top of page

Нізкі сьвет

Перажываем час, калі інфармацыйнае поле (якое ў асноўным ў Сеціве) пагрузілася ў твань, ілжу і змрок. Я гляджу толькі афіцыйныя інфармацыйныя каналы. Астатняе ўвогуле можна не глядзець. Магчыма, толькі кантрольная прабежка па некалькі хвілінаў, каб пераканацца, што нічога не зьмяняецца.

Гэтак я выбарачна праглядзеў 15 хвілінаў больш чым двухгадзіннай гаворкі паміж двума цёмнымі пэрсанажамі (Пратасевічам і Сабчак). Мяне зацікавіла, навошта Масква наладжвае гэты чартоўскі паказ зь бесамі, калі ўсё вядома і ўсё зразумела.

У мяне склалася ўражаньне (асабліва ў сувязі з цяперашнімі рэпрэсіямі беларусаў), што ФСБ рыхтуе паўторнае выкарыстаньне свайго агента ў мадэльнай ролі подлых паводзінаў, якім будзе нададзены флёр пакутніцтва і трагедыі нібыта прыстойнага чалавека, які зламаўся як бы дзеля магчымасьці рэалізацыі свайго будучага жыцьця і добрага існаваньня. З Пратасевіча зьбіраюцца зрабіць ўзор для разуменьня (а ў падсьведамасьці -- для перайманьня).

Мяне засёды зьдзўляў гэты выраблены сатанінскі гэбоўска-маскоўскі ўзровень пранікненья ў душу подлага чалавека і падпарадкаваньня яго сваім інтарэсам. Гледзячы па камэнтарах, стварэньне мадэлі часткова ўдалося. Шмат хто -- шкадуюць, спачуваюць, падтрымліваюць "гуманна" пададзеную нікчэмнасьць. А Сабчак! Якая рафінаваная ведзьма ў гэтай карціне. Якое вырабленае валоданьне тэхнікай допыту. Глядзець гэтую карціну проста так нікаму ня раіў бы. Адчуваньне ліпкай брыдоты.


х х х


Існаваньне ў палітыцы за мяжой прарасейскай "невераятнай" публікі зь Беларусі (якую замежнікі называюць "апазыцыя") -- гэта ёсьць вырабленае жыцьцё па ілжы. Адчыняем на "юцюбе" відэа-старонку нямецкага бульварнага часопіса БІЛЬД. Там журналістка, не міргнуўшы вокам, кажа, зьвяртаючыся да мільённай аўдыторыі: "У нас у студыі выбраны прэзыдэнт Беларусі ... Сьвятлана Ціханоўская". І так паўсюдна. Гэтая фантасмагорыя, "выбраны прэзыдэнт", ужо прыпячатана ў мазгі эўраабыватэля, і журналістка нават ня ведае, што хлусіць.

Далей упэўнена хлусіць Ціханоўская. Мне людзі далі мандат не на пяць гадоў, -- кажа яна, -- "людзі далі мне мандат да таго моманту", калі можна будзе арганізаваць свабодныя і чэсныя выбары. А выбары 2025 года чэснымі ня будуць (Гэта значыць, што яна хоча заставацца ў аплочанай прывычнай ілжы з прыдуманым "мандатам" назаўсёды і т. п. -- (https://www.youtube.com/watch?v=VMmMsy_LDT8 ). Кажучы тэрміналёгіяй эўрапалітыкаў, "дэфіцыт маральнасьці" павялічваецца.

Беларусы ведаюць, што ніякага "мандату" Ціханоўская ня мае, ніякага мандату да "чэсных выбараў" ёй тасама ніхто не даваў і няма ніякіх фактычных і юрыдычных доказаў, што яе ўвогуле выбралі. Міжнародная супольнасьць засьведчыла, што рэальна з-за фальсіфікацыяў выбары ў 2020 годзе ў Беларусі не адбыліся. Нікога рэальна ня выбралі. Лукашэнка ўзурпаваў уладу.


х х х


У гэтыя ж дні, я прачытаў наступнае: "Сьвятлана Ціханоўская атрымала прэстыжную ўзнагароду Schwarzkopf Europe Award за "значны ўнёсак у абарону міру, свабоды і адзінства ў Эўропе". "Значны ўнёсак", аказваецца. І гэта ня жарт.

