top of page

У Варшаве адзначылі Дзень незалежнасьці Беларусі

26 жніўня ў Беларускім доме ў Варшаве прайшло сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Беларусі.


Мерапрыемства прайшло з поўным аншлягам, вялікая заля была цалкам запоўненая. Распачалася імпрэза суполным сьпяваньнем гімна БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

З прамовай і лекцыяй выступіў Зянон Пазьняк, які, як непасрэдны ўдзельнік гістарычных падзеяў 1991 году, распавёў, якімі намаганьнямі і тонкай палітычнай барацьбой здабывалася нашая Незалежнасьць.

Пасьля лекцыі ўдзельнікаў чакала канцэртная праграма. Адмыслова, каб падтрымаць беларусаў у такі значны дзень, з Украіны прыехала паэтэса і сьпявачка Алеся Сінчук. Падчас бліскучага выступу яна выканала верш Уладзімера Сінчука, прысьвечаны змаганьню беларусаў, песьню "Перамогі сьцяг", прысьвечаную Палку Каліноўскага, іншыя вершы і фартэпіянныя кампазіцыі. Разам уся заля прасьпявала "Ой у лузі червона калина" у знак падтрымкі змагарнаму ўкраінскаму народу.

Галіна Пазьняк і Алег Лазоўскі прачыталі вершы Янкі Купалы, Алеся Гаруна, Ларысы Геніюш, Зянона Пазьняка.

Праграму працягнуў бард Зьміцер Бартосік. Натхняльна выступіў з акустычнай праграмай Алесь Дзянісаў, саліст гурта Dzieciuki.

На мерапрыемстве быў зладжаны кірмаш, на якім можна было набыць беларускую нацыянальную сымболіку, кнігі Зянона Пазьняка і факсімільныя беларускія выданьні, усе сродкі ад продажу якіх пойдуць на падтрымку Нацыянальна-Вызвольнага Руху і на пікап для Палку Каліноўскага.

Падчас імпрэзы таксама адбываўся збор подпісаў за стварэньне Беларускага Тэатру ў Варшаве.

Па завяршэньні ўсе прысутныя прасьпявалі разам беларускі ваяцкі марш "А дзе ж тыя ваяры?".


Крыніца: WARTA




Komentar


Anchor 1
bottom of page