top of page

Зянон Пазьняк: Рэпліка да пытаньня аб нешанавальніках дзяржавы Рэспублікі Беларусь

Што б ім ні казалі, што б ні пісалі, што б ім ні тлумачылі, якая б ні была рэчаіснасьць, але ненавісьнікі дзяржавы паўтараюць толькі бясконца сваё: "Санкцыі! Эканамічныя санкцыі на ўсё! Спыніць чыгуначны рух, спыніць перавозкі, заблакаваць неба, чыгунку і дарогі! Абваліць Лукашэнку разам з эканомікай! (Разумей – разам зь Беларусяй!). Бамбаваць Мазырскі МПЗ і беларускія заводы -- заклікаюць Украіну і ўвесь сьвет ярыя "дэмакраты" і ненавісьнікі беларускай дзяржавы.

 Тлумачу ўсім простай мовай. Гэта ёсьць элемэнтарны прыём расейскага ФСБ па зьнішчэньні Беларусі рукамі і языкамі сваіх "дэмакратычных" агентаў уплыву (і ня толькі ўплыву). Дэкляруецца пэрсаніфікаваная нянавісьць да Лукашэнкі і да рэжыму (хто ж супраць), але пад гэтую пазыцыю "барацьбы" супраць здрайцы Лукашэнкі падводзяцца шкода для народа і дзяржавы Беларусі. Б'юць рытарычна нібыта па Лукашэнку і па рэжыму Лукашэнкі, але ў сапраўднасьці па эканоміцы і па нацыянальных інтарэсах дзяржавы, каб нішчыць Беларусь. Гэтым тлумачыцца поўная глухата палітычнай агентуры на довады права і на рэчаіснасьць і бесканечныя заклікі да шкодных санкцыяў і да зьнішчэньня эканомікі дзяржавы. (Галасы агітатараў за разбурэньне Беларусі не сьціхаюць, яны вяшчаюць кожны дзень, ужо вушы абабілі сваёй гамэрняй.)

 Зь іншага боку такая прапаганда пераключае ўвагу людзей ад галоўнага ворага Беларусі -- ад расейскага мордара, ад Масквы і Пуціна на расейскага халуя Лукашэнку і робіць зь яго галоўную прычыну антыбеларускай палітыкі, што нібыта можна вызваліць Беларусь, ліквідаваўшы ўладу прамаскоўскага сатрапа. Але ж мордар застанецца з усёй сваёй агрэсіяй і палітыкай. Дык зразумела на які палітычны ўзровень разьлічана крывая прапаганда.

 Практычна, тут працуюць цэлыя квазі-структуры якабы антылукашысцкай апазыцыі і разносяць гэтую самазабойчую палітычную атруту па ўсім сьвеце, не вылазячы зь Юцюба і замежных сталіц. Самае шкоднае тое, што гэтае зло, маючы СМІ і уплыў на СМІ, забясьпечвае сабе аўдыторыю, як некалі (пры падтрымцы Масквы) такое ж самае зло забясьпечвала тое Лукашэнку. Парадыгма паўтараецца, але сітуацыя іншая.

 Ідзе вайна. Там, на франтах Украіны, вырашаецца будучыня Усходняй Эўропы. Але не ў гаварыльні «юцюбаў», не ў заклапочанасьці палітычных «інтэрв“юці».

 Усе на дапамогу Украіне! Усё дзеля перамогі Украіны! Усё на дапамогу палку Каліноўскага і беларускім збройным фармаваньням!

 Ніжэй я даю вытрымкі з інтэрнэт-партала Свабода, якія адлюстроўваюць бачаньне сітуацыі ўкраінцамі, сітуацыі, якая вымоўна паказвае шкодную нікчэмнасьць дыверсіі арганізаваных "капальнікаў" нібыта супраць Лукашэнкі, але з заклікам біць па Беларусі.

 Цытата: "Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк патлумачыў пазыцыю Кіева адносна магчымасьці наносіць удары па беларускіх аб’ектах на тэрыторыі Беларусі.

 Падаляк: — Яшчэ раз падкрэсьліваю, міжнароднае права адназначна тлумачыць, што Ўкраіна можа зьнішчаць усю інфраструктуру забесьпячэньня вайны як такой. Прычым ня толькі на акупаваных тэрыторыях, але і ўнутры самой Расеі. Мы лічым, нафтаперапрацоўка Расейскай Фэдэрацыі наўпрост удзельнічае ў забесьпячэньні войска агрэсара.

 Што тычыцца краін, якія прадаюць і дазваляюць Расеі атрымліваць штосьці, яны ўсё ж такі наўпрост юрыдычна ня ўдзельнічаюць у вайне. Давайце будзем абʼектыўныя. Яны так ці інакш дазваляюць Расеі абыходзіць санкцыі. Некаторыя гандлююць непадсанкцыйнымі прадуктамі. У рамках міжнароднага права разглядаць гэта як забесьпячэньне вайны як такой немагчыма, таму давайце падзелім. У гэтым выпадку той жа Беларусі хутчэй можна даваць маральна-этычную адзнаку.

 Мы не наносім удараў па іншых краінах. Мы наносім удары толькі па расейскай акупацыйнай групоўцы на акупаваных тэрыторыях і па абʼектах забесьпячэньня, якія забясьпечваюць гэтую акупацыйную групоўку і забясьпечваюць яе магчымасьць праводзіць агрэсіўныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны. Усё гэта датычыцца Расеі." (https://www.svaboda.org/a/32912927.html).

 Растлумачана проста, як было таксама намі растлумачана ня раз. Нарэшце, спыніцеся драні і нешанавальнікі Беларусі. Нічога ў вас не атрымаецца. Беларусь была і будзе вольнай харошай краінай. Мы зьберажэм яе і разам з Украінай пераможам маскоўскае зло.

23 красавік 2024 г.

Зянон Пазьняк

Anchor 1
bottom of page