top of page

Наш Дзень Волі

25 сакавіка мы клічам Днём Волі, і ён ёсьць нашым вялікім Нацыянальным Сьвятам!

Наш Дзень Волі мае пад сабою глыбокі гістарычны грунт, пра які варта нагадаць усім нам і, найперш, дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі, які сёньня залічыў Раду БНР да экстрэмісцкіх арганізацый.

Напрыканцы 1917 году, скарыстаўшы сытуацыю, што склалася ў Расейскай імпэрыі пасьля кастрычніцкага перавароту, Вялікая Беларуская Рада - аб'яднаўчы цэнтр усіх Беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў, зарганізавала правядзеньне ў сьнежні 1917 года ў Менску Першага Усебеларускага Кангрэсу, на якім былі прысутнымі 1872 дэлегаты. Кангрэс абраў Раду, як свой выканаўчы ворган, што павінен быў спаўняць дзяржаўную ўладу і прывесьці да стварэньня незалежнай Беларускай дзяржавы.

21 лютага 1918г. Рада выдала свой заканадаўчы акт –

1-ю Устаўную грамату, дзе абвяшчала сябе тымчасоваю ўладаю ў Беларусі.

9 сакавіка 1918г. Рада выдала 2-ю Устаўную грамату, дзе галоўным пунктам запісана:

''Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі Беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.''

І нарэшце, 25 сакавіка 1918 году была прынятая 3-я Ўстаўная грамата, ад якой пачынаецца новы адлік Беларускай нацыянальнай гісторыі.

Вось гэтыя найважнейшыя словы:

''... Мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржаваю.''


Акт 25 сакавіка 1918 года стаўся пачаткам дзяржаватворчага працэса ў найноўшай гісторыі Беларусі, падмуркам якога была гісторыя Вялікага Княства Літоўскага- нашай старажытнай дзяржавы.

Поўнавартасны працяг гэтага працэсу ў адпаведнасьці з ідэаламі БНР быў перапынены наступам бальшавікоў і наследнай акупацыяй тэрыторыі БНР Чырвонай Арміяй.


Аднак, з бальшавіцкай акупацыяй БНР не зьнікла, не зыйшла ў мінулае, не стала гістарычным артэфактам. Яна засталася жыць у новым вымушаным на той час абліччы.

Захапіўшы тэрыторыю, але пры наяўнасьці дзейснага ўраду БНР у выгнаньні, бальшавікі ўжо не маглі цалкам адрынуць ідэю наданьня нашаму краю статусу дзяржаўнасьці і мусілі стварыць квазірэспубліку – БССР. Безумоўна, без абвяшчэньня БНР не была б створаная БССР.

Пры гэтым бальшавікі заявілі пра стварэньне не Паўночна-Заходняй, а менавіта Беларускай рэспублікі, замяніўшы ў назве БНР дэфініцыю ''народная'' на словазлучэньне ''савецкая сацыялістычная''.

Вызначальнае слова “Беларускі” было прысутным паўсюдна - у назвах дзяржаўных структураў, культурных установаў, розных арганізацый. Яно фармавала і замацоўвала безумоўнае вызначэньне нацыянальнай індэнтыфікацыі БССР.


Беларуская Рэспубліка, хаця і ў складзе СССР, зьявілася на мапе з дакладна акрэсьленымі межамі, з адміністратыўным дзяленьнем і сталіцаю Менскам.


БССР не будавалася на ідэалах БНР, не была незалежнаю і дэмакратычнаю, не сталася нацыянальна-адроджанаю.


Але, дзеля станаўленьня дзяржаўнасьці ў першую чаргу патрэбны тэрыторыя і насельніцтва, якое ўсьведамляе сябе прыналежным да гэтай тэрыторыі. Гэтыя асноўныя складнікі надаюцца гісторыяй і менавіта яны стваралі пераемнасьць паміж БНР і БССР.

А незалежнасьць і дэмакратыя мусяць быць здабытымі.

