top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ЗАЎВАГІ АБ БАЗАВЫХ СУТНАСЬЦЯХ

10 minutes ago
3 min read

Сярод грантавых і «невераятных» доўжыцца брыдкая сварка зь нянавісьцю, хамствам і бруднаслоўем. Дзьве тэмы. Першая -- «усеабдымная». Энтузіясты імкнуцца палічыць, куды йдуць грантавыя грошы групы сп. Ціханоўскай, патрабуюць адкрытасьці і справаздачнасьці.


Другая тэма – крыўда на «дэмсмі» за неразборлівасьць у словах, ды фактах і пагроза зьвярнуцца да грантадаўцаў аб пакараньні парушальнікаў.


Дрэннасьць гэтага балагану ў тым, што ўсё яно вельмі маргінальнае, адбываецца на нізкім узроўні і выклікае ацэнку з боку лукашысцкага рэжыму як характэрнага вобразу ўсёй беларускай эміграцыі.


Некаторыя беларусы нават лічаць, што гэта прадуманая і арганізаваная кампрамэтацыя, створаная для адцягненьня ўвагі ў бок ад палітычных спраў і для выяўленьня эмігранцкай склочнасьці.


Магчыма, ёсьць і такое, але ў цэлым яно вынікае з матар“яльнай залежнасьці «дэмсмі» ад чужых утрымальнікаў і з халяўнай абслугі грантавага існаваньня імітыцыйнай дзейнасьці. Усё гэта, як сказалі б маскоўцы, «очэнь грустна», бо йдзе на шкоду ўсім беларусам.


Па першай тэме. Папулісцкае змаганьне «праўдалюбцаў» за яснасьць з грантавымі грашыма «ОСЦ» ёсьць беспэрспэктыўнае і можа быць бесканечным, бо тут прэтэнзіі да сістэмы. Са справаздачнасьцю ў «ОСЦ» фармальна, напэўна, усё ў парадку (можна не сумнявацца). Што датычыць грантадаўцаў з Эўразьвязу, то сістэма сама сябе караць ня будзе. Атрымальнікі і даўцы -- адзін арганізм. Прытым зачынены арганізм. Успомніце падзеі трохгадовай даўніны аб падпісаньні статута «пк» і «осц» аб нераспаўсюдзе ўнутранай інфармацыі і аб пакараньні за недатрыманьне закрытых зьвестак (пакараньне на вялікую суму, між іншым).


Стварэньне балагану на матэрыяльным узроўні пад гаслам «где деньгі» і стварэньне ўяўленьня, што ў гэтым сутнасьць вялікай праблемы, зацямняе тое, што ў сапраўднасьці адбываецца – адвод ў бок ад палітычнай рэальнасьці, у якую уключаныя псэўдаапазыцыйныя структуры.


Група ОСЦ, якая складаецца, у асноўным, з агентуры спэцслужбаў, зьяўляецца пракладкай (проксі) чужой небеларускай палітыкі. Галоўны інтэрас з усходу (з Расеі), каб шляхам існаваньня проксі (і рэальнай квазі ў якасьці беларускай апазыцыі) сьцягнуць на яе ўвагу і перашкодзіць разьвівацца сапраўднай нацыянальна-дэмакратычнай беларускай апазыцыі. У значнай ступені гэта ўдаецца.


Галоўны інтэрас захаду (з Брусэлю) – не дапусьціць замацаваньня «нацыяналістаў» і скарыстаць у пэрспэктыве проксі-групу як трамплін для ўваходжаньня ў Беларусь і як прыладу ўплыву на будучую палітыку краіны з перасадкай сваіх лібэральных «каштоўнасьцяў» ды будаваньнем «маста» між рэсурснай Расеяй.


Па другой тэме. Напад на «дэмсмі» з пагрозай зьвярнуцца да спонсараў (рэальна – аб пераглядзе фінансаваньня). Гэтая сварка небясьпечная, таму што чужыя спонсары асабліва не зацікаўлены ў існаваньні беларускіх «дэмсмі» на беларускай мове, і могуць скарыстаць любую зачэпку, каб зьменшыць фінансаваньне. У выніку СМІ застануцца абмежаванымі, магчымасьці, узровень і абсяг іх пагоршацца. (Глядзіце на Белсат)


Мушу сказаць па сутнасьці беларускіх «дэмсмі». Гэта малалікія і залежныя СМІ, бо фінансуюцца не беларусамі. Яны ажыцьцяўляюць інфармацыйную, асьветніцкую і культурніцкую функцыю. Але ў палітычным сэнсе ў справе беларускага Адраджэньня і змаганьня з рэжымам яны робяць нямала шкоды. Гэта зьвязана з несамастойнасьцю, з залежнасьцю ад чужых грошай і ад чужой палітыкі і часткова – тлумачыцца маральна-палітычнай дэградацыяй часткі журналістаў (завязаных на спэцслужбы і т. п.). Тут становішча, якое фармальна складана выправіць. У выніку мусіць быць ясны адказ на кардынальнае пытаньне: быць ці ня быць.


Адказ жорсткі, але выпрабаваны цяжкай гісторыяй і цяжкім часам. У становішчы акупацыі, нацыянальных рэпрэсіяў і вынішчэньня народа, наяўнасьць любога друку на беларускай мове (нават самага адыёзнага) ёсьць патрэбны і неабходны чыньнік для выжываньня нацыі. Палітыка, ідэалёгія, прапаганда, акупацыйная хлусьня і т. п. -- усё гэта надбудова, надбудовачная разбуральная зьява, якая зьнікае з часам альбо ў выніку дзеяньняў. Тым часам мова – гэта базавая зьява, вынік уплыву якой застаецца пасьля краху надбудовы.


(Тут дадам, што базавая аснова мовы існуе як у абароне нацыі, так і ў агрэсіі вынішчэньня. Фашыствуючая палітыка Расеі і «русского міра» таму ілюстрацыя.)

Адказ на пытаньне аб быцьці і анталагічнай ролі сродкаў масавай інфармацыі бывае складанае для ірацыянальнага разуменьня. Але жорсткая практыка (найбольш савецкая) дае дакладны адказ. Для ацаленьньня нацыі ў працэсе моўнай асіміляцыі мусяць быць любыя нацыянальныя СМІ на нацыянальнай мове. Таму – асьцярожна з ацэнкамі беларускага друку у час нацыянальнай катастрофы. Без нацыянальнага друку – цемра. Ворагам Беларусі непатрэбна нічога па-беларуску.


Мусім прызнаць рэальнасьць, што мы, беларусы, ужо даўно ня маем вольных беларускіх нацыянальных СМІ. Скандалы рускамірцаў нацэленыя на тое, каб мы ня мелі ніякіх.


Зянон ПАЗЬНЯК

6.09.2026

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page