top of page

Сто дзён прэзыдэнта Трампа

  • knihivolnajabel
  • 3 hours ago
  • 3 min read

Такой пасьлядоўнай, рэфарматарскай, хуткай і выніковай палітыкі і такога рашучага, адданага інтарэсам нацыі прэзыдэнта, як Дональд Трамп, яшчэ не было ў гісторыі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Праблема глабалісцкай страты нацыянальнай эканомікі даўно навісала над Амэрыкай. Але ні Рэйган, ні Клінтан, ні іншыя прэзыдэнты не маглі яе вырашыць. Не маглі, бо праблема не сасьпела ў грамадзтве. Пасьля прэзыдэнцтва Байдэна лібэральны сацыялізм дастаў усіх (асабліва так зв. “прагрэсіўная дыскрымінацыя” па полу, этнічнасьці, расе, сэксуальных асаблівасьцях і іншыя сацыяльна-маральныя выверты).


Рэформы Трампа — гэта народная кансэрватыўная рэвалюцыя ў лібэральна-сацыялістычным сьвеце сучаснасьці. Маральнае і эканамічнае вычварэнства больш не павінна быць. Яго трэба зьмесьці з палітыкі і з жыцьця. Нацыя амэрыканцаў (мужчын і жанчын), стомленая вычварэнцамі, павінна вярнуцца да нармальнасьці.


Трампа падтрымлівае амэрыканскі народ. Рэформы адбываюцца ў інтарэсах усёй нацыі, у тым ліку рабочых, фэрмераў, прафсаюзаў, сярэдняга класу і буйнага бізнэсу.

Што характэрна — Трамп пасьлядоўна выконвае свае выбарчыя абяцаньні і абавязкі перад выбаршчыкамі і народам Амэрыкі. Ужо цалкам спынена нелегальная іміграцыя на мексіканскай мяжы. Дэпартуюць тэрарыстаў, бандытаў, гвалтаўнікоў, забойцаў, наркагандляроў, вар’ятаў, якія нахлынулі ў Амэрыку. Адбываецца рэзкае скарачэньне паразітнай бюракратыі і штучна створаных устаноў. Ліквідаванае федэральнае міністэрства асьветы і адукацыі, якое займалася сацыялістычным разбэшчваньнем моладзі і якое было непатрэбнае, бо ўся адукацыя ў веданьні штатаў. Спынены распаўсюд расізму, этнічнай дыскрымінацыі і ксенафобіі на аснове сацыялістычнай ідэалёгіі ў некаторых унівэрсітэтах (шляхам адмовы ў фінансаваньні). Створана дзяржаўная структура па справах абароны рэлігіі ад сацыялістычнага цемрашальства. Дазволена адчыняць вольныя хрысьціянскія школы і вучэльні. Ліквідаваныя “сінекурныя” амэрыканскія левыя сусьветныя арганізацыі, што пагразьлі ў карупцыі, паразітуючы на амэрыканскіх падаткаплацельшчыках, былі рассаднікамі марксізму і збочанага лібэральнага сацыялізму. Вернуты Панамскі канал у рэчышча законнай дамовы і існуючага права (важнага для Амэрыкі). Уведзеныя справядлівыя (палавіністыя) імпартныя мытныя пошліны для ўсіх краінаў, што гандлююць з Амэрыкай. Дарэчы, цэны і інфляцыя (насуперак палоханьням) зьменшалі. У пэрспэктыве, калі будуць канчаткова зацьверджаны тарыфы і цалкам запрацуе новая мытная палітыка, якая прынясе мільярды ў бюджэт ЗША, тады прэзыдэнт Трамп зьбіраецца адмяніць падаходны падатак ад сумы гадавога заробку ніжэй 200 тысячаў даляраў. Гэта вялікая палёгка для народа. Палове амэрыканцаў (калі ня больш) ня трэба будзе складаць “інкам-тэкс” (падатковую справаздачу).