Многія краіны страчвалі дзяржаўную незалежнасьць, перажывалі перыяды дыктатуры і аднаўлялі ў змаганьні свабоду.


Беларускі народ захоўваў сваё імкненьне да незалежнасьці і волі ва ўмовах жорсткага савецкага рэжыму, які нішчыў усялякія праявы нацыянальнага жыцьці, бязьлітасна распраўляўся з прадстаўнікамі беларускай палітычнай і інтэлектуальнай эліты. Аднак, у Беларусі вырасла і cфармавалася на ідэях БНР новае пакаленьне беларускіх палітыкаў, якія здолелі дасягнуць абвяшчэньня незалежнасьці нашае краіны 25 жніўня 1991 году ў новым абліччы - Рэспублікі Беларусь.


Абвяшчэньне незалежнасьці БНР, стварэньне БССР, аднаўленьне незалежнасьці і зьяўленьне на мапе сьвету Рэспублікі Беларусь – гэта адзіны дзяржаватворчы працэс, як адбываўся на адной і той жа асноўнай этнаграфічнай тэрыторыі і з тым жа этнічна абьяднаным народам. Гэта працэс нараджэньня і разьвіцьця БНР, якая не стала гісторыяй, але жыве і да сёньня.

Жывое сэрца БНР бьецца ў сёньняшняй Беларусі, яно надае энэргію змагарнаму духу беларусаў.

Беларускі народ ізноў вымушаны змагаецца за сваю незалежнасьць і свабоду, за сваю будучыню, якая апынулася пад пагрозаю з-за антыбеларускай палітыкі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.


Найбольш яскравым доказам таго, што існаваньне БНР не скончылася пасьля ўсталяваньня савецкай улады, ёсьць той факт, што ейны асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР, захавалася й да сёньня. Бальшавіцкая акупацыя вымусіла Раду БНР пакінуць краіну і выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасьць. На выгнаньні Рада БНР не мела магчымасьці рэалізаваць сваю дзяржаўную місыю будаўніцтва незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

 

Але, яна ўвесь час працавала і працуе дзеля Беларусі –

- інфармуе заходні сьвет пра паняволены Беларускі народ,

- здабывае падтрымку і дапамогу для Беларусаў,

- рэпрэзэнтуе Беларускі народ у розных дэмакратычных рухах і арганізацыях,

- аб'ядноўвае Беларускую эміграцыю ў сьвеце.


Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёньня трымае мандаты дзяржаўнаe ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага Кангрэса.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе перад Радаю адкрылася магчымасьць перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычнаму ўраду, які стаў бы будаваць краіну у адпаведнасьці з ідэаламі БНР. Аднак, гэтая надзея не спраўдзілася. 

У сувязі з гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю – захоўваць ідэалы БНР і сымбалі дзяржаўнай улады.


Наш дзяржаватворчы працэс, распачаты ў 1918 годзе, дасягнуў у сваім разьвіцьці плённага выніку – Рэспубліка Беларусь дэ-юрэ існуе на мапе сьвету.

Аднак, гэты працэс дзяржаўнага будаўніцтва не завершаны.


Абавязак сёньняшніх беларускіх дэмакратычных сілаў завяршыць гэты працэс і зрабіць яго незваротным.

Перад намі стаяць тры галоўныя мэты:

- захаваць нашу дзяржаўную незалежнасьць,

- пазбавіцца ад дыктарскага рэжыму

- распачаць будаўніцтва дэмакратычнай структуры краіны на грунце нацыянальнага адраджэньня.

Толькі так мы можам захаваць нашу дзяржаву і збудаваць яе ў адпаведнасьці з ідэаламі БНР, пра якую марылі нашыя папярэднікі, хто абвесьцілі Акт 25 сакавіка 1918 году. Жыве Беларусь!


Ганна Сурмач,

сябра Рады БНР, магістар гісторыі

Comments


Anchor 1
bottom of page