top of page

ГІМН БЕЛАРУСІ І БОГУ НЯХАЙ ГУЧЫЦЬ

  • pepper
  • Apr 20
  • 2 min read

Паважаныя землякі, дарагія беларусы, віншуем усіх нас з найвялікшым сьвятам -- Уваскрасеньнем Хрыстовым! Гэта найвялікшая сакральная падзея ў гісторыі чалавецтва. Гэта тады калі Бог, які прыйшоў на Зямлю чалавекам, Сынам Божым, дзеля збаўленьня душаў людзей ад усяленскага зла, і калі гэты Сын Божы і Сын Чалавечы быў закатаваны, замучаны на крыжы натоўпам, ня памятаючым дабра, і на трэці дзень, як казаў, уваскрос. Уваскрэснуць у целе мог Бог. Уваскрасеньне Хрыстова -- гэта сьведчаньне Боскай прыроды Сына Чалавечага. Гэта аснова, грунт нашай Хрысьціянскай Веры.

Сёлета ўсе хрысьціяне сьвяткуюць у адзін дзень -- 20-га красавіка. Гэтак бывае ня так часта, але цяпер яно таксама знак у часе, калі зноў адчыняецца зьмест агульнага існаваньня і супрацьстаяньня людзей, сутнасьць якога дасканала выказаў наш прарочы паэтычны геній -- Янка Купала: "Гэта бітва йдзе сусьветна між Сьвятлом і апраметнай."

Дай, Божа, шчасьця Беларусі! Дай, Божа, шчасьця Украіне і Польшчы! Дай, Божа, шчасьця Амэрыцы! Дай, Божа, шчасьця ўсяму сьвету! Хрыстос уваскрос! Слава Хрысту!


*

Больш за восемдзесят гадоў таму, калі сатанінскія сацыялістычныя сілы, што ўсчалі між сабой крывавы патоп, мільёны добрых людзей былі забітыя, мільёны людзей уцяклі па ўсім сьвеце на чужыну.

Найбольш беларусаў прытуліла Амэрыка. І яны глыбока ўдзячныя ёй. Там яны найперш пабудавалі свае цэрквы, культурныя і палітычныя асяродкі, стварылі вольную беларускую літаратуру і мастацтва, дбаючы пра памяць, і, любячы дарагую ўсім Беларусь.

Трэцяга лістапада 1957 годзе адбылося адчыненьне яшчэ адной новай беларускай царквы ў Брукліне (Нью-Ёрк) на Атлянтык эвэню, 401. Моц беларусаў сабралася ў сьвятыні -- сотні асоб. Узьнёсла сьпяваў хор. Кожная Багаслужба па сёньняшні дзень заканчваецца ў беларускіх цэрквах сьпяваньнем духоўнага гімна "Магутны Божа".

І вось ва ўрачысты дзень адкрыцьця сьвятыні беларусы запісалі гэты сьпеў на магнітную стужку. І хоць тады магнітныя прыборы і мікрафоны былі недасканалыя, яны ўсё ж адлюстравалі, данесьлі пасію гэтага гімну.

Мушу сказаць, што тут найлепшае выкананьне гімну, якое калі-небудзь было зроблена і запісана. Сакрэт просты. Гімн Веры сьпяваецца голасам духу. Гэта малітва, ськіраваная да Бога й Айчыны. Таму яна гучыць сакральна. Прафэсійнае ж харавое, опэрнае і іншае сьвецкае сьпяваньне дасканала выконвае мастацкі твор.

Гэты запіс 1957 года застаўся ў Саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Мне яго пераслаў слаўны стараста Сабору і выдатны чалавек Аляксандар Хомчанка. Вялікая яму падзяка. Я рады, што цяпер на сьвята Уваскрасеньня Хрыстова больш беларусаў зможа паслухаць гэты гімн. Тут запіс яго зьмешчаны на гэтай старонцы.


20 красавік 2025 г.

Зянон Пазьняк



 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page