top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: АБ ЧАРГОВЫМ НАСІЛЕНЬНІ РЭПРЭСІЙ 

  • 5 hours ago
  • 2 min read

Гібрыдны генацыд  Беларускага народа павялічваецца ўвесь час на фоне народнай запрададзенасьці і бясьсільля. Цяпер рэпрэсіі пераходзяць на чарговую ступень -- пакараньне за набыцьцё і спробу набыць вышэйшую адукацыю. (Рэпрэсіі супраць студэнтаў і бацькоў студэнтаў, якіх аб'яўляюць закладнікамі). Тут вядомая расейская практыка, так практыкавалі і цары, і бальшавікі. 

Цяпер робяцца ператрусы ў бацькоў студэнтаў Віленскага ЭГУ. На сёньняшні дзень вобшук у 60 сем'ях. 100 студэнтаў ЭГУ у страху за бацькоў пакінулі вучобу. Аднак сэнсу кідаць вучобу ва ўнівэрстітэце не было ніякага. На жаль, ім ніхто не паведаміў, што арыштаваныя будуць усе -- і яны, і бацькі. Тут пытаньне часу. 

(Хаця, як паказала практыка расейскага генацыду, папярэджаньні ня маюць сэнсу. Людзі, якіх вынішчаюць, звычайна не разумеюць, што адбываецца. У іх адно бяссэнсоўнае ў такой сытуацыі пытаньне, якое здаецца ім справядлівым -- "за што?". Дзевяноста гадоў таму для сотняў тысячаў беларусаў яно было апошнім. Але калі няма памяці, то няма й вопыту.) 

Учора, дарэчы (11чэрвеня), рэпрэсіўны суд рэжыму прысудзіў «экстрэмісцкім матэрыялам» знакаміты кінафільм Міхаіла Жданоўскага «Дарога на Курапаты» (Дзяржаўная Прэмія, кінастудыя «Беларусьфільм» 1990 г.). Што гэта абазначае, ня буду нават камэнтаваць. (Зрэшты, расейска-лукашысцкая лінейка рэпрэсіўнага генацыду, як правіла, можа скончыцца расстрэламі. Спроба рэпетыцыі адбылася яшчэ ў 1999 годзе.)  

Наколькі нам стала вядома зь неафіцыйных крыніц, сьпісы беларусаў для арышту і рэпрэсіяў складзены рэжымам да 2033 года (не хапае месцаў у турмах). Праўда, сытуацыя цяпер зьменная. Шмат будзе залежыць ад пазыцыі Амэрыкі. 

Тым часам Эўразьвяз, стварыўшы ОСЦ (Офіс Сьвятланы Ціханоўскай) у якасьці проксі, нічога не рабіў для вызваленьня палітвязьняў, наадварот, фактычна, заблакаваў транспартныя сувязі, гандаль, чалавечыя кантакты і здаў беларускі народ пад татальны ўплыў Расеі. Пісаць паперкі ня мае сэнсу. 

Беларусам цяпер трэба рабіць тое ж, што робяць іхныя ворагі. Складаць сьпісы рэжымных злачынцаў, скрупулёзна, з адрасамі і ўсімі дадзенымі асобы (зразумела, што асьцярожна і кансьпіратыўна). 

У гэтую справу трэба ўключыцца ўсяму грамадзтву, у тым ліку і чыноўнікам сістэмы, у якіх яшчэ (можа дзе ў пяце) захавалася беларускае сумленьне.  

Беларускім чыноўнікам рэжыму, між іншым, варта памятаць, што, пры поўным захопе Беларусі Масквой, усе яны будуць выкінуты на ўзбочыну, і нават ліквідаваныя. Хутчэй вывучайце вопыт 1930-х і (цяпер ужо таемна), -- глядзіце фільм «Дарога на Курапаты», "гаспада". 

Агулам трэба таксама неяк даводзіць беларусам, каб не прадавалі кватэры і дамы расейцам з Расеі. Пры татальным прамаскоўскім рэжыме ўлады і ў працэсе разгортванья антынацыянальных рэпрэсіяў гэта выглядае народным самагубствам. 

 Мы бачым, што сістэма вынішчэньня распрацаваная рэжымам па вядомых расейскіх шаблонах. Насіленьне рэпрэсіяў ставіць пытаньне аб асабістай адказнасьці. Усё ж такі трэба ведаць, чый гэта намер, чыё патрабаваньне і чый загад ліквідаваць беларусам вышэйшае навучаньне, рэпрэсаваць студэнтаў і бацькоў. Калі гэтае патрабаваньне зыходзіць ад вышэйшай кіруючай асобы, то гэта адно (трэба высьветліць). Калі не -- то чыё яно? Хто гэтым займаецца? Не забывайма пра будучыню. Яна не зьнікне. (Ужо зьявіліся дадзеныя пра тых, хто забараняе беларускія кнігі.) 

За 30 гадоў рэжым, практычна, цалкам вынішчыў беларускі нацыянальны палітычны клас і беларускую нацыянальную журналістыку, пакінуўшы і напладзіўшы стукачоў і бяспрынцыпны сурагат. Таму працы шмат, а працаўнікоў мала. Але тут канкрэтныя простыя справы, якія могуць рабіць простыя беларусы. 

 

Зянон Пазьняк 

12-06-2026 

 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page