Але хай тое нікога не зьдзўляе. Абама, стаўшы прэзыдэнтам ЗША, адразу атрымаў Нобэлеўскую прэмію авансам (так і было адзначана), яшчэ нічога не нарабіўшы (і не адрабіўшы потым), але будучы толькі сваім леваком.

Сярод гэтай палітычнай мэнтальнасьці прэміі часта выкарыстоўваюцца як падачкі за служэньне, як дармовая інвестыцыя за службовую лаяльнасьць. Такіх выпадкаў процьма. Гэта левае правіла. Успомніце ўсялякіх спадароў Мілінкевічаў, Процек ці "примкнувшего к ним" Некляева і т. п. (фраза знакамітая ў СССР).

І яны, і Ціханоўская зьнешне рабілі бачнасьць, ілюзію нейкай нібыта дзейнасьці, тым часам для некаторых і таго ня трэба было.


х х х


Раней я пісаў пра такую штучна "надзьмутую зьяву", як Марыя Калесьнікава, якая ў 2020 годзе прамільгнула пару месяцаў ў прарасейскай групе В. Бабарыкі. Узурпатар, учапіўшыся за ўладу, пасадзіў яе разам з Бабарыкам у турму і з таго часу хвалямі не сьціхае арганізаваны фальшывы вэрхал пра "рэвалюцыянерку Машу". (Мэтад стварэньня штучных "маякоў" добра вядомы ў палітыцы і прапагандзе.)

Я зірнуў у Вікіпедыю. Калесьнікава там ёсьць, прытым лаўрыятам "прэстыжных прэміяў", якімі перагнала нават Ціханоўскую, Бабарыку і ўсіх іншых імітатараў і "невераятных"). За адзін 2021 год у яе шэсьць (!) прэміяў (плюс дзьве за чатыры месяцы 2020-га). Выглядае фантастыкай. (Выдрук "узнагародаў" "Машы" зь "Вікіпедыі", думаю, зьдзівіць шмат каго):


Прэмія імя Андрэя Сахарава (2020)

Прэмія імя Марціна Лютэра «Бясстрашнае слова» (2020)[28]

Прэмія фонду Герхарта і Рэнаты Баўм у галіне правоў чалавека (2021)[29]

Прэмія імя Льва Копелева(de) за мір і правы чалавека (2021)[30]

Штутгарцкая прэмія міру(fr) (2021)[31]

Міжнародная жаночая прэмія за адвагу(uk) (2021)[32]

Прэмія імя Фрытца Цзокліча(pl) (2021)[33]

Прэмія правоў чалавека імя Вацлава Гаўла(pl) (2021)[21]


Адказу на пытаньне навошта зь невядомай непалітычнай асобы ўпарта раскручваюць рэвалюцыянера, лідэра і дзеяча, адказу пакуль няма. Можна, аднак, здагадацца, хто ўсё тое штурхае, калі ўважліва аналізаваць мэтады КГБ-ФСБ. Магчыма, сапраўды тут ствараецца запасны варыянт на выпадак выпрацоўкі і зыходу са сцэны С. Ціханоўскай. Само зьяўленьне Ціханоўскай зь ніадкуль было зроблена па такім сцэнары.

Выглядае тое праўдападобна і больш таго -- яно, магчыма, якраз сыграла з Калесьнікавай дрэнны паварот, калі скончыліся "фітнэс і кава", пачаліся хваробы і зьнікненьне яе з поля зроку. Гэтая зьява даволі злавесная, бо хутчэй за ўсё зьвязана з псіхічнымі асаблівасьцямі Лукашэнкі (пра якія ня ўсе ведаюць). Калі коратка -- Лукашэнка, відаць, зразумеў (можа нават яму "доложили"), пра тое, што з Калесьнікавай робяць "падставу". Лішнія клопаты дыктатару не патрэбныя. Улічыць трэба яшчэ і асаблівы склад псіхікі ўзурпатара (тут яно галоўнае). А гэта значыць, што гэтую жанчыну з турмы наўрад ці выпусьцяць. Здаецца, яна падвойна стала ахвярай фальшывай палітыкі, якая працягваецца.


16 кастрычнік 2024 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page