Дарагія землякі, паважаныя Беларусы. У цяжкім часе віншую нас усіх з надыходзячым Новым 2023-м годам. Хай шчасьціць усім добрым людзям.
2022 год быў для нас неспрыяльны. Унутраная прамаскоўская акупацыя зьмянілася зьнешняй акупацыяй. 17-га студзеня, пры здрадніцкіх паводзінах Лукашэнкі, Расея ўвяла свае войскі ў Беларусь пад відам вучэньняў і акупавала краіну. Узмацнелі рэпрэсіі супраць беларусаў, якія працягваюцца з 2020 года. З тэрыторыі акупаванай Беларусі расейскія агрэсары напалі на Украіну і ўвесь час хочуць уцягнуць Беларусь у сваю злачынную вайну супраць украінцаў.
2022 год быў годам цярпеньня нашага народа і вялікіх нацыянальных страт, такіх вялікіх, якія ацэньваюцца намі як трэці ў нашай гісторыі вынішчальны "Патоп". Ворагамі разбурана і зьнішчана беларуская грамадзянская супольнасьць. Ліквідавана больш за 1100 грамадзкіх арганізацыяў. Сотні тысячаў беларусаў выгнаны за мяжу ў эміграцыю і ўцякацтва, ліквідаваныя беларускія школы і вольны друк, разбураны мастацкая і пісьменьніцкая арганізацыі, ліквідаваная трупа Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, забароненыя беларускія кнігі ў бібліятэках, усё нацыянальнае беларускае аб'яўлена экстрэмісцкім і, фактычна, апынулася па-за законам; міліцыянеры і гэбісты акупацыйнага рэжыму кідаюцца на вуліцах на гук беларускай мовы, хапаюць людзей і кідаюць за краты. Турмы перапоўненыя беларусамі, якіх там б'юць, калечаць, катуюць, забіваюць на сьмерць, адзначаюць жоўтымі латкамі на адзеньні для распазнаньня; тысячы палітычных вязьняў увязьнены незаконна за колер вопраткі, за беларускую кнігу, за фатаграфію Беларускага сьцяга, за "падабайку" ў Інтэрнэце, за чытаньне беларускіх рэсурсаў, за словы "Жыве!" і "Люблю Беларусь!", за любую прыдуманую прычыну, каб схапіць беларуса і апраўдаць разбой.
Рэпрэсіі, расправы і пацыфікацыя вольных беларусаў, генацыд, што праводзіць акупацыйны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, рэальна падтрымлівае эўра-маскоўскай палітычная мафія. Беларускі народ, што паўстаў у 2020 годзе, які зараз вынішчаюць акупанты, пастаўлены ў сьвеце ў становішча ізгоя. Тысячы беларусаў, што змагаліся з антыбеларускім рэжымам, якім удалося ўцячы ад сьмерці і турмы за мяжу ў Эўропу, пазбаўлены там асноўных правоў. Яны ня могуць адчыніць рахунак у банку, іх не бяруць на працу, не даюць вучыцца ва ўнівэрсітэтах толькі за тое, што яны беларусы, абмяжоўваюць іхныя пераезды праз мяжу, адносяцца непрыхільна. І самае варожае і несправядлівае тое, што супраць змагарнага беларускага народа ўведзены эканамічныя санкцыі пад відам таго, што гэта санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Толькі церпіць ад гэтых санкцыяў беларуская эканоміка, беларускі гандаль, інфраструктура і беларускі народ, але не антынародны рэжым і не Лукашэнка, які ў адказ на санкцыі цалкам прадаўся Маскве і ўпусьціў у Беларусь расейскія акупацыйныя войскі, што цягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
Вось вынік эканамічных санкцыяў палітычнай мафіі, даўно выбудаванай па восі Парыж-Бэрлін-Масква. Вось вынік сэрвільных паводзінаў агентурнай групоўкі, створанай Газпрамам і ФСБ, што прыкрываецца фіктыўнай фігурай Ціханоўскай і па сёньняшні дзень гукае за эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі.
І цяпер пытаньне, якое паўтараюць шмат дзе: як вызваліць палітзьняволеных у Беларусі, увязьненых незаконна ў той час, калі адбылася акупацыя краіны, працягваецца генацыд народа і антыбеларускі рэжым падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны? Адказаць на гэтае пытаньне ня ў стане ні Эўразьвяз, ні агентурная групоўка пад шырмай Ціханоўскай, бо яны самы прычыніліся да дыскрымінацыі беларусаў у міжнародным маштабе.
Дзеля вызваленьня палітвязьняў у Беларусі ёсьць два шляхі. Адзін шлях гіпатэтычны і магчымы. Гэта ліквідацыя ўлады антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі воляй і дзеяньнем народа Беларусі і яго арганізацыяў.
