top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПА СУТНАСЬЦІ ПАЛІТЫКІ ІЛЖЫ

Апошнім часам "дэмсмі" падхапілі выказваньне С. Ціханоўскай аб тым, што яна, аказваецца, "прэзыдэнт-элект" (ёй патлумачылі значэньне гэтага слова) і што яе, маўляў, у 2020 годзе "выбралі" на гэтага "электа".

Пакуль што тут пустая фраза. Аднак калі ілжывае вызначэньне трапляе ў плынь прапаганды, яно робіцца зьявай палітычнага ашуканства, існаваньне якой ёсьць шкодным для грамадзтва як у сфэры палітыкі, так і ў сістэме ўлады (рэжым Лукашэнкі -- тыповы прыклад).

Такая зьява цягне за сабой адказнасьць. Бяда толькі ў тым, што разбуральная дзейнасьць палітыкі ілжы, як правіла, шматкроць перавышае меры адказнасьці, якія ў такіх выпадках мала значаць у параўнаньні з нанесенай шкодай. (Ізноў жа, тыповы прыклад, -- існаваньне Лукашэнкі.)

Выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя з абодвух бакоў. Прэзыдэнт ня быў выбраны, бо няма (не засталося) аснованай на законе дакумэнтацыі аб выбраньні і аб колькасьці галасоў.

У выбарах удзельнічала пяць асобаў. Малаверагодна, каб у той сітуацыі Лукашэнка набраў больш за палову падтрымкі.

Тое самае адносіцца і да С. Ціханоўскай. (Рэальна, максімум, што яна магла набраць, -- гэта 30-35 адсоткаў). Тым ня менш абодва бакі -- лукашысцкі і агентурна-газпрамаўскі -- выступілі з фальсіфікатарскімі сцьвярджэньнямі. Лукашэнка заявіў пра 80 адсоткаў падтрымкі, спасылаючыся на пратаколы камісіяў, якія нельга праверыць, бо бюлетэні былі зьнішчаныя на другі дзень пасьля галасаваньня.

Газпрамаўска-агентурная група ў сваёй фальсіфікацыі абапіралася толькі на эмоцыі і на фантазіі аб перамозе і абмежавалася прыдумкай для Ціханоўскай палітычнага тытула, назваўшы яе "лідэрам" дэмакратычных сіл ("лідаркай" па збочанай тэрміналогіі)

Цяпер, калі агентурная група разам са сваёй падапечнай зайшла ў палітычны тупік,"групоўцы" раптам пачалі сцьвярджаць, што два гады таму Ціханоўская "перамагла" на выбарах і зрабілася цяпер "прэзыдэнтам-электам".

Жаласна і бездапаможна гэта ўсё выглядае.

І тым ня менш адказнасьць за фальсіфікацыю існуе, і ніколі ня будзе адкінута, бо вынікі ілжы не бываюць станоўчымі і вымяраюцца мерай шкоды, адпаведна -- мерай адказнасьці і пакараньня.


21 лістапад 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Anchor 1
bottom of page