"Беларусы, рыхтуймася да барацьбы, каб пры першай магчымасьці зьнесьці ненавісны акупацыйны рэжым. Рыхтуймася добра" — Зянон Пазьняк
Першага лютага 1863 году на землях былога Вялікага Княства Літоўскага пачалося паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Паўстанцы выступілі супраць расейскай улады, але пацярпелі паразу. Чаму тады гэты дзень — адзін з найважнейшых у беларускай гісторыі?
Што беларусы адзначаюць, узгадаваючы паўстанцаў Каліноўскага? І ці ёсьць сэнс выступаць супраць мацнейшага праціўніка? Госьць этэру «Свабоды Premium» — Зянон Пазьняк, лідэр руху «Вольная Беларусь».
«Паўстаньне моцнае ня толькі сваімі вынікамі, а сваёй ідэяй. Тое, што падняў Кастусь, — гэта ідэя, якая стала нашым сьцягам, нашай зоркай. І на гэта нацыя глядзіць ужо 150 гадоў. Калі б не было такога паўстаньня, не было б такой ідэі. „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Дык узаемна!“ Калі б ня было ахвяр, дык ці была б Беларусь? Можа б расейцы і дазвалялі кніжачкі выдаваць, але Расею нельга перамагчы кніжачкамі. Яе трэба перамагчы сілаю. І Кастусь паказаў, што трэба змагацца сілаю. Зразумела, што адбыўся фальстарт паўстаньня, і Кастусь гэтым абураўся. У Літве паўстаньне было непадрыхтаванае, патрэбны быў яшчэ месяц. У выніку мы аказаліся непадрыхтаванымі. Але ўсё роўна трэба было паўставаць. І Каліноўскі праявіў сябе як правадыр. Хаця ў тактычным пляне яно ўспыхнула раней часу. Але перамагчы ў той час Расейскую імпэрыю было вельмі цяжка. Але паўставаць трэба было», — кажа Зянон Пазьняк.