ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: АГЕНТУРА РЭЖЫМУ Ў ГІБРЫДНАЙ ВАЙНЕ
- pepper
- Apr 26
- 4 min read
Нешта зноў загаварылі пра агентуру. Першая прыкмета: як толькі нехта закрычаў "у яго ўсе агенты", на крыкуна трэба зьвярнуць увагу і лічыць, колькі разоў ён тое скажа. Такі бяз толку не гаворыць.
Зьбянтэжанасьць крыкуноў выклікалі рэгулярныя агентурныя правалы ў "невероятных", якія скарыстоўваюць дзеля імітацыі назву так званай "апазыцыі". Вісіць справа з Анжэлікай, а тут чэшскія ўлады чамусьці вырашылі дэпартаваць у Беларусь легальнага агента ФСБ, якая 25 гадоў (з 2000-га года) вольна працавала ў Чэхіі на Маскву. Магчыма, ніхто б на гэтую навіну не зьвярнуў бы асаблівай увагі, але КГБ, асьцерагаючыся інфармацыі з боку, сам усё (амаль усё) выклаў у сваёй газэце з сваёй інтэрпрытацыяй.
Выклалі пра Натальлю Судлянкову, якую ў 80-х гадах "уцялілі" ў "Талаку", потым, у 1988 годзе агент КГБ Васіль Якавенка прывёў яе ў Аргкамітэт БНФ (потым мы выдалілі Якавенку з Аргкамітэту разам зь ёй). У 1999 годзе Судлянкова, разам з мужам -- афіцэрам КГБ, быццам бы ўцякае за мяжу пасьля фінансавых махінацый і тут жа (пры садзеяньні) асядае на радыё "Свабода" пад відам журналісткі.
Усё ішло, як па маслу. У лютым 2006 года яна становіцца шэф-рэдактарам чэшскай вэрсіі часопіса "Россія в глобальной політіке". Гэта часопіс, які выпускаўся за мяжу з 2002 года так званым СВОП ("Совет по внешняй і оборонной політіке"). Старшынёй прэзыдыюма СВОП і рэдактарам гэтага часопіса быў Сяргей Караганаў (яшчэ жыве), кіраўнік эканамічнага аддзелу "Высшей школы экономікі прі прэзіденте Россіі і ФСБ", якая рыхтавала спэцыялістаў-разьведчыкаў вышэйшага класу для замежжа. (Там жа працаваў, дарэчы, вядомы шпіён Суздальцаў, якога Лукашэнка (як ня дзіўна) выдварыў зь Беларусі за шпіёнскую дзейнасьць.) Цікава, што СВОП -- гэта эліта расейскай разьведкі (куды ўваходзілі вядомыя асобы, тыпу сёньняшняга міністра МЗС Лаўрова і інш.) -- прызначае шэф-рэдактарам свайго ідэалягічнага часопіса ў Чэхіі істоту, абсалютна бяскрылую і недалёкую. Усе ўлады Чэхіі і МЗС, і адпаведныя службы, ведалі пра ролю і сутнасьць "шэф-рэдактара", ведалі ўсе і ўсюды, разумеючы, відаць, што тут, маўляў, "се ля ві".
І вось на табе: рашылі выдаліць, дэпартаваць. А КГБ узяло само на сябе інфармацыю пра гэтую "навіну". Але, як кажуць, -- чорт зь імі.
Мушу сказаць яшчэ пару слоў пра гэб'ё і ягоную агентуру, што ваюе супраць Беларусі. У 2000 годзе ў Расеі да ўлады прыйшоў КГБ (ФСБ). Гэта абазначала, што пачнецца падрыхтоўка да чарговай вайны, якая будзе пагражаць Эўропе і сьвету.
Другое -- гэта абазначала, что КГБ (ФСБ) і ягоная агентура робяцца палітычнай сілай.
Трэцяе -- гэта абазначала пачатак татальнай гібрыднай вайны Расеі, якая вядзецца спэцслужбамі супраць Беларусі, Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі, Нямеччыны і Францыі. У гэтым жа годзе ствараецца ўмоўная палітычная вось: Парыж-Бэрлін-Масква.
(Што такое гэтая «вось» тут працытую ўсё ж для асобаў з кароткай памяцьцю такога Мішэля Эмэрсона, які тады (25 гадоў таму) быў амбасадарам Эўразьвязу ў Маскве. Ён пісаў, што «краіны 15-кі (на той час – Эўразьвязу) захаваюць прыхільныя адносіны да Пуціна, бо мяркуюць, што толькі ён можа вярнуць стабільнасьць Расеі. Асяроддзе былога КГБ – гэта адзіная сіла, якая да гэтага здольная. Гэта ня ёсьць людзі, якія асабліва зацікаўленыя ў дэмакратыі, Але шмат хто зь іх – кампетэнтныя». -- («Rzeczpospolita”,-- 3 marzec 2000 r. \\\ Таксама: «Беларускія Ведамасьці»,-- № 2(25), 2000 г., стар. 15).
