top of page

Пра маналог, на які варта зьвярнуць увагу

Сёньня Лукашэнка выказаўся пра дыверсію ў Мачулішчах. Усіх "паймалі". (Праз 3-4 дні -- гэтак жа, як некалі ў 2011, пасьля тэракту ў Менскім мэтро). На самалёт, як сказана, напалі ўкраінцы і "мярзаўцы", 20 "мярзаўцаў". Усе пад стражай. Тэртэль і начальства ўжо ўзнагароджаны.

Хто ніколі ня слухаў Лукашэнку -- раю паслухаць яго чарговае сола. Як па маім жыцьцёвым вопыце, то тут, відаць, не мазаічны дыягназ. За часы быцьця ў Вярхоўным Савеце перад маімі вачыма прайшлі дзясяткі шызафрэнікаў (мне падсылалі на дэпутацкі прыём). Былі дакладна такія, як Лукашэнка.

І яшчэ. З ўсіх "правіцеляў" падобнага роду Лукашэнка, як псіхатып, мне найбольш нагадвае Гітлера (зь ім ён найбольш псіхалагічна карэлюецца). Але, як і ў Гітлера, дзеяньні Лукашэнкі ўсьвядомленыя: ён ведае, што робіць, жывучы ў сваёй карціне сьвету. І таму юрыдычная адказнасьць яму належыць, і да яго хвараблівых прамоў трэба адносіцца сур'ёзна. Ён будзе старацца рабіць тое, пра што кажа, і тое, што яму здаецца.

Першае, што чакаецца, гэта яшчэ большае "азьвярэньне" ў рэпрэсіях супраць беларусаў. Магчымая інсцэніроўка судовага працэсу над "дыверсантамі" і сімуляцыя расстрэлаў. Таксама зьвяртае на сябе ўвагу страта кантролю Лукашэнкі над лексікай і грубая зьнявага асобы прэзыдэнта Зяленскага. Так паводзілі сябе гітлерцы ў 1939-м, кідаючы ўльтыматыўныя выказваньні супраць Польшчы. Паводзіны тыпова правакацыйныя.

Подобна, што, як і у выпадку з самалётам "Райнэр", у кліента (пад уплывам мэтанакіраванага псіхалагічнага ўзьдзеяньня) траціцца пачуцьцё рэальнасьці. Расейская псіхічная атака на душэўна ссунутага Лукашэнку (каб уцягнуць яго ў вайну супраць Украіны) ідзе вырабленая і ўсёабдымная, падключылі нават "непрікосновенный агентурный запас" -- гаворачую галаву Ціханоўскай, якая нечакана пачала палохаць беларусаў вайной, казаць пра "гуманітарныя калідоры", рыхтавацца да бомбаў, зьбіраць чамаданчыкі, ды парадкаваць падвалы.

Тут беларусам, і асабліва ўкраінцам, трэба быць уважлівымі. Як пісаў Кастусь Каліноўскі, -- маскаль у подласьцях "проворный" (ад слова "воровать"). Паўторкі "Райнэра" нельга дапусьціць.

7 сакавік 2023 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page