Другі шлях -- рэальны, але ён ня будзе ажыцьцёўлены. Гэты шлях, улічваючы вайну, вымагае папярэдняй ваеннай дыпляматыі. Эўразьвяз павінен адмяніць усе шкодныя для народа эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і спыніць дыскрымінацыю беларусаў ва ўсім сьвеце. Да беларусаў, што ўцяклі ад акупацыі, рэпрэсіяў і генацыду, трэба пачаць адносіцца гэтак жа добра, як да цяперашніх уцекачоў-украінцаў і як да ўцекачоў-палякаў за часы ваеннага стану і дыктатуры Ярузэльскага. Гэта значыць -- адносіцца прыхільна і з палёгкамі ва ўладкаваньні за мяжой. Астатнія дачыненьні з рэжымам Лукашэнкі -- гэта пытаньне дыпляматыі, палітычнай тэхналёгіі і палітычнай волі.
Зразумела, што такое ня будзе зроблена, бо яно супярэчыць "спэцыяльнай эўрапалітыцы". "Прагматычная эўрапалітыка" і надалей будзе душыць беларускі народ эканамічнымі санкцыямі, заганяць рэжым Лукашэнкі пад Пуціна і адначасна фальшыва патрабаваць вызваленьня палітвязьняў, даючы мільёны грошай для агентуры пад Ціханоўскую, каб яны таксама працягвалі патрабаваць ўзмацненьня санкцыяў і блакады акупаванай Беларусі, дзе шалеюць рэпрэсіі.
Гэтае маё навагодняе пасланьне адкрытае і канкрэтнае. Я маю маральнае і палітычнае права дзеля такога канкрэтнага звароту, бо валодаю палітычным капіталам, які рэальна і даўно існуе.
Палітычны капітал -- гэта тое, што рэальна ўвасоблена ў жыцьцё ў выніку палітычных дзеяньняў асобы; гэта тое, што рэальна ёсьць, што вызначыла і вызначае статус-кво і адносіны ў грамадзтве.
У Беларусі ёсьць дзьве асобы, якія валодаюць палітычным капіталам, адлюстраваным у грамадзтве. Гэта Аляксандар Лукашэнка, які сканцэнтраваў каласальны адмоўны палітычны капітал шкоды і разбурэньня нацыі, стварэньня структуры і сістэмы дэгенератыўнага існаваньня супольнасьці і дзяржавы.
Станоўчы палітычны рэсурс (капітал) зьвязаны з маёй дзейнасьцю, належыць мне і Дэпутатам Незалежнасьці, зь якімі дзейнічалі разам. Гэта ёсьць рэальнасьць. Яна ўвасоблена ў зьяўленьні і існаваньні незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, у стварэньні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", у ліквідацыі камунізму ў Беларусі, у адкрыцьці Курапатаў і стварэньні Народнага Мэмарыялу Курапаты, у праўдзе пра Чарнобыль, у дэмакратычным заканадаўстве Беларусі 90-х гадоў і інш. Усё гэта рэальна існуе і ўплывае на жыцьцё ў грамадзтве.
Рэшта -- тое, што плавае ў так званай псэўдаапазыцыйнай палітыцы за апошнія 28 гадоў, -- гэта суперніцтва фікцый. Фікцыямі ня зроблена, ня сцьверджана, не ўсталявана нічога станоўчага ў беларускім грамадзтве.
Падрэжымная псэўдаапазыцыя не была нацыянальнай. І не была самастойнай. І ня ёсьць такой цяпер, перамясьціўшыся за мяжу.
Тут я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў. Акупацыя і вайна ставяць вызваньні, якіх не было раней. І перш за ўсё, -- аб нашых нацыянальных каштоўнасьцях і аб адзінстве нашага народа перад абліччам чужой навалы і магчымай чужой вайны.
Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў: і да тых, што ў турмах, і да тых, што па-за турмой, да тых, хто яшчэ спадзяецца на існуючую ўладу, на Лукашэнку, на суды і міліцыю, і да тых, хто на гэта не спадзяецца, але ня ведае, што будзе далей.
Галоўнае -- не разгубіцца. Цяжка, але мы ёсьць. Памятайма, што Беларусь у нас адна, гэта наша Маці-Краіна. Беражэм яе моцна.
Памятайма пра веліч нашай гісторыі, пра Вялікае Княства Літоўскае -- нашу гістарычную дзяржаву. Памятайма пра нашых вялікіх людзей, вялікіх беларусаў, асьветнікаў і паэтаў, ваяроў і палітыкаў. Памятайма пра мільёны забітых і загіблых у войнах і ў часы генацыду. Памятайма пра герояў і пра нашых сьвятых.
Любем, шануем нашу вялікую Беларускую Мову. Воляй нядобрых абставінаў мы гаворым на мове ня нашай, але памятайма, што нашая мова, якую ворагі хацелі забіць, нашая мова ёсьць Беларуская, і толькі мы, беларусы, зможам яе нам вярнуць.
У часы ліхалецьця, акупацыяў і вайны падзелы, супярэчнасьці і нязгоды людзей ня маюць ужо такога значэньня. Абараняць і берагчы трэба ўсіх сваіх, усіх беларусаў, усіх грамадзян Беларусі. Гісторыя наша нас таму навучыла.
Дык няхай жа гэты Новы Год, што ідзе ў трывожным часе, хай выйдзе на добрае для ўсіх беларусаў, прынясе шчасьце нашым людзям і нашай краіне -- дарагой Беларусі.
З Новым Годам! Жыве Беларусь!
31 сьнежань 2022 год.
Зянон ПАЗЬНЯК
Comentarios