ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ЭЛІТЫ І ПСЭЎДАЭЛІТЫ
- pepper
- May 19
- 4 min read
Пра эліты прыходзілася шмат пісаць, але, тым ня менш, варта нагадаць асноўнае. Нацыянальная беларуская эліта ствараецца ўнутрана (іманэнтна) у выніку разьвіцьця нацыі і адпавядае нацыянальным інтарэсам нацыі.
Псэўдаэліта ствараецца вонкавымі сіламі для змаганьня супраць разьвіцьця беларускай нацыі і дзеля прыкрыцьця зьнешнімі сіламі сваёй антынацыянальнай антыбеларускай палітыкі.
Псэўдаэліта не выяўляе нацыянальных інтарэсаў, знаходзіцца пад зьнешнім палітычным уплывам і, як правіла, пад зьнешнім фінансаваньнем. Псэўдаэліта -- небясьпечная зброя па зьнішчэньні нацыі, дзяржавы і незалежнасьці.
У падножжы расейскага генацыду народаў стаіць некалькі чыньнікаў: 1) ліквідаваць фактуру, структуру і сістэму нацыянальнага існаваньня; 2) ліквідаваць нацыянальную эліту; 3) пры пагрозе супраціву стварыць псэўдаэліту (гэта значыць найперш -- каланіяльную інтэлігенцыю, якая ў пэрспэктыве таксама мусіць быць ліквідавана).
Адзначу два апошнія пункты. Самы просты і тыповы для маскоўцаў падыход -- фізычная ліквідацыя. ("Нет человека -- нет проблем." -- Сталін.) Дзеля гэтага мусіць быць распачатая сістэма рэпрэсіяў. Сістэма дзейнічае ў трох накірунках: пазбаўленьне волі (турма), пазбаўленьня жыцьця (забойства), пазбаўленьня прысутнасьці (эміграцыя). Маскавіты распачалі такую палітыку супраць беларусаў адразу пасьля захопу кріны ў канцы 18-га стагоддзя. Асабліва злавесна яна праявілася ў СССР ў 1920-40-х гг. Тады, практычна, была фізічна зьнішчана ўся беларуская нацыянальная эліта.
Другі этап (часовы працэсуальны) -- стварэньне псэўдаэліты. Гэты аспэкт выступае на той час, калі ў пэрыяд рэпрэсіўнай альбо гібрыднай вайны супраць нацыі неабходна прадухіліць магчымасьць яе адраджэньня.
За часы царызму, калі структура, сістэма і фактура народнага існаваньня беларусаў была вынішчана да такой ступені, што аднаўленьне эліт было, практычна, немагчымае, тады стварэньнем псэўдаэлітаў царызм не займаўся. Не было патрэбы.
Палітыка стварэньня псэўдаэліт узьнікла ў пачатку 20-га стагоддзя як рэакцыя на разьвіцьцё беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў Расейскай імпэрыі. Тыповым чыньнікам такой палітыкі было, напрыклад, так званае "Белорусское общество" (кіраўнік -- Лукаш Саланевіч), якое зьявілася, практычна, адначасна з арганізаваным нацыянальным рухам і "Нашай Нівай".
За часы савецкага генацыду 1920-40-х гг. ролю беларускіх псэўдаэліт выконвалі ў асноўным агенты НКВД і сталінская савецкая інтэлігенцыя.
Пасьля сьмерці Сталіна адбываецца дыферэнцыяцыя ў асяроддзі савецкай псэўдаэліты, зьяўляецца нацыянальна-культурніцкі накірунак.
У 1980-х гг., разам з крызісам СССР, зьяўляецца актыўная змагарная і нацыянальна-арыентаваная беларуская эліта (найперш Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне»). Яна стала авангардам нацыянальнага руху і прывяла да незалежнасьці Беларусі.
У 1999 годзе беларуская нацыянальная эліта была расколата сумеснымі намаганьнямі Масквы і лева-лібэральнай Эўропы (перш за ўсё, немцамі). Адразу ж, у 2000-м годзе, гэтымі ж сіламі была арганізацыйна створана гібрыдная псэўдаэліта (псэўдаапазыцыя), якая існавала пад уплывам Масквы, КГБ і фінансаваньнем Эўразьвязу. Нацыянальная палітычная эліта (перш за ўсё КХП -- БНФ) была адсечана ад інфармацыйных працэсаў, абмежавана ў дзейнасьці і існаваньні, хаця якраз тое, што яна зрабіла, змагаючыся пад рэжымам, было істотным для нацыі.
У 2020-м годзе правакацыйная стаўка Масквы на псэўдаэліту і на агентуру ў справе замены сатрапа Лукашэнкі шляхам пасьлявыбарных масавых пратэстаў правалілася і вылілася ў жудасныя рэпрэсіі супраць усяго беларускага нацыянальнага народа.
Прарасейская група, сфармаваная для патрэбы выбараў у Беларусі Газпрамам і ФСБ (Ціханоўская, Цапкала, Лябедзька, Дабравольскі, і інш.), была выведзена за мяжу пад уплыў і фінансааньне Эўразьвязу.