І, дарэчы, яшчэ, там жа: «Амбасадар сьцьвярджае, што Пуцін выкарыстае цяжкую эканамічную сітуацыю на Украіне, каб падпарадкаваць сабе гэтую краіну. Эўрапейскі Зьвяз хутчэй за ўсё ня будзе пярэчыць гэтым імкненьням»
Паўтараю – у гібрыднай вайне кагэбісцкай Расеі супраць народаў агентура КГБ (ФСБ) -- гэта ня проста шпіёны, але палітыкі, палітычныя дзеячы, актывісты, прапагандысты, генератары заказных ідэй.
Агентура КГБ (ФСБ) у гібрыднай вайне падзяляецца на некалькі катэгорыяў.
1. Легальная агентура. Гэта тыя асобы, якія дзейнічаюць легальна ў пэўнай краіне. Іхняя функцыя вядомая ўладам гэтай краіны і грамадзтву. Такой агентуры шмат. Напрыклад, тая ж Натальля Судленкова, альбо вядомы ва Украіне Евгеній Кіселёв (агентурная клічка "Алексеев"). Працуе ва Украіне легальна ў сфэры тэлеінфармацыі.) Таксама Анатоль Лябедзька (агентурная клічка "Раймон"). Дзейнічае ў Летуве ў офісе Франака-Ціханоўскай. Таксама Натальля Радзіна ( асабістае пратэжэ Суркова, галоўнага спэцслужбіста ў Крамлі, аўтара ідэалёгіі "русскій мір"). Таксама Алесь Міхалевіч. (Прызнаўся ў вярбоўцы пад відам вызваленьня з-пад арышту і ўцёкаў.) Легальна працуе на Захадзе. Таксама Мікола Дземідзенка. (Прызнаўся ў вярбоўцы пад відам вызваленьня з-пад арышту і ўцёкаў.) Легальна працаваў у палку Каліноўскага, выдвараны за шкодныя справы. Легальна працуе ва Украіне, і г. д. Іх шмат. Такіх "адказьнікаў", якія прызнаныя на Захадзе і легальна працуюць, поўна ў Эўропе і ў Амэрыцы (Андрэй Іларыёнаў, Юры Швец і т. п.). Функцыя легальнай агентуры, у асноўным, інфармацыйная, ідэалягічная і прапагандысцкая.
2. Гібрыдная агентура. Гэта асобы, якія зьяўляюцца беларускімі патрыётамі, рэальна выступаюць за волю і незалежнасьць Беларусі і адначасна зьяўляюцца падпіснымі агентамі спэцслужбаў. Іх таксама могуць перасьледваць рэжымныя ўлады. Частка зь іх рэгулярна сядзіць у турме і т. п. Гэта небясьпечны тып агентуры, бо выклікае давер у беларусаў (і зьмяшаньне мазгоў у наіўных людзей).
3. Падстаўная альбо таемная агентура. Гэта звычайная прадажная публіка, якая няшчыра падладжваецца пад вобраз беларуса і апазыцыянера. Такіх вельмі шмат, асабліва ў рознай пісаніне ды прапагандзе. Яны працуюць найчасьцей па схеме 6х4. Прабеларускія выступы чаргуюцца з ахайваньнем, напрыклад, беларускіх дзеячоў, Васіля Быкава, беларускай ваеннай эміграцыі і г.д.
У цяперашняй сітуацыі гібрыднай вайны, тая беларуская арганізацыя, якая не стварыла і ня мае ніякага кадравага фільтра, такая арганізацыя рана ці позна будзе скампрамэтавана, захоплена і патоплена чужым элементам, альбо перародзіцца ў шкодную зьяву.
Гледзячы на ўсю гэтую так званую выпадковую прарускую "апазыцыю"- 2020 г., на ўсе яе грантавыя групы ды "офісы", можна канстатаваць татальную (прытым адкрытаю) дзейнасьць расейскай і лукашысцкай агентуры, якая складае бальшыню членаў усіх гэтых квазі-апазыцыйных тусовак. Гэта сапраўды нешта фэнамэнальнае – поўны захоп спэцслужбамі рэжыму псэўда-апазыцыйнай дзейнасьці ў гібрыднай вайне сярод нацыянальна недаразьвітых інфантылаў і балваноў.
11. 04. 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК



