top of page

КАНФЭРЭНЦЫЯ ВОЛЬНЫХ БЕЛАРУСАЎ

У суботу 22-га кастрычніка ў Жэшуве (Польшча) адбылася аднадзённая канфэрэнцыя пад назвай "Вайна ва Украіне. Дэакупацыя Беларусі". Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў Беларусі (у тым ліку руху "Вольная Беларусь"), Украіны, Ічкерыі, Летувы сабрала некалькі дзясяткаў асобаў, якія выступілі па праблемах акупаванай Беларусі і вайны ва Украіне. Непасрэдны арганізатар канфэрэнцыі Аляксей Францкевіч -- кіраўнік Дабрачыннага Фонду "Свабодная Беларусь".

У працэсе выступаў і дыскусіяў абазначылася агульная платформа канфэрэнцыі, выказаная і падтрыманая ўсімі ў некалькіх важных палажэньнях.

Адзначана, што напад Расеі на Украіну, а таксама расейская акупацыя Беларусі і калабаранцкія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі трэба ўспрымаць як агульную агрэсію Расеі супраць украінскага і беларускага народаў.

Падкрэсьлена, што пазбаўленьне ад антынароднага рэжыму Лукашэнкі і дэакупацыя Беларусі вымагае агульнанароднага беларускага змаганьня з расейскім агрэсарам, якое павінна выяўляцца ў нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, у стварэньні і дзеяньні беларускага вызвольнага падпольля, ва ўсебаковай дапамозе ўкраінцам у барацьбе супраць расейскага нападніка. Абавязкава мусіць быць удзел беларускіх дабраахвотнікаў ў шэрагах беларускіх фармаваньняў у структурах Украінскай Арміі і змаганьне на фронце вайны супраць маскоўскіх захопнікаў.

Асабліва гаворана, што беларусам трэба ідэйна, палітычна, матар'яльна і кадрамі дабраахвотнікаў падтрымліваць беларускі полк імя Каліноўскага, які ваюе супрць рашыстаў у складзе ўзброеных сілаў Украіны.

Амаль ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі выказваліся, што ўкраінцы і беларусы павінны разам супрацьстаяць дэзінфармацыйнай вайне расейскай агентурнай прапаганды на тэлебачаньні і ў Інтэрнэце, якая накіравана на ўзбуджэньне недаверу і нянавісьці паміж украінскім і беларускім народамі.

Прысутныя засьведчылі падтрымку Нацыянальна-Вызвольнаму Руху "Вольная Беларусь", было асабліва падкрэсьлена, што дэакупацыя Беларусі і перамога Украіны над расейскім "мордарам" ёсьць галоўная задача для ўкраінцаў, беларусаў і ўсяго цывілізаванага сьвету.

Былі выказаныя вельмі важныя прапановы, падтрыманыя ўсімі, аб неабходнасьці прызнаньня Беларусі захопленай краінай і акупаванай тэрыторыяй. Па гэтай праблеме рэкамендавана зьвярнуцца ў кіруючыя ворганы дзяржаўнай улады ваюючай Украіны.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят Руху "Вольныя Беларусь" паўгода таму зьвяртаўся па гэтым пытаньні ў адпаведныя міжнародныя арганізацыі. Атрыманы прыхільныя паведамленьні, але ў міжнародным аспэкце цяжка такую справу распачаць, бо зварот (у Гаагскі Міжнародны Суд) павінен быць накіраваны ад дзяржаўнай улады акупаванай краіны. Тым часам Лукашэнка і яго маскоўская хэўра, што захапілі ўладу ў Беларусі, рэальна самы зьяўляюцца акупанцкай адміністрацыяй, якая прывяла маскоўскіх акупантаў у Беларусь.

Што датычыць тактычных гульняў Эўразьвязу "ў Ціханоўскую", "у лідара дэмакратыі" і ў "выбранага прэзыдэнта", то на справе ніхто ў кіруючых колах Захаду гэтую сваю палітычную гульню сур'ёзна (увага!) на ўзроўні заканадаўства не трактуе (толькі паліт-казус). Адпаведна і "група" (магчыма ёй патлумачылі) па гэтых пытаньнях туды не зьвяртаецца.

Аднак пытаньне рэальна можна вырашыць з кіраўніцтвам ваюючай Украіны (як гэта атрымалася з Ічкерыяй). Такое рашэньне магло б стаць нават больш практычным для абодвух бакоў, чым каніцель з заходняй бюракратыяй.

На Канфэрэнцыі, дарэчы, адзначылі тупіковасьць і шкоднасьць так званага "штаба" вакол Ціханоўскай. Клаўнада, як сказаў адзін палітык, занадта зацягнулася. З вольнай пэрспэктывай беларускай нацыі задумка гэтага "штаба" не ўвязваецца.

Па выніках Канфэрэнцыі была выпрацавана і прынята рэзалюцыя, якая адлюстроўвае платфарму пазыцый. Цікава, дарэчы, што па прапанове ўкраінскіх ўдзельнікаў, платформу канфэрэнцыі назвалі "Канфэрэнцыя вольных беларусаў". Мяркуецца, што будзе практычны працяг дзейнасьці.


23 кастрычнік 2022 г.

Зянон Пазьняк




Comments


Anchor 1
bottom of page