top of page

Назіраецца пастаянная зьява

  • pepper
  • 48 minutes ago
  • 1 min read

Назіраецца пастаянная зьява. Калі ў час інтэрв'ю ці інфармацыі гаворка заходзіць пра вызваленьне палітвязьняў, то па ініцыятыве, перш за ўсё, асобаў, якія працуюць у якасьці журналістаў "дэмсмі", задаюцца пытаньні і вядзецца расповяд амаль выключна пра рускамірскіх сядзельцаў Калесьнікаву і Бабарыку. Першым чынам толькі пра іх. Часам ўспамінаюць Статкевіча. Пра беларускіх палітыкаў, фактычна, амаль не гаворыцца.


У дырэктара рускага Газпрамбанка Бабарыкі (які зьбіраў подпісы для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта) зафіксавана адкрытая антыбеларуская агітацыя, якая супярэчыла артыкулу 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Праўда, сядзіць ён не за гэта, ягонае асуджэньне было палітычна матываваным. Пра Калесьнікаву я ўжо пісаў.


Наконт Бабарыкі няма ілюзіяў. Да Беларусі такія, як Бабарыка, што сфармаваліся ў расейскім фінансава-палітычным тусовішчы, звычайна ніколі не вяртаюцца (хіба здарыцца нейкі цуд пасьля турэмнага стрэсу).


Да Беларусі (з пэўных прычын) хутчэй магла б вярнуцца якраз раздзьмутая прапагандыстамі Калесьніква. Нядаўна я праслухаў выступ яе сястры Тацьцяны Хоміч. На добрай беларускай мове яна вытрымана і разумна зь беларускіх пазыцыяў адказвала на пытаньні, дарэчы, дасьведчана арыентуючыся ў палітычнай сітуацыі.


Дэгрэсія. (Мне прыходзілася бачыць дастаткова людзей, якія вярталіся да беларушчыны з палону расейскіх паняцьцяў і каланіяльнага выхаваньня. Яны станавіліся як быццам іншымі людзьмі, зьмяняўся характар, адчыняліся невядомыя раней здольнасьці. Ня буду называць, -- некаторыя зь іх вядомыя асобы. Магчыма, і сапраўды родная мова і паварот у нацыянальнай сьведамасьці выцягвае на паверхню генетычную гістарычную памяць, як піша наш дысьледчык гэтай зьявы і Дэпутат Незалежнасьці Сяргей Пятровіч Папкоў.)


Што датычыць "рускага міра", то тут складана і амаль безнадзейна, бо гэта ідэалёгія, заснаваная на ірацыянальнай і агрэсіўнай антыбеларускай аснове. Адтуль амаль не вяртаюцца.


21-07-2025 г.

З. Пазьняк

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page