БЕЛАРУСКІ СПЭКТАКЛЬ У БЕЛАСТОКУ
- pepper
- 12 hours ago
- 2 min read
30-га красавіка ў Беластоку групай беларускіх акцёраў-энтузіястаў была паказана прэм'ера спэктакля "ІНСУРГЕНТЫ". Пастаноўка і рэжысура Уладзімера Лісоўскага. Спэктакль пастаўлены па матывах маёй аднаіменнай п'есы-містэрыі. Але пастаноўка Уладзімера Лісоўскага -- гэта самастойны сцэнічны твор, сыграны акторамі надзвычай добра і цёпла ўспрыняты гледачамі.
Усе ролі сыграныя на выдатна. Па жанры -- гэта не містэрыя, а хутчэй публіцыстычна-ідэёвы твор аб сэнсе змаганьня за Беларусь. У адрозьненьне ад маёй аўтарскай містэрыі, дзе самы моцны і аптымістычны дух -- гэта дух Каліноўскага, а дух Серакоўскага больш рацыянальны і скептычны да здольнасьцяў цяперашніх беларусаў, каб змагацца за волю і долю, -- ў сцэнары і спэктаклі Лісоўскага -- усё наадварот: вобраз Серакоўскага патрыятычны і аптымістычны, а Каліноўскі паказаны як расчараваны і бязвольны слабы чалавек, які ад нявер'я ў народ і ў перамогу гатавы павешацца сам (з гэтага пачынаецца спэктакль, Каліноўскі зь вяроўкай на шыі).
Тым часам задумка рэжысёра Лісоўскага дастаткова рацыянальная і фармальна ідэёва абгрунтаваная. Я б сказааў, што з большага яна нават надзённая, выкліканая сучасным акупацыйным станам ў Беларусі і за яе межамі, дзе апынуліся тысячы выгнаных з Радзімы беларусаў, якія (шмат хто) дэманструюць, на жаль, бязвольнасьць, бездапаможнасьць ня тое, што каб змагацца за Айчыну, але нават каб праўдзіва зразумець, што адбываецца ў Беларусі.
Такіх беларусаў шмат. Яны тут, за мяжой, у вольным сьвеце нават на мове сваёй не гавораць, але гэтак жа, як там, гавораць на мове катаў народа і акупантаў. Гэта ўражвае многіх.
Ня дзіўна, што зьявілася творчая думка пра рахунак абавязку і сумленьня. Гэта значыць, што калі б такіх абыякавых нашчадкаў убачыў Каліноўскі, які загінуў за народ "без маскаля", за вольную будучыню народа, то, можа, і ён, Каліноўскі, уваліўся б у роспач. Думка зразумелая. Але не на вобразе Каліноўскага можна яе ўвасабляць. Вялікія моцныя людзі ўмеюць моцна перажываць, ня робячыся слабымі.
Зрэшты, ў размове з акторамі і рэжвсёрам, я даведаўся, што творчасьць яшчэ працягваецца і, напэўна, шмат што будзе дададзена, палепшана і асэнсавана. Тое, што ёсьць -- добра. Але калі будзе яшчэ лепей, то ў добры шлях.
У спэктаклі задзейнічаныя: Кастусь Каліноўскі -- Яўген Казакевіч, Цітус Далеўскі -- Яўген Бржусь, Ксёндз-пробашч -- Зьміцер Есяневіч, Зыгмунт Серакоўскі -- уладзімер Лісоўскі, Апалёнія Серакоўская -- Вольга Каралёнак. Адміністратар-арганізатар пастаноўкі -- Аксана Марцёшкіна. Дапамагалі ў арганізацыі сябры Беластоцкай суполкі Руху "Вольная Беларусь".
1 травень 2025 г.
Зянон Пазьняк
-------------------------
П о с т с к р ы п т у м.
Ніжэй лінк відэа-рэпартажу. Відэазапіс спэктакля будзе пазьней.