top of page

СКЛАДАНАЕ ЖЫЦЬЦЁ ПАДВОЙНЫХ "БАРЦОЎ"

Тыповая мэтода расейска-царскай жандармэрыі, савецкага КГБ і цяпер расейскага ФСБ у працы з агентамі -- пэрыядычна саджаць іх ў турму, дзеля алібі, стварэньня вобразу змагара і рэвалюцыянера і пры неабходнасьці выпускаць іх, дзеля пранікненьня ў альтэрнатыўную (антырэжымную) сістэму, дзеля ўплыву на альтэрнатыўныя ролі і працэсы.

У гэтым парадку нічога не мяняецца. Цяпер у ліку тысячаў беларускіх палітзьняволеных знаходзіцца некалькі такіх асобаў (мы гэта ведаем), якія зачэпленыя спэцслужбамі і сядзяць у турме да пэўнага часу. Могуць зрабіцца потым нават героямі. (Трэба ведаць, аднак, што гэб'ё адносіцца да агентуры з вышыні свайго становішча і нават грэбліва.)

Нядаўна акупанты арыштавалі добра і даўно вядомага тыпажа такога Андрэя Дзімітрыева. (Дарэчы, кандыдаваў "спойлерам" на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 г., прытым даволі радыкальна і папулярна).

Андрэя Дзімітрыева ў палітычных вызвольных колах здаўна лічаць вырабленым агентам гэбоўскай канторы. У пачатку 2010 года, калі ўжо быў цалкам выпрацаваны агентурны рэсурс Мілінкевіча, у Менску пераважна канторшчынай (сярод якіх заўважную ролю меў Дзімітрыеў) была арганізавана новая "апазыцыя" пад выбары прэзыдэнта. Яна была выразна прарасейскай, атрымала вялікую фінансавую падтрымку з Захаду (рэальна 4,5 млн. эўра) і назвалася "Говори правду".

Падстаўной асобай (лідэрам) агентура "сасватала" паэта-патрыёта Уладзімера Някляева, які даўся сябе ўгаварыць ісьці на прэзыдэнта. У выніку так званыя лукашысцкія "выбары" скончыліся грандыёзнай правакацыяй, пабіцьцём беларускай грамадзянскай супольнасьці (тысячы беларусаў трапілі за краты) і арыштам усіх так званых "кандыдатаў", бальшыню зь якіх Лукашэнка, дарэчы, публічна загадаў залічыць у кандыдаты без прадстаўленьня поўнага збору 100 тысячаў подпісаў (і яны пагадзіліся).

Ад Някляева, якога моцна зьбілі, у турме адабралі здароўе і ён толькі ў 2015 годзе, відаць, канчаткова зразумеў, хто яго скарыстаў і куды ён трапіў, калі яго (з-за непатрэбы) адхілілі ад спраў у "Говправде", і кандыдатам на выбары 2015 года ад "Говправды" празначылі жонку афіцэра КГБ Тацьцяну Караткевіч. Яна акуратна выканала ролю.

На выбары ў 2020-м "кандыдатам" ужо пайшоў Дзімітрыеў. Перад гэтым ён і Караткевіч кансультаваліся з расейскім амбасадарам-шпіёнам Бабічам. Як пісала "РИА Новости" "посол Михаил Бабич встретился с лидерами кампании "Говори правду" Андреем Дмитриевым и Татьяной Короткевич по их инициативе. Бабич рассказал белорусской оппозиции о развитии Союзного государства. Он добавил, что рассказал лидерам "Говори правду" о той работе, которая ведется по строительству Союзного государства, чтобы снять все инсинуации на предмет недружественных действий по поглощению страны. Оппозиционные политики выложили фотографию со встречи в своих соцсетях". і г. д.

Цяпер дайшла чарга сядзець да Дзімітрыева. (Зазначу, ён не апошні такі ў чарзе. 30-я вярнуліся. Сутнасьць падзей добра растлумачыў доктар П. Усаў.)

Пасьля арышту Дзімітрыева адразу трэба было чакаць ўспышкі "інфармацыі" ў "дэмсмі", словаў падтрымкі, "мудрых", прыхільных і амбівалентных разважаньняў пра лёс Дзімітрыева, пра яго ролю, пра супярэчнасьці яго асобы, пра пакараньне з боку Лукашэнкі ўсіх, хто адхіляўся і г. д. Дакладна так і сталася. Ужо пішуць. Пайшло-паехала. Інкш быць не магло. Прытым гэтак лаяльна, двузначна-хвалебна выказаліся нават такія журналісцкія асобы, ад якіх ніхто нічога падобнага не чакаў. Але ў тым і характэрнасьць рэжымных падзей.

Калі абваліцца акупацыйны рэжым, калі будзе ліквідавана акупацыя і выйдуць палітвязьні на волю, тады беларускаму грамадзтву яшчэ прыдзецца сустрэцца таксама і з вызваленымі "героямі па прымусу", якія палезуць на трыбуны, у партыі і ў арганізатары мас.

Але ёсьць зброя, якой яны баяцца і супраць якой бясьсільныя. Гэтая зброя -- люстрацыя, якая будзе (павінна быць) праведзена хутка пасьля зьмены ўлады. Люстрацыя ў беларускіх ўмовах абвалу антынароднага рэжыму ёсьць катэгарычная неабходнасьць, без правядзеньня якой добрыя перамены ў грамадзтве не атрымаюцца.


12 студзеня 2023 г.

Зянон Пазьняк


Anchor 1
bottom of page