Тарыфная рэформа Трампа — гэта ёсьць сапраўдная рэвалюцыя і перабудова паразітнай глабалістычнай сістэмы гандлю і эканомікі. Перамены закладзены на аснове ўзаемнай выгады і справядлівасьці. Будзе ўдасканалена таксама і сусьветная фінансавая сістэма.Іронія ў тым, што якраз сама Амэрыка і стварыла гэтую глабалістычную сістэму сьвету, якая дэградавала потым у бок лібэральнага сацыялізму і паразітаваньня на працы народу Амэрыкі. Прытым сітуацыя разьвіваецца так, што, пад непамерным цяжарам паразітнага (эканамічна шкоднага для Амэрыкі) глабалізму, Амэрыка рэальна ўжо вісіць над безданьню ў любы час магчымага дэфолту, а найбольшы карыстальнік збочанай гандлёва-тарыфнай палітыкі — камуністычны Кітай — набірае вагу і пашыраецца ва ўсім сьвеце, каб стаць глабальным лідарам і кіраўніком плянэты на абломках самагубнага амэрыканскага лібэралізму. Гэта сур’ёзна.


Шмат якія палітыкі ў сьвеце (ня кажам ужо пра звычайных людзей, што спажываюць масавую дэзінфармацыю), якія крытыкуюць і ненавідзяць Трампа ды выступаюць за тое, каб захаваць існуючы міжнародны глабалісцкі парадак у сьвеце, такія палітыкі, магчыма, нават не разумеюць, што яны ўжо зрабілі выбар у карысьць камуністычнага Кітая, за будучы сацыялістычны глабальны парадак, за кітайскі юань, за Маркса ды Мао, разам з Пуціным і Расеяй у давеску.


Усеабдымная тарыфная рэформа Трампа — гэта перш за ўсё змаганьне з Кітаем за панаваньне ў глабальным сьвеце.


Каб не дапусьціць цывілізацыйнага краху Амэрыкі і ўсяго Атлянтычнага сьвету, паклёпу на Боскую прыроду чалавека, зьнішчэньня Хрысьціянства і свабоды (а гэта датычыць і нас, беларусаў), відаць, сам Гасподзь Бог падтрымаў прэзыдэнта Дональда Трампа, якога, як бачым, ўзьненавідзеў увесь міжнародны сацыялістычны натоўп.

Магчыма, гэта адбываецца таму, што ў аснове паводзінаў некаторых палітыкаў і разумных людзей, ірацыянальных ненавісьнікаў Трампа, ляжыць глыбінная неасэнсаваная падсьведамасьць сацыялістычнай мэнтальнасьці (калі коратка, гэта зн. спадзяваньня не на сябе а на іншых; яна існуе анталагічна ў прыродзе шматлікіх людзей і нават у бальшыні). Пад уплывам эмоцый яна штурхае на ірацыянальны выбар супраць кансэрватыўнай палітыкі Трампа, дзе людзі не разумеюць палітычнай сутнасьці свайго выбару і не здагадваюцца пра вынік сваіх паводзінаў.

Асобнай тэмай стаіць агрэсія Расеі супраць Украіны і зацяжная вынішчальная вайна. Але і тут будучыня Украіны і абаронены выхад з вайны залежыць, найперш, ад Амэрыкі і ад Трампа. Здаецца, украінскае кіраўніцтва гэта ўжо зразумела.


Ва ўсёй гэтай карціне сьвету, аднак, галоўным пытаньнем для нас, беларусаў, ёсьць клопат і непакой — што будзе зь Беларусяй? Адказ можа быць пакуль што толькі самы агульны, але дакладны: толькі калі мы, беларусы, рэальна і прагматычна зможам зацікавіць Амэрыку ў сваім існаваньні, толькі тады мы можам спадзявацца на дапамогу і выхад з-пад пагрозы расейскай агрэсіі і захопу нашай краіны.


Нам, беларусам, у гэтым становішчы трэба падтрымліваць Амэрыку і прэзыдэнта Трампа. Такая ёсьць логіка палітычнага існаваньня, хоць бы гэта каму і не падабалася.


2 травень 2025 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page