага народа ўвогуле не існуе, галоўнае "рэжыму" насаліць.


Санкцыі. Санкцыяў патрабуюць супраць "БеларусьКалія", каб спыніўся і каб "даходу" не было. Але "БеларусьКалій" належыць не Лукашэнку, але дзяржаве і ўсяму народу. А як быць з 16 тысячамі працаўнікоў-беларусаў? Як зь іхнымі заробкамі? З працай, з падаткамі, з пэнсіямі, з фінансаваньнем бюджэту і сацыяльнымі выплатамі для людзей? Супраць каго санкцыі?


Згодна міжнароднага права, Беларусь не зьяўляецца ні агрэсарам ні "суагрэсарам". (Местачковым палітыкам варта заглядваць у кантычкі.) Тым часам людзі з палітычным узроўнем "штабіка", у настроенасьці супраць рэжыму Лукашэнкі складаюць сьпіс 500 беларускіх прадпрыемствў і перадаюць іншай дзяржаве у якасьці ваенных "целей".


Далей болей. Цэлы калектыў намаляваўся. Склалі мапу усіх вядомых і сакрэтных ваенных аб'ектаў Беларусі і апублічылі для магчымага зьнішчэньня. Дарэчы, вайскаўцы, жаўнеры (якія служаць, згодна набору, у беларускіх гарнізонах) -- на рассакрэчанай мапе, гэта хто? Чые людзі?


Асаблівасьць такіх складальнікаў і мапатворцаў -- поўная абыякавасьць да Беларусі і да Беларускага народа. Гэта ня іх народ. Адсюль і паводзіны, якія на юрыдачнай мове называюцца "данасіцельствам". Якое пакараньне за такое належыцца, можна прачытаць у Крымінальным Кодэксе Рэспублікі Беларусь.


На запрошанай сустрэчы "штабікам" было заяўлена (С.Ціханоўская) пра быццам бы ўзмоцненую падрыхтоўку беларускіх войскаў паблізу летувіскай мяжы. Яна сур'ёзна паведаміла, што атрымлівае інфармацыю пра будаўніцтва новай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі як каля мяжы з Украінай, так і ля межаў зь дзяржавамі Эўразьвязу. (Тут ўжо нават не брусэльшчына, а нешта іншае).


І ўсё яно пайшло б як заўсёды, калі б нечакана галоўны дарадца прэзыдэнта Летувы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Дэйвідас Матулёніс у этэры тэлеканалу LRT у адказ на вернападданыя папярэджаньні спадарыні ўзяў і ўсё сапсаваў. Сказаў, што "Летувіская выведка цяпер не фіксуе ўзмацненьня ваеннай пагрозы з боку Беларусі". «Я наўмысна сёньня цікавіўся дадаткова ў нашых службаў -- такой інфармацыі няма. З боку Беларусі на сёньня мы ня бачым узрастаньня пагрозы. Так, ёсьць пэўныя расейскія вайсковыя аб’екты, але новых манэўраных частак, якія нясуць простую пагрозу Летуве, Латвіі ці Польшчы, мы дакладна ня бачым», — заявіў Матулёніс. (Гл. партал «Свабода»).


Са "штабікам" і т. п. становішча нават не камэнтуем; тут усё зразумела ад пачатку. А вось з паводзінамі цяперашніх летувіскіх палітыкаў ёсьць пытаньне.


Адразу пасьля спатканьня ў Сэйме паважаны Старшыня Сэйму Ю. Олекас нагаварыў такога, у што цяжка паверыць, памятаючы пра палітычную этыку.

Нядаўна Міжнародны алімпійскі камітэт зьняў дыскваліфікацыю зь беларускіх спартоўцаў. Спадар Олекас запярэчыў: «Маё асабістае меркаваньне заключалася б у тым, што іх нельга дапускаць да ўдзелу ў спаборніцтвах і займацца спортам зь імі». Беларускія спартоўцы гэта "прадстаўнікі агрэсараў" і "не павінны ўдзельнічаць у якіх-небудзь міжнародных спаборніцтвах". А далей фэнамэнальна: "Летува ... зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію, заклікаючы абмежаваць фінансавую і іншую падтрымку міжнародных спартыўных арганізацый, якія спрыяюць... Беларусі".(https://laisvadienis.lt/olekas-nereiketu-isileisti-ir-sportuoti-su-rusijos-ir-baltarusijos-krepsininkais/?fsp_sid=20780&fbclid=IwY2xjawUHscxwZG9mBWV4dG4DYWVtAjEwAGJyaWQRMVVQZ0JkTmExUzkyMlcyZ2tzcnRjBmFwcF9pZBAyMjIwMzkxNzg4MjAwODkyAAEeWEbHcX-KEWB8xw7TlW-WmMNd2-h_efS6cp-Uh_5Ecj6cRUVq75gNAUPn6s0_aem_LZ3awazgqwUoaApSIWK1gw)


Некаторыя (найбольш недальнабачныя) думаюць, што можна скарыстаць цяперашнюю рэаль-палітыку Брусэля ды непрыняцьце ім рэжыму Лукашэнкі і максымальна ўгробіць беларускую дзяржаву, каб ня мець праблемаў зь Віленшчынай, Вільняй, Пагоняй, гісторыяй ВКЛ і ўсёй сваёй міфалогіяй.


Такое назіраецца пакуль як маргінальнае, але гісторыя добра ведае пра шкоды маргіналізму і яго здольнасьць перараджацца. Мушу агучыць тое, што вядома разумным летувісам (ведаю, што кажу). Калі ня будзе незалежнай моцнай і, пажадана, дэмакратычнай Беларусі, то, у прынцыпе, можа стацца праблематычным існаваньне цяперашняй незалежнай Летувы. (Каму не зразумела -- дык гэта калі замест Беларусі на поўдні краіны будзе расейская тэрыторыя, а якраз гэтаму спрыяюць безадказныя рашэньні ў палітыцы.)


Верагоднасьць нельга ігнараваць. Незалежная вольная Беларусь -- гэта як выратавальнае кола для Летувіскай дзяржаўнасьці. Трэба б было за яго разумна трымацца, пакуль прымітыўны папулісцкі правінцыялізм яшчэ канчаткова не пашкодзіў здаровага сэнсу ў галовах палітыкаў.


Дарэчы, за чысы Саюдзіса і БНФ нашыя сябры летувісы цудоўўна разумелі абставіны, і мы ня раз дапамагалі і выручалі адзін аднаго. Ну, але тады быў іншы палітычны ўзровень. Нават у кепскім сьне нельга было ўявіць супрацоўніцтва суседзкіх дзяржаўных структур з "дэмакратычнай" гэбоўскай агентурай.


Зянон Пазьняк

4-09-2026.

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page