Зянон Пазьняк. Пару зацемак пра халяўную «дэмакратыю»
- pepper
- Jun 12
- 2 min read
З камуністычнай прпагандай супраць Беларускага Адраджэньня і супраць Беларускай нацыі было ўсё ясна і ўсё проста. Яна грунтавалася на камуністычнай ідэалёгіі і на крытыцы ўсяго, што супраць гэтай ідэалёгіі. Асаблівасьць у тым, што пад камуністычную ідэалёгію, маскоўцы падкладвалі русіфікацыю і махровы расейскі вялікадзяржаўны шавінізм.
Камунізм зьнік. Цяпер русіфікацыю і махровы расейскі вялікадзяржаўны шавінізм маскоўцы падкладваюць пад дэмакратыю. Замест камуністычных прапагандыстаў зьявіліся шавіністычныя расейскія дэмакраты. Цяпер яны за дэмакратыю і супраць Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, якое (як і ў "камуністаў") называюць "фашызм".
У прынцыпе яны (дзесьці ў пяце) разумеюць, што дэмакратыя і нацыяналізм неразлучныя. Але гэта ім проста не падабаецца. Ім хочацца імпэрскай Расеі але пад назвай "дэмакратыя".
Тым часам эўрапейская дэмакратыя ўзьнікла ў сярэдзіне ХІХ ст. разам з нацыянальнай "Вясной народаў" і крахам імпэрый у сувязі з нацыянальнай барацьбой народаў.
Пра гэтыя простыя рэчы я пішу даўно (ужо гадоў 30) і ўспомніў зноў цяпепр, калі ў сувязі з маім чарговым напамінкам аб шкодзе псэўда-апазыцыі, аб тактыцы прарасейскіх "дэмакратаў" ад лукашызму (гэта значыць супрацьстаўленьня дэмакратыі і нацыянальнага Адраджэньня), зноў ўзбудзілася халяўная публіка, са сваёй ілжой і дэмагогіяй, зноў павылазілі схаваная варажнеча Беларускай нацыі, былыя службісты лукашызму, і прыняліся ахайваць, гадзіць на таго, каго бязплённа ахайвалі іхныя камуністычныя бацькі.
Чаму яны так сябе паводзяць? Па-першае яны на ўтрыманьні. Але ў іхных паводзінах адбіваецца прырода левізны. Яны выкарыстоўваюць дэмагогію пра дэмакратыю, каб зьнішчыць нацыянальнае, бо, маўляў, галоўнае -- дэмакратыя, а нацыянальнае потым. Інакш, гэта "фашызм".
У Эўропе такая пазыцыя не гучыць так разбуральна, як у Беларусі. Эўропа стабільная і свая. А ў Беларусі акупацыя і русіфакацыя, расейская пагроза існаваньню Беларускай нацыі і незалежнасьці, чужая палітыка. Нацыянальнае тут ёсьць першаснай неабходнасьцю, праярытэтам дэмакратыі дзеля ацаленьня народа. Але прадажная дэмакратычная "халява", што зь Беларусі але за мяжой, разумее што кажа, што гаворыць і каму служыць.
Калі дакладна -- гэта ёсьць здрада нацыі ў цяжкі акупацыйны час нацыянальных рэпрэсій і генацыду. І яны яшчэ нешта пішуць.
Крах халяўнага славаблудзтва, набліжаецца разам з крахам усёй левай глабалісцкай сістэмы.
Зянон Пазьняк
9 чэрвень 2025 г.