top of page

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПАМЯЦЬ ЖЫВЫХ

  • 2 hours ago
  • 2 min read

Украінцы шануюць памяць сваіх загінулых ваяроў. На Сьцяне памяці ў Кіеве дзясяткі тысячаў фатаграфіяў тых, хто аддаў жыцьцё за вольную Украіну. Загінулыя героі глядзяць на нас тысячамі адчыненых вачэй, нібы з таго сьвету, і гэта сьціскае сэрца.

У канцы сьцяны пад Бел-Чарвона-Белымі сьцяжкамі ёсьць некалькі фатаграфіяў загінулых беларусаў (фота 1). Беларускай сьцяны памяці яшчэ не існуе (загінула шмат). Ёсьць два пахаваньні побач з магіламі ўкраінцаў на могілках у Кіеве (фота 2 i 3).

Тут пахаваны ваяр пад пазыўным "Мінск". У часе бою ён выратаваў жыцьцё іншаму беларускаму ваяру пад пазыўным "Ювелір". Проста засланіў моцна параненага "Ювеліра" сваім целам. Кулі прабілі "Менску" артэрую, і ён сканаў ад хуткай страты крыві. "Ювелір" выжыў, перанёс 90 апэрацыяў па ўратаваньню раздробленага бядра, ходзіць на мыліцах увесь ў мэталёвых хірургічных шрубах, клямарах і закрутах, радуецца жыцьцю і шануе памяць свайго загінулага выратавальніка.

Тут жа побач магіла беларускай дзяўчыны па прозьвішчу Зайцава. Над магілай "Мінска" яна сказала, што хацела б быць пахаванай каля яго. Неўзабаве яна загінула, і сталася, як казала.

Ёсьць ўражлівы мэмарыял каля сяла Машчун, дзе сярод загінулых герой Украіны беларус Аляксей Скобля ("Тур"). Вось што пішуць украінцы пра гэтае месца (фота 4).

Аляксея Скоблю параніла ў часе бою. Маскалі напіралі. Іх было шмат. Украінцам трэба было адыходзіць на запасныя пазыцыі. І тады Аляксей вырашыў застацца і прыкрываць адыход пабрацімаў. Ваяры адышлі жывымі. Аляксей прыкрываў да апошняга і быў забіты ворагамі. Са 118 абаронцаў Машчуна жывымі засталіся 57.

У мэмарыяле ёсьць асобнае пахаваньне і памятны знак Аляксею Скоблю і той акоп, у якім ён абараняў адыход ваяроў і ў якім загінуў (фота 5).

Па мэмарыяльным увекавечваньні памяці Аляксея салідарную ініцыятыву праявіла Алена Жаркевіч -- знаная валанцёрка -- і "Беларуска-Украінскі валанцёрскі цэнтр "Сустрэча", у якім яна дзейнічае.

Наперадзе ў беларусаў (ва ўсіх беларусаў) вялікі мэмарыяльны абавязак -- Сьцяна памяці загінулых ваяроў-беларусаў. Гэта трэба тым, што загінулі, і тым, што жывуць.


Зянон Пазьняк

2 жнівень 2026 г.



 
 
Anchor 1

© 2025 by BNS Volnaya Belarus

bottom of page