(Адзначу стыль. Пры стварэньні і выкарыстаньні псэўдаэліт (псэўдаапазыцыі) КГБ-ФСБ заўсёды выкарыстоўвае заходняе фінансаваньне. Заходнікі думаюць, што дапамагаюць "апазыцыі" у барацьбе з рэжымам за "дэмакратыю").
Беларускія нацыянальна-вызвольныя дзеячы, выгнаныя зь Беларусі на эміграцыю, засталіся там на ўмовах валанцёрства і самаарганізацыі. Беларуская нацыянальная палітычная эліта за мяжой амаль цалкам выключана з палітыкі Эўразьвязу і з эўрапейскай інфармацыі. (Тут пасыўны мэтад змаганьня левай Эўропы зь беларускай нацыянальна-вызвольнай дзейнасьцю.) Але менавіта ідэі і практыка гэтай нацыянальнай эліты адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Якраз тут жыве нацыянальная будучыня Беларусі.
Стаўка на псэўдаэліту апраўдвае палітыку лібэральных краін Эўропы ў плане разбурэньня нацыянальнай дзяржаўнасьці і эканомікі Беларусі, выштурхоўвае Беларусь у Расею.
Асобнае пытаньне. Існаваньне псэўдаэліты прасякнута расейскай і лукашысцкай агентурай. Адпаведна характар яе паводзінаў -- гэта маніпуляцыя і хлусьня. Галоўны тэзіс фальшывай пазыцыі -- ілжывая рыторыка аб легітымнасьці асобы, якая ўдзельнічала ў пазамінулых (2020 г.) сфальсіфікаваных выбарах. Тыя выбары, якія цяпер палітычна і юрыдычна неактуальныя, былі сфальшаваныя і ніхто ня быў абраны; дакумантаў аб галасаваньні не існуе. Лукашэнка ўзурпаваў уладу, а група паражэнцаў у якасьці палітычнай псэўдаэліты за мяжой, ня маючы пад сабой нічога, акрамя зьнешняга фінансаваньня, -- узурпавалі дэзінфармацыю і гэтак жа, як Лукашэнка, паўтараюць выдумку аб абраньні і легітымнасьці (маюцца на ўвазе неактуальныя выбары 2020 г.). Фальшыўку Лукашэнкі падтрымлівае Масква. Фальшыўку групы паражэнцаў падтрымлівае Брусэль.
У беларускім палітычным полі рэальным палітычным капіталам і рэальнай гістарычнай легітымнасьцю цяпер валодаюць толькі Дэпутаты Незалежнасьці (дэпутаты БНФ), тыя дэпутаты Народнага Фронту ў парляманце, якія рэальна выбраныя народам, якія рэальна здабылі Незалежнасьць Беларусі, рэальна дамагліся спыненьня дзейнасьці Камуністычнай партыі ў Беларусі, рэальна стварылі асноўнае заканадаўства дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь, рэальна адкрылі праўду пра Чарнобыльскую катастрафу, рэальна здабылі ўлікі для суду над Расеяй за генацыд Беларускага народа ў 1920-1940-х гадах (Курапаты), рэальна дамагліся стварэньня Беларускага войска, беларускіх грошай, нацыянальнай фінансавай сістэмы, усталяваньня дзяржаўнай нацыянальнай сымволікі, канстытуцыйнай дзяржаўнасьці Беларускай мовы, беларускай школы і ўсяго іншага, на чым трымаецца існаваньне нашай дзяржавы -- Рэспублікі Беларусь.
Дэпутаты Незалежнасьці, якія засталіся ў Беларусі, якія прайшлі праз арышты і вязьніцу цяпер, ва ўмовах рэпрэсій, ня маюць магчымасьці праводзіць актыўную палітычную дзейнасьць. За мяжой Беларусі знаходзяцца і дзейнічаюць дэпутаты БНФ Юры Беленькі, Зянон Пазьняк, прысутнічаюць іншыя патрыёты Беларусі.
Мы, Дэпутаты Незалежнасьці, усьведамляем свой палітычны грунт, сваё палітычнае права на вырашэньне пытаньняў уратаваньня Айчыны і сваю адказнасьць перад гісторыяй і народам. Нягледзячы на навакольную псэўда-мішуру і фальшывасьць, будзе так, (і было так) як кажуць і робяць патрыёты і беларускія нацыянальныя барацьбіты. Кожны беларус можа дапамагчы Бацькаўшчыне ў цяжкі час.
Беларусы, якія здольныя да дзейнасьці, да палітыкі і да стварэньня, тыя, ў якіх ёсьць воля, нацыянальная годнасьць і Беларусь у сэрцы, яднаймася вакол Беларускай нацыянальнай ідэі і барацьбы за свабоду Айчыны, вакол каштоўнасьцяў Беларускай нацыі, яе культуры, гісторыі і змаганьня за волю і незалежнасьць.
7 травень 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК