Сёньня 27 ліпень знакаміты Дзень у беларускай гісторыі. 33 гады таму, дзякуючы найперш надзвычайным стараньням дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце была прынята "Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР", якая праз год, 25 Жніўня, лягла ў аснову Акта аб незалежнасьці Беларусі.
Дэклярацыя дала магчымасьць дэпутатам БНФ падрыхтаваць заканадаўства незалежнай дзяржавы (законы аб грамадзянстве, аб банках, аб выніках Чарнобыльскай катастрофы, аб прыватызацыі, аб міліцыі і дзясяткі іншых). Дэклярацыя ўвяла ў сьведамасьць беларусаў ідэю аб рэальнай магчымасьці здабыць незалежнасьць краіны.
Адразу пасьля прыняцьця Дэклярацыі быў прыняты закон паводле якога дзень 27 Ліпеня быў зацьверджаны як афіцыйны Дзень Незалежнасьці Беларусі. Гэта станоўча пауплывала на сьвядомасьць савецкага насельніцтва краіны. 27 Ліпень сьяткавалі (асабліва БНФ і дэмакратычныя арганізацыі) з радасьцю і размахам.
Унутраная акупацыя Беларусі ў 1994 годзе і ўсталяваньне антынароднага рэжыму Лукашэнкі пасьля канстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996 г. прывялі да фальсіфакацыі гісторыі і падзеяў незалежнасьці Беларусі. Сьвята Незалежнасьці 27-га Ліпеня было ліквідавана рэжымам.
У вольнай Беларусі гэтае сьвята будзе адноўлена хутчэй за ўсё пад новым назовам як сьвята Дэклярацыі Незалежнасьці. Рэальную Незалежнасьць Беларусь здабыла праз год 25-га Жніўня 1991 года. Гэтыя дзьве даты стануць дзяржаўнымі святамі.
Незалежнасьць, за якую змагаліся шмат пакаленьняў беларусаў і якая стала нашай сакральнай каштоўнасьцю, будзе адзначана ў Беларусі тройчы: Дзень Волі (аб'яўленьне незалежнасьці БНР), Дзень Дэклярацыі Незалежнасьці і Дзень Незалежнасьці. Так пакіравала наша гісторыя.
Віншую са сьвятам усіх землякоў беларусаў! Слава Айчыне!
27 ліпень 2023 г.
Зянон Пазьняк